Апошні званок

Размова, канечне, пойдзе не пра вядомае свята апошніх майскіх дзён. Зрэшты і слова “апошні” тут хутчэй выкарыстана ў іншасказальным сэнсе. Пагаварыць хочацца пра званкі з мабільных тэлефонаў.

Ніхто не будзе аспрэчваць, што мабільная сувязь трывала ўвайшла ў наша жыццё і паступова выцясняе звычайныя стацыянарныя тэлефоны. Людзям стала прасцей кантактаваць, бо яны заўсёды на сувязі. Аднак яшчэ некалькі гадоў назад Міжнароднае агенцтва па вывучэнні раку і Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызналі, што мабільныя тэлефоны могуць правакаваць развіццё злаякасных пухлін у чалавека. Пра шкоднасць электрамагнітных палёў, якія ідуць ад сотавых тэлефонаў, мы ўжо гаварылі. Моцныя электрамагнітныя хвалі, якія выпраменьваюць мабільнікі, выклікаюць змяненні ў клетках. І калі дарослыя апраменьваюць ужо сфарміраваны мозг, то дзіцячы мозг знаходзіцца ў стадыі фарміравання, а таму ён больш падвержаны ўздзеянню знешніх фактараў. Даказана, што мозг дзіцяці паглынае электрамагнітнай энергіі больш, уздзеянню падвяргаецца большая колькасць аддзелаў мозга. Безумоўна, ніхто не заклікае адмовіцца ад мабільнай сувязі зусім. Але трэба памятаць некалькі простых правіл, каб зменшыць рызыку захворвання.
Скараціце размовы па мабільным тэлефоне да 10—15 хвілін у дзень.
Прывучыце дзяцей кантактаваць з дапамогай sms або дасылаць паведамленні праз спецыяльныя праграмы.
Па магчымасці карыстайцеся гарадскім тэлефонам.
Не насіце мабільныя тэлефоны ў кішэнях, толькі ў сумцы.
Не падносьце тэлефон да вуха, пакуль абанент не адказаў вам (падчас злучэння выпраменьванне самае моцнае).
У час сну кладзіце тэлефон не бліжэй як за 1,5 метра.
Часцей карыстайцеся навушнікамі пры размове па мабільным тэлефоне.

У свеце

Францыя. Заканадаўчы орган краіны адобрыў законапраект, паводле якога вучні малодшых і сярэдніх класаў не могуць насіць і выкарыстоўваць тэлефоны ў сценах навучальных устаноў. Прычынай такога рашэння з’яўляецца абарона дзяцей ад электрамагнітнага выпраменьвання. Акрамя таго, павялічаны з 12 да 14 гадоў узрост дзяцей, да якіх вытворцы мабільных тэлефонаў могуць звяртацца з рэкламай.
Вялікабрытанія. У 2001 годзе ў краіне забаронена выкарыстанне сотавых тэлефонаў у школах. Пры продажы ў каробку кладуць інфармацыйныя брашуры пра магчымыя наступствы зносін па мабільным тэлефоне.
Расія. Санітарнымі правіламі і нормамі рэкамендавана абмежаванне магчымасці выкарыстання мабільных тэлефонаў асобамі, якія не дасягнулі 18 гадоў.
Бангладэш. Бацькі нясуць крымінальную адказнасць за тое, што даюць карыстацца мабільнымі тэлефонамі сваім дзецям.

Марыя ГУРБО,
урач 15-й дзіцячай паліклінікі Мінска.