Фота года кожны дзень

Захапленне сэлфі ў сучасным глабалізаваным свеце набыло характар павальнай катастрофы. Сёння цяжка знайсці чалавека, які не адпраўляў бы хоць раз сваё фота ў “Твітар”, у іншыя сацыяльныя сеткі, на форумы ці чаты. Сэлфі для многіх — гэта нявінная забава, для некаторых — папулярнае хобі, нават ёсць тыя, для каго гэта сэнс жыцця. Пры гэтым сярод спецыя­лістаў часцей гучаць галасы аб тым, што сэлфі — гэта род псіхічнага расстройства. Так, Амерыканская псіхіятрычная асацыяцыя афіцыйна называе сэлфі абсесіўна-кампульсіўным расстройствам, якое характарызуецца па­стаянным жаданнем фатаграфаваць сябе і выклад­ваць здымкі ў сацыяльныя сеткі, каб кампенсаваць адсут­насць самапавагі шляхам набору вялікай колькасці лайкаў і папоўніць дэфіцыт станоўчых эмоцый.


Сэлфі (ад англ. self — “сам”, “сябе”, “асабіста”) — разнастайнасць аўтапартрэта, калі чалавек фатаграфуе сам сябе з выцягнутай рукі часцей за ўсё на мабільны тэлефон. У 2013 годзе Оксфардскі слоўнік прызнаў “сэлф­і” словам года.

Ці так ужо ўсё выглядае бяскрыўдна або апасенні навуковых экспертаў у гэтай галіне цалкам апраўдваюцца. Сапраўды, псіхолагі сцвярджаюць, што пры дапамозе сваіх фота чалавек можа задаволіць псіхалагічны голад у пошуках самаідэнтыфікацыі як у рэальным жыцці, так і ў віртуальнай прасторы. Цікава, што чалавек часцей робіць сэлфі, калі жыве прыгожым і насычаным жыццём, і рэдка — у нешчаслівыя, панылыя моманты жыцця.

Абаронцы сэлфі лічаць, што гэта шлях да вылечвання чалавека, прымірэнне з усімі сваімі недахопамі і заганамі, якое дазваляе жыць адкрыта і дэманстраваць сябе. Безумоўна, рост папулярнасці сэлфі звязаны з інфармацыйным бумам, развіццём масмедыя і віртуальных сетак, мабільных тэхналогій. Але ж глыбінная прычына апантанасці сэлфі схавана ў самой чалавечай прыродзе. І гэтаму ёсць цалкам рацыянальнае тлумачэнне.

Патрэба ў ідэнтычнасці — спецыфічная чалавечая асаблівасць. Пошук індывідам сваёй ідэнтычнасці абумоўлівае яго асобасную мнагамернасць, расшчэпленасць, экзістэнцыяльны неспакой, прынцыповую незададзенасць у свеце. У сувязі з гэтым дарэчы ўспомніць словы Э.Фрома, які заўважыў, што “чалавек — гэта жывая істота, якая ўсведамляе сябе як самастойную велічыню і здольная сказаць “Я”. У адрозненне ад жывёлы, якая растворана ў прыродзе, не ўсведамляе сябе, а таму не мае патрэбы ў саматоеснасці. Чалавек вырваны з прыроды, надзелены розумам і фантазіяй, ён павінен сфарміраваць уяўлен­не аб самім сабе, павінен мець магчымасць гаварыць і адчуваць: “Я ёсць я”.

Такім чынам, ідэнтычнасць — паняцце, якое асноўвае быццё чалавека. Сэлфі — спроба знайсці сваю ідэнтычнасць, стварыць новыя вобразы свайго асабістага “Я”, вызначыць і перавызначыць ужо сфарміраваную думку пра сябе. Такім чынам, робячы сэлфі, чалавек фарміруе выказванне пра сябе. Антраполаг Джэніфер Оўлет, аўтар кнігі Me, Myself, and Why: Searching for the Science of Self (“Я: пошук навукі самапазнання”), лічыць сэлфі віртуальным аналагам матэрыяльных татэмаў у першабытных грамадствах. Мэта іх — сінтэзаваць унутраны свет са знешнім. Гэта адна з форм асабістага перформанса, заява аб самаідэнтычнасці, магчымасць упакаваць сябе і свой свет у правільную абгортку, нават калі ў рэальнасці ўсё па-іншаму. Але ж з асколачных вобразаў свайго “Я”, адлюстраваных на фотаздымках, цэлую карцінку з духоўным зместам не выбудуеш. “У свеце ўсёпераможнай рэкламы і татальнага маркетынгу чалавек пачынае лі­чыць сябе сацыяльным таварам, сам, часта не заўважаючы, шукае магчы­масць “пра­даць” сябе грамадству”.

