Скумпія гарбарная, ці Парыковае дрэва

Скумпія гарбарная — найпрыгажэйшы дэкаратыўны куст сямейства анакардыевых. Я ўпершыню ўбачыла яе ў Брэсце, каля ўніверсітэта ў садзе бесперапыннага цвіцення, а потым і ў родным Гродне. Дзякуючы сваім якасцям і папулярнасці, скумпія атрымала мноства назваў у розных народаў: фарбавальнае дрэва, саф’янавы ліст, алізарынавае дрэва, жаўціннік, дубільнае дрэва. Але самую прыгожую назву ёй далі ў Старажытнай Русі — цуда-дрэва. З-за шырокай пышнай кроны з вялікай колькасцю галінак яе празвалі таксама парыковым дрэвам.

Лісце ў скумпіі круглае, з яркімі прожылкамі і даволі вялікае — у даўжыню дасягае 10, а ў шырыню — 7—8 сантыметраў.
Летам лісце скумпіі з шызаватым зялёным адценнем зверху і крыху белаватае знізу, дзе яно яшчэ і апушаецца. Бліжэй да восені каля жылак лісце робіцца ярка-чырвоным, а пасля і ўся паверхня ліста афарбоўваецца ў разнастайныя адценні чырвонага: карычневы, медны і барвовы.Скумпія цвіце з сярэдзіны і да канца лета: на яе галінках з’яўляюцца невялікія пушыстыя суквецці белых з жоўтым адценнем ці жоўта-зялёных кветак.

Пасадка

Ідэальнае месца для высадкі скумпіі — сухое і даволі светлае месца, якое праграваецца сонцам. Яна можа расці на кіслых (рН 5,5—6) глебах, але аддае перавагу шчолачным (вапнавым). Па механічным складзе ў ідэальным варыянце — лёгкія, паветрапранікальныя (аднак не выключэнне цяжкія каштанавыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя) глебы. Скумпія патрабавальная да вільготнасці глебы. Абавязковая ўмова яе добрага росту — невысокі ўзровень грунтавых вод. Неабходна выключыць таксама вясновы застой талых вод. Празмернасць вільгаці для скумпіі згубная, таму не варта высаджваць яе ў нізінах.
Першапачаткова пасля высадкі куста можа спатрэбіцца дадатковае ўкрыццё на зіму — добра ўцяпляць карані кампостам, які добра перабрадзіў. Яма для высадкі павінна быць дастатковага памеру, каб карані не ўпіраліся ў дно і сценкі. Калі зямля даволі вільготная, можа спатрэбіцца слой дрэнажу.

Догляд

Нейкі асаблівы догляд скумпіі гарбарнай не патрэбны. Расліна практычна не пакутуе ад шкоднікаў і не хварэе. Неабходна толькі паліваць нейкі час свежапасаджаныя і маладыя расліны, асабліва ў засушлівы перыяд. Дарослыя скумпіі можна не паліваць.
Глебу на ўчастку, дзе расце скумпія, неабходна перыядычна мульчыраваць. Гэта дапаможа запаволіць выпарванне вільгаці, неабходнай для каранёвай сістэмы куста.
Каб надаць парыковаму дрэву дадатковых сіл у перыяд цвіцення, зрабіце разавую падкормку расліны, унясіце ў глебу невялікую колькасць комплексных угнаенняў.
Таксама скумпіі гарбарнай вясной неабходна перыядычная абрэзка (да з’яўлення лістоў на галінках куста). Абрэзваючы, выдаляйце галінкі, якія зімой прымерзлі, а таксама пашкоджаныя ці хворыя.
Абрэзку робяць і для фарміравання кроны парыковага дрэва. Аднак гэты тып абрэзкі можна рабіць не часцей за 1 раз у 2—3 гады, каб не аслабіць расліну (яна можа загінуць, нягледзячы на добры догляд). Залішняя абрэзка можа перашкодзіць таксама цвіценню і разрастанню.
Выконваючы ўсе рэкамендацыі па правільнай пасадцы, вырошчванні, размнажэнні і доглядзе скумпіі гарбарнай, вы зможаце стварыць з гэтых раслін надзвычай прыгожую жывую агароджу на сваім участку.

Спосабы размнажэння скумпіі гарбарнай

Размнажаць парыковае дрэва гэтага гатунку можна некалькімі спосабамі:
1. Пры дапамозе атожылкаў. Для таго каб галінка скумпіі, якая ў далейшым стане матэрыялам для пасадкі новага куста, набыла каранёвую сістэму, яе неабходна злёгку надрэзаць каля самай зямлі, а потым нагнуць так, каб невялікі ўчастак галінкі можна было прысыпаць глебай. Каб галінка не разгіналася, прыцісніце яе да зямлі якім-небудзь грузам. Пасля таго як на галінцы ўтворацца карэньчыкі, яе можна адрэзаць ад асноўнага куста і перасадзіць на новае месца.
2. Пры дапамозе чаранкоў. Для размнажэння скумпіі такім спосабам неабходна ў чэрвені нарыхтаваць чаранкі, якія пасля зрэзвання трэба замачыць на ўсю ноч у водным растворы гетэрэаўксіну, а раніцай высадзіць у парнік. Чаранкі пасля пасадкі трэба вельмі добра паліваць, пакуль не прымуцца.
3. Пры дапамозе насення. Збіраць насенне з дарослай расліны неабходна або ў жніўні, або ў верасні (гэта залежыць ад ступені паспявання пладоў скумпіі). Пасля збору насенне можна адразу ж пасеяць на новым участку. Ніякай папярэдняй апрацоўкі насеннага матэрыялу ў гэтым выпадку не патрабуецца. Калі ж вы будзеце сеяць яго вясной наступнага года, то спачатку ачысціце насенне ад знешняй абалонкі і прарасціце ў вільготным асяроддзі. У абодвух выпадках пасадка насення ў глебу выконваецца на глыбіню да 2 сантыметраў.

Скумпія гарбарная валодае лекавымі ўласцівасцямі. Настойка лісця ўжываецца звонку пры апёках, язвах, пролежнях, для паласкання пры запаленнях поласці рота і горла, для ваннаў пры патлівасці ног. Унутр настой ужываецца пры харчовых атручэннях і атручэннях солямі цяжкіх металаў, алкалоідамі, пры паносах, калітах. Для прыгатавання настою 1 чайную лыжку сухога лісця настойваюць паўгадзіны ў 1 шклянцы кіпеню, працэджваюць і прымаюць унутр па 1 сталовай лыжцы 3—4 разы ў дзень. Сыравіну нарыхтоўваюць у ліпені — жніўні. Збіраць варта па некалькі лісточкаў з кожнай галінкі, не агаляючы кожную больш, чым на 1/3, інакш суровай зімой парасткі загінуць.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.