Штогод 7 красавіка адзначаецца Сусветны дзень здароўя. Сёлета ён прайшоў пад дэвізам “Пераможам дыябет!” невыпадкова. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, эпідэмія дыябету імкліва нарастае: 20 гадоў назад колькасць людзей з цукровым дыябетам ва ўсім свеце не перавышала 30 мільёнаў чалавек. Сёння гэтая лічба дасягнула 415 мільёнаў!
Для Беларусі праблема павелічэння колькасці хворых на цукровы дыябет таксама актуальная, як ніколі: па стане на 1 студзеня 2016 года на дыспансерным уліку знаходзяцца 287 976 пацыентаў-дыябетыкаў. Прычым толькі за апошні год гэтая лічба павялічылася на 27 тысяч чалавек!
Дыябет — хранічная хвароба, якая развіваецца ў тых выпадках, калі падстраўнікавая залоза не выпрацоўвае дастаткова інсуліну або калі арганізм не можа эфектыўна выкарыстоўваць выпрацаваны ім інсулін. Інсулін — гэта гармон, які рэгулюе ўзровень утрымання цукру ў крыві. Агульным вынікам некантралюемага дыябету з’яўляецца гіперглікемія, або павышаны ўзровень утрымання цукру ў крыві, што з часам прыводзіць да сур’ёзнага пашкоджання многіх сістэм арганізма, выклікаючы інфаркт, інсульт, нырачную недастатковасць, слепату і інфекцыі, якія могуць прывесці да ампутацыі.
— Ёсць некалькі прычын таго, што тэмай Сусветнага дня здароўя ў 2016 годзе стаў менавіта дыябет, — гаворыць кіраўнік краінавага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь Ягор Зайцаў. — Першая — гэта эпідэміялагічны рост дыябету па ўсім свеце. Штогод захворванне становіцца непасрэднай прычынай каля 1,5 мільёна выпадкаў смерці, прычым больш за 80% з іх прыходзіцца на краіны з нізкім і сярэднім узроўнем даходу. Па прагнозах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2030 года дыябет стане сёмай вядучай прычынай смерці. Другая прычына — гэта прафілактыка дыябету і ўсведамленне таго, што дзякуючы здароваму харчаванню, рэгулярнай фізічнай актыўнасці, падтрыманню нармальнай вагі цела і ўстрыманню ад ужывання тытуню можна прадухіліць ці адтэрмінаваць захворванне на дыябет. Трэцяя прычына — дыябет неабходна як мага раней дыягнаставаць, а таксама прадаставіць доступ да бясплатнага лячэння і навучыць правільным паводзінам тых, у каго такі дыягназ пастаўлены. У розных краінах ад 40 да 80% асоб з дыягназам “цукровы дыябет” не ўсведамляюць сур’ёзнасці свайго захворвання і часта не атрымліваюць адэкватнага лячэння, якое перашкаджае развіццю незваротных ускладненняў.
Існуе два тыпу дыябету. Першы тып — інсуліназалежны. Гэтае захворванне часцей за ўсё генетычна абумоўлена, праявіцца можа ў любым узросце, часцей у маладым (нават у першыя месяцы жыцця). Пры дыябеце першага тыпу арганізм звычайна не выпрацоўвае інсуліну і мае патрэбу ў яго ін’екцыях. Прычына гэтага тыпу дыябету невядомая, таму ў цяперашні час яго нельга прадухіліць.
Другі тып — інсулінанезалежны. Пры дыябеце другога тыпу, які складае каля 90% выпадкаў захворвання ў свеце, арганізм звычайна выпрацоўвае ўласны інсулін, але яго недастаткова, ці ён не можа быць выкарыстаны належным чынам. Дыябет другога тыпу ў значнай меры з’яўляецца вынікам залішняй вагі і фізічнай інертнасці. Да нядаўняга часу дыябет гэтага тыпу назіраўся толькі сярод дарослых людзей, але ў цяперашні час ён паражае і дзяцей.
Дарэчы, беларускія медыкі занепакоены ростам захворвання дзяцей на цукровы дыябет. За апошнія тры гады павялічылася колькасць дзяцей з першаснай захваральнасцю на цукровы дыябет першага тыпу. На пачатак 2016 года ў краіне было 1860 такіх дзяцей, дзяцей з дыябетам другога тыпу — 20.
— Калі 10 гадоў назад мы выразна вылучалі адзін пік маніфестацыі дыябету першага тыпу — гэта падлеткавы ўзрост, 10—14 гадоў, то пяць гадоў назад пачалі заўважаць рост захворвання сярод дашкольнікаў 5—6 гадоў. Гэта значыць, зараз выдзяляем два пікі, — адзначыла галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг дацэнт 1-й кафедры дзіцячых хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анжаліка Сонцава.
Галоўнымі метадамі прафілактыкі дыябету з’яўляюцца правільнае харчаванне, штодзённыя фізічныя нагрузкі, захаванне душэўнай раўнавагі, рэгулярнае праходжанне медыцынскага абследавання. Прафілактыка дыябету абавязкова ўключае здачу аналізу на ўзровень утрымання цукру ў крыві.
Па словах Алы Шапялькевіч, галоўнага пазаштатнага эндакрынолага, дацэнта 1-й кафедры ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дыябет 2-га тыпу з’яўляецца агульнатэрапеўтычнай праблемай, якая паўсюдна ў свеце курыруецца тэрапеўтамі. У складаных сітуацыях пацыентаў накіроўваюць на кансультацыю да эндакрынолага.
Па даных рэспубліканскага рэгістра “Цукровы дыябет”, працягласць жыцця пацыентаў з цукровым дыябетам другога тыпу складае ў жанчын 74,3 года, у мужчын — 69,9 года. Павелічэнне працягласці жыцця і зніжэнне лятальнасці сярод пацыентаў з цукровым дыябетам у Беларусі з’яўляецца вынікам укаранення комплекснага падыходу ў арганізацыі медыцынскай дапамогі насельніцтву.
Сярод прыярытэтных напрамкаў у развіцці дыябеталагічнай дапамогі ў нашай краіне — паляпшэнне пераемнасці ў рабоце з сумежнымі спецыялістамі, перш за ўсё тэрапеўтамі, урачамі агульнай практыкі, кардыёлагамі ў дачыненні да інфармавання шырокіх слаёў насельніцтва аб фактарах рызыкі, магчымасцях прафілактыкі і ранняга выяўлення цукровага дыябету, дыягностыкі і прафілактыкі хранічных ускладненняў; павышэнне матывацыі пацыентаў да самакантролю ў рамках сістэмнага навучання ў “Школе дыябету”, а таксама дынамічнае назіранне пацыентаў на аснове выкарыстання сучасных медыцынскіх тэхналогій.
Марына ДЗМІТРЫЕВА.