Зямля запаветная — Дамашаны

У людзей, якія жылі раней і жывуць цяпер, было або ёсць самае любімае месца на зямлі, свой кавалачак, дзе адчуваецца ярчэй, працуецца плённей, дзе смачнейшыя ежа і пітво ды і сіл прыбаўляецца. У А.Пушкіна — Болдзіна, у Я.Купалы — Вязынка, у Я.Коласа — Альбуць. У многіх нашых чытачоў знойдзецца сваё імя гэтай зямлі запаветнай, якая дае сілы і суцяшэнне, радасць і натхненне, упэўненасць і чалавечнасць. І яшчэ штосьці, што не памацаеш і не лізнеш, не панюхаеш і не ўбачыш. Што ж гэта? Прыналежнасць да краіны, да суайчыннікаў, якія маюць з табой агульны вопыт, да сваёй сям’і. Я ўсё гэта адчуваю не ў радавым маёнтку, не на малой радзіме, не адпраўляючыся ў далёкія падарожжы, а на сваім дачным участку недалёка ад Мінска, у Дамашанах.

Не адразу стала зразумела, што душа твая можа пасяліцца тут, а толькі з часам. Адмярае гэты час узрост дачкі Анюты. Чаму? Таму што пазнаёмілася я з дачным участкам, выношваючы дзіця, якому цяпер ужо 24 гады. Азіраюся на гэты час з задавальненнем і хваляваннем. Першае, што пасадзілі на ўчастку, — яблыні, парэчкі і цэлую плантацыю суніц. Суніцы былі патрэбны, каб у мяне як у будучай мамы было дастаткова вітаміну С, каб атрымалася абысціся без анеміі цяжарных. Для збору суніц была зроблена спецыяльная табурэтка на дзвюх ножках, якая гайдалася. На ёй нават жывоцік не замінаў набіраць па 7 літраў ягад. І нават воддаль ад сунічных градак часам даганяў мяне іх надзвычай цудоўны пах, які пераносіўся парывам ветру. Далей — больш, азарт асваення новага месца завалодаў нашай сям’ёй.

100_1158-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82
Пасадзілі шыпшыну, у памяць пра агароды бабуль і дзядуляў — язмін, бэз. Ля ўвахода — вароты з рабін (да гэтай пары жывуць і знаходзяцца ў добрым здароўі), замест агароджы — земляная груша (тапінамбур). Вялікія надзеі ўсклалі на абляпіху як на медыцынскую панацэю. Аказваецца, дрэўцы гэтай культуры бываюць дзяўчынкамі і хлопчыкамі! Ну і як жа без яшчэ большай экзотыкі абысціся — вінаграду. Вось і ён займае сваё месца пад сонцам. Вінаграду сорту “ізабела” добра ўдаецца паўзці і чапляцца, абвіваць і даваць шызыя духмяныя гронкі. На дачы мы бываем па выхадных: садзім, паліваем, праполваем. Але не толькі працуем, яшчэ і ў цяньку палежваем на раскладушках, п’ём травяную гарбату, купаем нашу малышку ў надзіманым басейне. Дзіця расце, часта бывае на дачы. Збудавалі для яе пясочніцу, падвесілі арэлі, размалявалі лаўку ў вясёлы жоўты гарошак. Акрамя суніц, ужо пладаносяць клубніцы, свае яблыкі выспяваюць, пасаджана чорная рабіна.

У наступныя гады дабавілі ажыну, агрэст. Бульбу садзілі і садзім заўсёды. Пах зваранай бульбы, вырашчанай уласнымі рукамі, — гэта нешта вельмі ўтульнае і роднае, а калі збегаць на градку па кроп, хуценька нарэзаць і пасыпаць яго на гарачую бульбу, то асалода гэтай стравы павялічваецца ў разы.


