Бурачны салат з морапрадуктамі

Той, хто любіць буракі ў любым кулінарным выкананні, мяне зразумее. Прыходзіць момант, і ты пачынаеш эксперыментаваць з гэтым прадуктам. Я даўно ўжо не гатую вінегрэты, хоць люблю іх, затое знайшоў вельмі добрыя рэцэпты, дзе салодкія буракі гарманічна спалучаюцца з морапрадуктамі — атрымліваецца смачна і карысна.

Салат, які я сёння вам прапаную, — з запечанымі і марынаванымі буракамі, са свежай морквай, марской капустай і мідыямі — не толькі карысная, але і надзвычай апетытная на выгляд. Яна можа падавацца на стол ў адной талерцы, а можна раскласці яе парцыённа, так салат будзе выглядаць больш святочна.

Нам спатрэбіцца:

· буракі (сярэднія, запечаныя, можна выкарыстоўваць і вараныя) — 3 шт.;
• бальзамічны воцат (у мяне цёмны, можна выкарыстоўваць воцат 7% ці вінны, вінаградны) — 2 ст.л.;
• морква (свежая) — 2 шт.;
• капуста марская (накшталт салаты “Далёкаўсходняя”) — 1 упакоўка;
• мідыі (у алеі) — 200—300 г;
• перац (на смак);
• яйкі курыныя (вараныя) — 3шт.;
• каляровая кансерваваная фасоля — 1 бляшанка (340 г);
• сыр цвёрды — 150 г.

Для ўпрыгожвання:

• крэветкі каралеўскія — на кожную порцыю па 2 шт.;
• чырвоная цыбуля, парэзаная кольцамі, — 1шт.;
• аліўкі — на кожную порцыю па 1—2 шт.;
• кроп;
• сыр тварожны — 100 г.

У працэсе

Буракі трэба загадзя запячы ў духоўцы на фользе. Час запякання залежыць ад іх памеру — ад 45 мінут да 2 гадзін. Буракі можна проста адварыць. Потым наразаем іх тонкай саломкай, можна нацерці на тарцы. Выкладваем у посуд і наліваем бальзамічны воцат. Змешваем, накрываем і пакідаем марынавацца мінут на 15.

З марской капусты зліваем усю вадкасць. Адкрываем мідыі. Алей ад іх пакідаем, ім мы бу­дзем запраўляць салату. Моркву націраем на тарцы для карэйскай морквы.

Мідыі і марскую капусту для салату не абавязкова браць у кансервах. Іх па жаданні можна згатаваць самім і ў запраўцы выкарыстоўваць алей, які вы любіце. У такім выпадку на гатаванне пойдзе больш часу. Але і з тымі прадуктамі, якія я прапанаваў, салат атрымліваецца вельмі смачным.

Бяром салатнік, выкладваем у яго марынаваныя буракі, марскую капусту, вараныя (загадзя здробленыя) курыныя яйкі, каляровую фасолю (загадзя зліваем з яе вадкасць), мідыі, моркву. Усё перамешваем.

Па жаданні перчым, дабаўляем алей з-пад мідый і солім.

Раскладваем масу па формах і зверху пасыпаем цёртым цвёрдым сырам. Упрыгожваем каралеўскімі крэветкамі, кольцамі чырвонай цыбулі, аліўкамі і галінкамі свежага кропу. Ну а тварожны сыр трэба пакласці ў кулінарны мяшок з насадкай “зорка” і ўпрыгожыць ніз салату белымі зорачкамі.

Павінна атрымацца 4—6 порцый салату. Усё залежыць ад памеру посуду. Гэта могуць быць шкляныя ці керамічныя салатнікі, невялікія вазы на невысокай вытанчанай ножцы або, як у мяне, плоская талерка для закусак. Звычайна выстаўляю на талерку кольца для фармавання салаты, а пасля лёгкага трамбавання знімаю кольца і ўпрыгожваю страву.

Смачна есці!

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.