На думку псіхолагаў, існуюць чатыры прычыны, якія прымушаюць людзей рабіць сэлфі. Давайце азнаёмімся з кожнай падрабязна.

Першая прычына — магчымасць для самавыяўлення. Яна абумоўлена тым, што не ўсе здольны цалкам раскрыць асабістую прастору для пабочных, але іншы раз зрабіць гэта вельмі хочацца. У гэтым выпадку камера мабільнага тэлефона дазваляе паказаць свету свае асаблівасці. Сэлфі выступае ў якасці пасрэдніка. Мэтай чалавека становіцца не канкрэтная рэакцыя, а непасрэдна яе наяўнасць. Яму прыемна, што іншыя людзі звярнулі ўвагу на яго ўнутраны свет. Нават калі праяўленне гэтай увагі адсутнічае, з’яўляецца фантазія, верагоднасць таго, што нас заўважылі. Кожны чалавек стварае ўласную віртуальную прастору, у рамках якой ён існуе. Але рэальны свет выглядае багацейшым і больш насычаным. Сэлфі дазваляе ўпусціць ва ўнутраны свет частку знешняга, тым самым пашырыць яго, зрабіць больш шматгранным. Фотаздымкі таксама развіваюць і творчы патэнцыял. Любое фота, нават самае простае, уключае тэму, паказ, ідэю і рэалізацыю. Для стварэння гэтага неабходна творчае намаганне. Уласны сеткавы вобраз — гэта заўсёды штосьці новае, непаўторнае. Нават калі сэлфі з’яўляецца часткай флэш-мобу, у ім усё роўна будзе прысутнічаць творчы элемент.

Другая прычына — магчымасць прадэманстра­ваць фальшывае “Я”. Не заўсёды мэтай фота­здымкаў з’яўляецца імкненне падзяліцца з іншымі людзьмі сваім унутраным светам. Другая прычына раскрывае, што ж яшчэ можа хавацца за аўтапартрэтамі.

Ствараючы фотаздымкі, мы быццам ствараем несапраўднае “Я”, парадыйнае. Мы быццам іграем іншую ролю самога сябе. Мы ствараем вобраз, які хочам паказаць публіцы. І неабавязкова фотаздымкі будуць ідэальнымі — можна рабіць сэлфі без макіяжу, спрасонку, у забаўнай сітуацыі. Але сэлфі заўсёды будуць упісвацца ў асаблівы трэнд. Людзі выклад­ваюць тое, што яны лічаць стыльным. Пабудова вобраза будзе грунтавацца на чаканнях нашага акружэння, на ўяўленнях аб нашай індывідуальнасці. Падобны прынцып згадваў псіхааналітык Дональд Вінікот пры апісанні дзіцячага фальшывага “Я”. Ён гаворыць аб тым, што дзіця стварае аналаг свайго “Я”, паводзіны якога больш спадабаюцца маці. Аднак фарміраванне несапраўднага “Я” тармозіць працэс развіцця сапраўднай асобы.

Трэцяя прычына — магчымасць сказаць: “Я існую”. Людзям неабходна заявіць свету пра сябе, і на дапамогу прыходзяць фота ў стылі сэлфі. Фотаздымкі — гэта спосаб расказаць пра сябе, абазначыць сваю прысутнасць. Адказ на нашу заяву — гэта лайкі ці каментарыі пад фотаздымкам. Тут таксама можна правесці аналогію з псіхалогіяй маленькіх дзяцей. Яны пазнаюць свет праз сувязь са сваёй маці. Калі маці не звяртае ўвагі на дзіця, то яму здаецца, што свет адвярнуўся ад яго. Калі падобная сітуа­цыя ўзнікае ў сталым узросце, то гэта прычына, каб задумацца. Чалавек спрабуе звярнуць увагу свету на ўласную асобу, апасаючыся, што свет ад яго адвярнуўся. Гэта можа стаць прычынай залежнасці ад лайкаў. Без іх мы пачынаем сумнявацца ў сваёй самадастатковасці.

Чацвёртая прычына — адсутнасць сапраўдных перажыванняў. Для апісання апошняй прычыны варта крыху пафантазіраваць. Напрыклад, чалавек, які страчвае розум ад сэлфі, сустракае сапраўднае каханне. І гэтыя адносіны ў хуткім часе стануць больш важнымі, чым выкладванне фотаздымкаў у інтэрнэт. Сеткавы вобраз адыдзе на другі план. Хаця нельга сказаць, што сэлфі — гэта штосьці дрэннае. Галоўнае — вызначыць, навошта гэта патрэбна нам самім. Магчыма, што гульні з уласным “Я” — гэта ўсяго толькі гульні. Калі не трапляць у залежнасць, калі рэалізоўваць свой творчы патэнцыял у рэальных рэчах, калі ўмець жыць сапраўдным жыццём, то ў сэлфі няма нічога дрэннага. Часта творчыя людзі выкарыстоўваюць сэлфі як інструмент для ўласнай рэалізацыі. Напрыклад, Папа Рымскі нядаўна вылажыў сэлфі, каб прыцягнуць моладзь да рэлігіі. Так ён паказаў, што хрысціянства можа быць сучасным, адкрытым і для маладых людзей. Для такіх фотаздымкаў галоўнае — гэта мяжа паміж сапраўднай асобай і прыдуманым сэлфі.

