Якое яно, ідэальнае снеданне?

Ранішняя трапеза — гэта пачатак усяго. І ад таго, якой яна будзе, шмат у чым зале­жыць, як прой­дзе дзень. Адным словам, снеданне павінна быць ідэальным. А якое яно ідэальнае — вечнае пытанне. Французскае — з круасанам і кавай, англійскае — з аўсян­кай або яечняй з беконам, або наша — з бутэрбродамі, яечняй або тым, што засталося ад вячэры?

Ідэальнае снеданне — тое, якое дастаўляе задавальненне, не адбірае шмат часу на гатаванне і зараджае энергіяй на ўвесь дзень.

Мае патрабаванні: карысц­ь, хуткасць у гатаванні, доўгае адчуванне сытасці, безда­корны смак, слодыч, але без цукру.

Падзялюся рэцэптам, у якім усе пункты кажуць “так”.

Змешваю па 1 ст. л. з горкай насення лёну, кунжуту, сухіх ягад чарніц. Заліваю шклянкай халоднай вады і пакідаю на ноч. Дадаю 1 ч. л. мёду, пачышчаны яблык — і ў блэндар. Літаральна праз хвіліну лёгкае і сытнае снеданне гатова!

Рэцэпт ранішняга смузі — суцэльная творчасць. Чарніцы можна замяніць вішняй, журавінамі, буякамі, брусніцамі або іншай улюбёнай ягадай (сухой, замарожанай). Або дадаваць сезонную садавіну: хурму, грушу, банан, апельсін, мандарын. А аматараў тварагу на снеданне парадуе гэты рэцэпт удвая: яго ў смузі дадаваць можна. Запэўніваю, зарад бадзёрасці на ўвесь дзень забяспечаны!

Ларыса ХОМБАК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.