Без святла рампы сумую

“Увесь свет — тэатр, у ім жанчыны, мужчыны — усе акцёры”, — так калісьці сказаў Вільям Шэкспір. Наколькі праўдзівае выказванне, няхай вызначыць для сябе кожны, хто яго чытае. А для госці нашай рубрыкі Вікторыі Георгіеўны Пятрэнка тэатр — вялікая і значная частка яе ўнутранага свету. Пятнаццаць гадоў Вікторыя іграе ў Народным драматычным студэнцкім тэатры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “На балконе”. Зараз наша суразмоўца — начальнік вучэбна-метадычнага аддзела платных адукацыйных паслуг Цэнтра дадатковай адукацыі “Настаўнік” Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі і па-ранейшаму актрыса.

— Вікторыя Георгіеўна, важна зразумець, як жа ўсё пачыналася, адкуль цікавасць да тэатра? Большасць артыстаў пачынала са слоў: “Ну паглядзі на мяне, мама!” А як было ў вас?
— Прыкладна гэтак жа. Толькі такія словы маме, Вераніцы Леанідаўне Тучкоўскай, гаварылі два галасы: мой і сястры-блізніцы Юліі. Я і Юля фантазіравалі, ствараючы для сябе першыя ролі-вобразы. Ігралі на беларускай мове вавёрачак, зайкаў, ластавак. Мама ставілася да нашых заняткаў як да самавыяўлення — добразычліва, не крытыкавала.

— Як здарылася, што вы трапілі ў тэатр БДУ “На балконе”?
— Шчаслівы выпадак дапамог многім, у тым ліку і нам з Юляй. Нагадаю, што тэатр “На балконе” — адзін з найстарэйшых студэнцкіх калектываў краіны, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных тэатральных фестываляў. Мастацкі кіраўнік і рэжысёр — Сяргей Мікалаевіч Турбан. У тэатры збіраліся ставіць п’есу Ф.Г.Лоркі “Дом Бернарды Альбы”. У спектаклі задзейнічаны пяць сясцёр. Вось і шукалі, хто мог бы сыграць гэтыя ролі. Наша знаёмая Святлана расказала аб такім шансе. Мы прыйшлі на кастынг (тады нам з Юляй было па васямнаццаць гадоў) і атрымалі ролі, нягледзячы на тое, што вучыліся на музычна-педагагічным факультэце БДПУ імя Максіма Танка. Так і пайшло: з году ў год па прэм’еры.

— Народны драматычны студэнцкі тэатр БДУ “На балконе” ў 2006 годзе прыняты ў Міжнародную асацыяцыю ўніверсітэцкіх тэатраў AITU/IUTA. Тэатр — лаўрэат міжнародных фестываляў маладзёжнага мастацтва, народнай творчасці. А ў вас атрымалася пабываць на фестывалях?
— Канечне, атрымалася. Праз год пасля паступлення ў трупу, у 2001 годзе, у свае дзевятнаццаць, мы паехалі на фестываль у Шатландыю. Там на Эдынбургскім міжнародным фестывалі Fringe — 2001 прадстаўлялі спектакль Аскара Уайльда “Як важна быць сур’ёзным”. Частку тэксту прамаўлялі на англійскай мове. Успамінаю, якімі мы былі шчаслівымі! Ігралі ад душы, з запалам, з задавальненнем. Нам з Юляй было пацешна азадачваць гледачоў. Яны ніяк не маглі зразумець, як можна так хутка актрысе пераапранацца і нават мяняць лак на пазногцях. Наш калектыў атрымаў тады за спектакль 4 зоркі і спецыяльны прыз прэсы. З тэатрам пабывала ў Лондане, Іспаніі, Бельгіі, Германіі, Расіі.

— Зараз вы іграеце без Юліі. Чаму?
— Сястра выйшла замуж, пайшла ў дэкрэт, з’явіўся сынок. Юля занята сям’ёй, цікавай работай. Тэатр любіць па-ранейшаму, але пакуль сама не іграе. Я таксама замужам. Дарэчы, неўзабаве пасля спектакля “Зацюканы апостал” А.Макаёнка, дзе іграла ролю мамы, сама стала мамай выдатнай дзяўчынкі Каці. Ёй цяпер пяць гадоў. Нейкі час у сувязі з нараджэннем дачкі не іграла. Але пачуўся званок Сяргея Мікалаевіча Турбана, які сказаў: “Хопіць сядзець дома, выходзь іграць”.

— Прапанаваў новую ролю?
— Так. Соф’і Ігнацьеўны Турусінай у спектаклі па Астроўскім “Дзённік Глумава”.

— Пагадзіліся?
— З задавальненнем. Іграю пры падтрымцы мужа Аляксандра. Ён мяне разумее, сам бывае на спектаклях. Заўсёды прыгледзіць за нашай дачушкай, пакуль я занята на рэпетыцыі або іграю ў спектаклі. А бывае яны са мной на рэпетыцыі ходзяць. Каця на адной з іх глядзела-глядзела, як я іграю Турусіну, ды і папрасіла: “Мама, а можна я буду мачахай?” Вось так убачыла вобраз, сыграны мною, і захапілася роляй. Нядаўна на спектакль “Дзённік Глумава” прыйшлі бацькі мужа Аляксандр Міхайлавіч і Таццяна Уладзіміраўна. Мне вельмі важна было іх меркаванне. На шчасце, свёкру і свекрыві спадабаўся спектакль і як я сыграла.

— Вікторыя, што важна, каб захапленне тэатрам стала справай па душы?
— Спытайце сябе, што робіць вас шчаслівым? Калі гэта тэатр, сыграныя і будучыя ролі, то ў добры шлях на сцэну. Я шчаслівая, калі іграю. Без святла пражэктараў сумую.

* * *

Вікторыі Пятрэнка хочацца аддаваць сваю энергію людзям, яна адчувае сябе больш гарманічна з кожнай сыгранай роляй і памятае думкі М.В.Гогаля аб тым, што тэатр — гэта своеасаблівая кафедра, адкуль можна сказаць шмат дабра свету. На наш погляд, такое бачанне блізкае госці нашай рубрыкі. Жадаем новых цікавых роляў Вікторыі Георгіеўне Пятрэнка.

Святлана РАДЗЬКОВА.