Ягада-скарб

Сакавітая і салодкая, любімая многімі чарэшня вельмі карысная і для дзяцей, і для дарослых.

Чарэшня — выдатная крыніца вітамінаў А, групы В, С, Е, К, РР, макра- і мікраэлементаў (медзь, жалеза, фосфар, марганец, ёд, калій, магній), арганічных кіслот, харчовых валокнаў. І гэта адзін з самых нізкакаларыйных пладоў: на 100 г прадукту прыходзіцца 50 калорый. Чарэшня валодае антыаксідантнымі і су­працьзапаленчымі ўласцівасцямі, таму выкарыстоўваецца для прафілактыкі вострых рэспіраторных вірусных і іншых інфекцыйна-запаленчых працэсаў у арганізме чалавека. Звязваючы свабодныя радыкалы, яна дапамагае клеткам супрацьстаяць акісленню і, адпаведна, іх старэнню і гібелі, зніжае рызыку развіцця анкалагічных захворванняў. Пры такіх захворваннях, як артрыт, рэўматызм, падагра, палягчае балючыя адчуванні.

Гэтая ягада аказвае станоўчы ўплыў на абмен рэчываў, падтрымлівае работу імуннай і супакойвае нервовую сістэму. Таксама спрыяльна ўздзейнічае на сардэчна-сасудзістую сістэму. Рэчывы, якія змяшчаюцца ў чарэшні, рэгулююць частату сардэчных скарачэнняў, тонус сасудаў і крывяны ціск, перашкаджаюць згусальнасці крыві, чым зніжаюць пагрозу ўтварэння тромбаў, паляпшаюць засваяльнасць жалеза, неабходнага для ўтварэння гемаглабіну, дапамагаюць знізіць узровень халестэрыну. Лёгкі мачагонны эфект спрыяе нармалізацыі ціску і ліквідацыі ацёкаў.

Пры рэгулярным ужыванні ў ежу гэтай ягады паляпшаюцца стан пазногцяў, валасоў і скуры, вастрыня зроку, памяць, рэакцыя.

Пры ўсёй разнастайнасці карысных уласцівасцей чарэшні варта памятаць пра некаторыя магчымыя негатыўныя моманты. Гэта перш за ўсё рызыка развіцця алергічнай рэакцыі ў высокаадчувальных людзей. У абмежаванай колькасці ўжы­ваць чарэшню трэба хворым на цукровы дыябет з прычыны ўтрымання ў ёй фруктозы, хворым на мочакаменную хваробу ў сувязі з мачагонным эфектам. Праяўляць асцярожнасць павінны і людзі, якія пакутуюць на гастрыт з павышанай кіслотнасцю, язву, якія маюць схільнасць да метэарызму.

Чаму аддаць перавагу па наборы карысных рэчываў і вітамінаў — сырой яга­дзе або варэнню з яе? Вядома, першаму варыянту. Але калі вельмі хочацца пакаштаваць варэння, то лепш за ўсё яго гатаваць “халодным” спосабам, калі ягады не падвяргаюцца цеплавой апрацоўцы, а змешваюцца з цукрам і пераціраюцца. У такім прадукце захоўваецца большасць вітамінаў і карысных рэчываў. Захоўвацца яно можа ў халадзільніку або ў замарожаным выглядзе.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
урач-гігіеніст санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.