Трава Геракла… Абыдзі за вярсту…

Савецкіх батанікаў яшчэ ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя падкупіла прыродная ўстойлівасць баршчэўніку і яго велізарная зялёная маса. За свой празмерны рост расліна атрымала лацінскую мянушку геракліум, або трава Геракла. Даследчык флоры Каўказа, які з’яўляецца радзімай баршчэўніку, Д.Сасноўскі першым склаў поўнае навуковае апісанне баршчэўніку, але ў распаўсюджванні яго на палях не вінаваты. Двухгадовая або шматгадовая расліна (усяго больш як 40 відаў), цвіце з чэрвеня па жнівень, пладаносіць з ліпеня па верасень. У Сібіры таксама расце баршчэўнік, але ядомы. Там яго марынуюць, ядуць як капусту, крышаць у салат і боршч. Неабдумана вырашылі, што і каўказскі баршчэўнік можна зрабіць кормам для кароў. Корм з яго не атрымаўся: малако гарчыла, а сам ён дрэнна ўплываў на рэпрадуктыўныя органы жывёл.
Толькі палі баршчэўнікам ужо засеялі. Баршчэўнік стаў злосным пустазеллем — размнажаецца самасевам. На адным месцы жыве каля 15 гадоў. Незвычайна агрэсіўны. Не церпіць ніякіх суседзяў. Стварае вакол сябе сваю экасістэму. На тэрыторыі Беларусі баршчэўнік расце ўздоўж дарог, палёў, у ярах, каля лясоў.

Незнаёмыя з атрутнымі ўласцівасцямі расліны лічаць яго за лопух незвычайнага выгляду, папараць, спрабуюць зрэзаць дудкі і ўпрыгожыць імі кватэру, проста зрабіць букет. У выніку — вельмі моцныя апёкі і чырвоныя пухіры на скуры. Яны свярбяць, пакідаюць бурыя плямы, якія праходзяць праз некалькі месяцаў.
Часцей за ўсё пакутуюць дзеці. Баршчэўнік змяшчае фуракумарыны, якія рэзка павышаюць адчувальнасць арганізма да ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Калі кропелькі соку трапяць на скуру, то дастаткова непрацяглага ўздзеяння сонца, каб на гэтым месцы з’явіўся апёк 2 ступені. Сімптомы з’яўляюцца праз некалькі гадзін і нават сутак.

Пры 1 ступені апёку ўчасткі цела, куды трапіў сок, пачынаюць свярбець, чырванець; адчуванне нясцерпнага смылення і свербу дасягае максімуму на 2—3 дзень. Скура ацякае, праз 2 тыдні лушчыцца, цёмныя пігментныя плямы застаюцца і трымаюцца да 2—6 месяцаў, часам і даўжэй.

2 ступень апёку суправаджаецца агульным пагаршэннем самаадчування: павышаецца тэмпература, пачынае трэсці, з’яўляецца слабасць, галаўныя болі. На працягу 5—6 сутак утвараюцца пухіры з серозным змесцівам, праз тыдзень яно ўсмоктваецца. Пухіры адпадаюць, утвараецца карычневая скурка. На целе застаюцца пігментныя плямы.

3 ступень апёку — найбольш цяжкая форма дэрматыту, калі на скуры пасля раскрыцця пухіроў з’яўляюцца болькі, пасля іх — чырванавата-бурыя або белаватыя рубцы, якія доўга не разыходзяцца. Бландзіны асабліва адчувальныя да дзеяння фуракумарынаў, ім трэба абыходзіць баршчэўнік за вярсту.

Нават калі сутыкняцеся з раслінай уначы, то на наступны дзень пры пападанні на скуру натуральнага святла праяўляюцца тыя ж клінічныя сімптомы. Прыкрываць, рабіць “цёмную” хворым месцам трэба 2—3 сутак.
Асноўныя спосабы барацьбы з баршчэўнікам — выкошванне, апырскванне ядамі, выкопванне каранёў, збор суквеццяў. Галоўнае, каб насенне расліны не паспела выспець і распаўсюдзіцца. Выкошванне выніковае, калі яно сістэматычнае: на працягу некалькіх гадоў і шматразова з вясны да восені.

Яды, прызначаныя для барацьбы з пустазеллем, трэба выкарыстоўваць у тым выпадку, калі да каранёвай сістэмы цяжка падабрацца. Апырскваць — да таго, як расліна зацвіце, бо гэта час найбольшай адчувальнасці. Аднаразовай працэдуры недастаткова. Дарослыя расліны могуць быць устойлівыя да моцных гербіцыдаў, тады іх трэба прымяняць у большай канцэнтрацыі і колькасці. Выкопванне каранёў эфектыўнае, калі калонія баршчэўніку невялікая. Гэта робяць ранняй вясной, калі ён яшчэ не ў сіле. Корань трэба перасячы вострай рыдлёўкай на глыбіні 10—12 сантыметраў і разам з лісткамі вырваць з зямлі. Калі двойчы на год пераразаць асноўны корань на такой глыбіні, то за 4 гады ад баршчэўніку можна пазбавіцца.

Меры засцярогі

Пры сутыкненні неабароненых частак цела з сокам баршчэўніку адразу прамакніце яго сурвэткай, не размазваючы, і хутка закрыйце пашкоджанае месца адзеннем або павязкай. Да дома старайцеся перамяшчацца пераважна ў цені. Памажце пашкоджаныя месцы густой мыльнай пенай, старанна абмыйце вадой, пратрыце спіртам (гарэлкай). Налажыце слабую павязку, сурвэтку з фурацылінам. Боль добра знімаюць сурвэткі, намочаныя навакаінам. Каб суняць сверб, 2—3 дні можна рабіць прымочкі з моцнага чаю, кары дуба. Яны падсушаць апёк, знімуць запаленне. Для далейшага лячэння апёкаў трэба паказацца ўрачу-дэрматолагу.

Таццяна ЦЯСЛЕНКА,
урач — дзіцячы хірург 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.