У літаратуры апісваюцца асноўныя віды сэлфі.

  • Просты. Самы масавы від сэлфі і самы просты. Для таго каб сфатаграфаваць сябе, трэба толькі выцягнуць руку і зрабіць класічнае фота.
  • “Дакфэйс”. Duckface (у перакладзе з англій­скай— “качыны твар”) — выраз твару на фотаздымках, калі губы прыкметна выпукляюцца і выварочваюцца вонкі. Пры гэтым яны становяцца падобнымі на качыную дзюбу, за што і атрымалі такую назву.
  • Са знакамітасцямі. Першапачаткова папулярнае сярод моладзі, сэлфі стала папулярным і сярод дарослых. У прыватнасці, Папа Рымскі Францыск выкладвае для сваёй 60-мільённай інтэрнэт-аўдыторыі сэлфі, на якіх ён сфатаграфаваны з наведвальнікамі Ватыкана.
  • Сэлфі ў цяжкадаступных месцах. Я думаю, прыклад, прыведзены мной, растлумачыць гэты від сэлфі лепш, чым словы. Класіка жанру: япон­скі астранаўт Акі Хасідэ сфатаграфаваўся ў разгар рамонт­ных работ на МКС.
  • Сапраўдны твар. Жаночы жанр сэлфі: фотаздымак, як правіла, робіцца раніцай, калі на заспаным дзявочым тварыку няма і кроплі макіяжу. Папулярны і сярод знакамітасцей, якія таксама сталі масава фатаграфаваць сябе без грыму (ці, наадварот, у касметычных масках).
  • “Скотч-сэлфі”. Усё проста: людзі абкручваюць твар клейкай стужкай, скажаючы ўласныя рысы да непазнавальнасці, а потым вывешваюць атрыманую выяву ў сацсеткі, заражаючы энтузіязмам усё больш людзей.
  • Сэлфі ў сур’ёзных мясцінах. Фанаты гэтага жанру ствараюць спецыяльныя блогі, на якіх збіраюць фота­здымкі, зробленыя ў Асвенціме, Пёрл-Харбары, Чарнобылі, Мемарыяле 9/11 і г.д. У гэтай гульні самымі крутымі лічацца сэлфі на пахаваннях, асабліва знаёмых і блізкіх людзей.
  • Фітнес-сэлфі — сэлфі, зробленае ў спартзале.
  • Фэлфі, ці Farmer selfie. Хаця тэрмін мае на ўвазе фотаздымкі фермераў з жывёламі, часта ён успрымаецца як сэлфі з любімымі гадаванцамі.

* * *

Я прапаноўваю праект, накіраваны на прафілактыку сэлфі-залежнасці ў рамках школы. Яго мэта — рэалізацыя прафілактыкі сэлфі-залежнасці ў падлеткаў, мэтавая аўдыторыя — навучэнцы 9—11 класаў.

Праект разлічаны на навучальны год. Так, у верасні педагог-псіхолаг з дзецьмі вызначыць, што такое сэлфі, яго плюсы і мінусы, у кастрычніку правядзе мазгавы штурм “Як пазбегнуць сэлфі-залежнасці?”, у лістапа­дзе — экскурсію па родным горадзе (знаёмства з культурнай спадчынай). У снежні падлеткі могуць наведваць лядовы палац (зімовая весялосць замест сэлфі), у студзені арганізаваць віктарыну “Новы год без сэлфі!”, люты можа быць распланаваны пад наведванне музеяў, тэатра і г.д., каб дзеці паразважалі на тэму “Мастацтва. Ці заменіць яно сэлфі?”. У сакавіку прапаноўваю правесці трэнінг “Сэлфі як праяўленне маладзёжнай субкультуры”, у красавіку — дыскусію “Кнігі ці сэлфі?”, у маі — круглы стол “Жыццё без сэлфі!”, дзе будуць падведзены вынікі праекта.

Сацыяльная і практычная значнасць праекта заключаецца ў цэласнай характарыстыцы сэлфі-залежнасці як фактару дэзадаптацыі. Атрыманыя звесткі могуць выкарыстоўвацца для яго прафілактыкі ў агульнаадукацыйных установах.

Падрыхтавала Настасся ТАРУЦІС,
магістрант факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Ф.Скарыны,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 21 Гомеля.