Рыбацкую юшку на прыродзе любіце?

Напярэдадні свята абаронцаў Айчыны пагаворым аб мужчынскай справе па душы. Наш суразмоўнік сёння — Віталь Уладзіміравіч Мадэкша, настаўнік працы. Віталь Уладзіміравіч скончыў інжынерна-педагагічны факультэт БНТУ, атрымаўшы спецыяльнасць педагога-інжынера. Пяць гадоў працуе настаўнікам у Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі слыху. Падумалася, што ў свой час з задавальненнем вучылася б у такога добрага, таварыскага педагога з пачуццём гумару.

— Што ж за рамкамі педагагічнай прафесіі з’яўляецца справай па душы ў маладога, сучаснага мужчыны?
— У юнацтве вельмі захапляўся спортам. Любіў футбол. Практычна прафесійна трэніраваўся. Паколькі з мамай Марыяй Іосіфаўнай і айчымам Андрэем Андрэевічам (да яго адчуваю самыя сапраўдныя сыноўскія пачуцці) жылі на Заходняй Бярэзіне ў Валожыне, не мог не зацікавіцца рыбалкай. Да сёння гэты занятак — справа па душы. Дарэчы, уся наша сям’я, уключаючы маму, рыбакі. Калі прыязджаю да бацькоў, то абавязкова едзем лавіць рыбку на рэчку Прыпяць або Бярэзіну. У нас ёсць лодка. Бяром палатку, снасці, прыпасы. Жывём на рацэ некалькі дзён. Мама любіць пасядзець з вудачкай, раскласці вогнішча і пасядзець каля яго. Ловіць яна выключна на чарвякоў. Мы, мужчыны, аддаём перавагу больш актыўнай лоўлі — на спінінг. Наша любімая прынада — блешня. Падабаецца нам і на вёслах пасядзець, пракаціцца па рацэ.

— Як выбіраеце месца, дзе лавіць, рэчка ж вялікая?
— Рыбакі — людзі скрытныя. У кожнага ёсць свае сакрэтныя месцы, але пра іх не расказваюць. Усё ж адзін сакрэт раскрыю: пачынаць рыбнае паляванне трэба ў тры гадзіны ночы. Калі ўгадаеш з рыбным месцам на рацэ, то наловіш акунёў, можна злавіць і шчупака. Мама ведае выдатны рэцэпт фаршыраванага шчупака. Усім падабаецца. І ўсё ж не такія мы, рыбакі, меркантыльныя. Моцна не засмучаемся, калі ўлоў невялікі або яго наогул няма. У такім выпадку цэнім правядзенне часу на свежым паветры, зносіны. На рыбалцы, як правіла, шмат жартуем, песні спяваем, калі кампанія ёсць, бывае і разыгрываем адно аднаго.

— Традыцыйную рыбацкую юшку на прыродзе любіце?
— А як жа! Абавязкова робім. У сапраўднай юшцы абавязкова павінна варыцца галава рыбы, цыбулька, бульба. Чорнага перцу дадаць пажадана. Гэта вельмі смачна.

— Віталь Уладзіміравіч, зімовай рыбалкай захапляецеся?
— Ды і зімовая рыбалка падабаецца. Хаджу на Мінскае мора. Лічу, што цяпер ужо сезон зімовай рыбалкі скончыўся. Небяспечна на лёд выходзіць. Не сумую на гэты конт, бо набліжаецца вясна — самы сезон традыцыйнай рыбалкі. Калі бываю ў гасцях у бацькі Уладзіміра Часлававіча, а ён жыве на Нарачы, то натуральна ловім з ім рыбку ў возеры. Не менш цікавы занятак, чым рачная рыбалка.

— Як настаўніку працы што падабаецца рабіць рукамі самому, з якімі матэрыяламі працаваць?
— Люблю з дрэвам поркацца. З хлопцамі рабілі снегавіка драўлянага, гномаў, шкатулкі. Аднойчы нават рыбалоўную скрыню змайстравалі. Зараз час шпакоўняў. Марым з дзецьмі, каб птушкі засялілі нашы старыя і новыя домікі.

Святлана РАДЗЬКОВА.