Ад вясны да вясны, ад лета да лета выдатна бавім час на дачы, без яе ўжо і не ўяўляем свайго жыцця. У нас добра растуць агуркі. Вось ужо дачка дапамагае сваёй бабулі Тамары збіраць ураджай. Завялі для Анюты сваю градку. Ускапалі яе, пасадзілі крыху морквы, некалькі кветачак, суніцы. Пасля гэтага капаю новую, вялікую. Заўважаю, што Анюта нешта забірае з маёй градкі і нясе на сваю. Прыглядаюся. Дачушка пераносіць земляных чарвякоў. “Няхай яны маю градку пераворваюць”, — тлумачыць свае дзеянні Анечка. На нашым участку збіраюцца дзеці з усіх найбліжэйшых дамоў: гуляем у настольныя гульні “Закінуты свет”, “Нязнайка на Месяцы”, збіраем карцінкі з пазлаў. З часам дарослая частка маёй сям’і навучылася вырошчваць памідоры ў адкрытым і закрытым грунце, перцы, кансерваваць сок з яблыкаў, рабіць абляпіхавы алей. Анюта лічыць, што няма ў свеце сем’яў, у якіх не было б загатовак на зіму і варэння. Нам падабаецца такі ход дзіцячых думак, і ніхто з блізкіх не спяшаецца развенчваць такую ўпэўненасць.

Сярод дачных забаў — фотасесіі выдатнай агародніны, ягад і фруктаў і з выдатнай агароднінай, ягадамі і фруктамі. Дачны свет жывёл багацейшы за дамашні, хоць у кватэры жывуць кошка Даша і папугайчык Гоша. Мы ведаем, што недзе на дачных прасторах жыве чарапаха Груня, за маршрутамі якой у свой час мы не дасачылі, мурашкі, мышкі-палёўкі, краты, восы, смаўжы, суседскія кошкі, якія прыходзяць да нас у госці. Вельмі падабаюцца дачцэ сабакі, ахоўнікі дачнага пасёлка, і іх шчаняты, якія нязменна сустракаюць ля дачных варот. З новага па пасадках — маліны, сельдэрэй, любіста, спаржа, айва. Звычайнымі культурамі для вырошчвання сталі ў нас цыбуля, часнок, пятрушка, буракі, кабачкі, гарбузы, фасоля і гарох.

100_5365-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82
З часам захапіліся вырошчваннем капусты. Сабралі ўраджай звычайнай белакачаннай і новай для нас чырвонакачаннай капусты. Квяцістая, брокалі і кальрабі таксама выдатна адчувалі сябе на нашых градках. Сапраўдны капусны рай атрымаўся! Нават сямейная гісторыя пра капусту з нашай дачы ёсць. Адзін з качаноў капусты праляжаў у маім халадзільніку да лютага. Аднойчы з дачкой адчыняем халадзільнік, а з яго вылятае матылёк! Мала сказаць, што мы здзівіліся! Матылёк лятае па кватэры цэлы дзень. Пачалі клапаціцца пра яго харчаванне. У пластыкавай накрыўцы развялі вадой мёд. Назіралі з Анютай, як капусны бялян садзіўся на накрыўку, паварочваў хабаток і “піў” наш пачастунак. Цуд паўтарыўся яшчэ два разы: з халадзільніка вылецелі яшчэ два матылькі.

У гэтым годзе з навасельцаў на градках — ягада санберы, або чарніцы фортэ. Варэнне з яе мае ні з чым непараўнальны тонкі смак, а лісткі і сцёблы можна выкарыстоўваць у лячэбных мэтах. Старыя яблыні павалены бурай, затое пасаджаны новыя. Парадавалі салодкімі жоўтымі слівамі дрэвы, якія даўно не пладаносілі. Вераснёвую прастуду мне ўдалося вылечыць айвой з новага ўраджаю і рамонкам з календулай са сваёй зямлі. У наступныя выхадныя будзем знімаць ягаду, якая зніжае артэрыяльны ціск, — чарнаплодную рабіну, высаджваць зімовы часнок, збіраць чарніцы фортэ. Усе жадаючыя могуць пазнаёміцца з маёй зямлёй запаветнай на смак. Падзялюся рэцэптам варэння з санберы і слівавай “Нутэлы”.

Варэнне з чарніц фортэ (санберы)

Ягады перабіраем і мыем. На 1 кг ягад санберы бяром 1 кг цукру. Таксама нам спатрэбіцца 1 лімон. Робім сіроп. Лімон, прапушчаны праз мясарубку, змешваем з 0,5 шклянкі вады і цукрам. Калі гэтая маса закіпіць, дабаўляем плады санберы. Варым на сярэднім агні 1 гадзіну, знімаючы пену. У гарачым выглядзе разліваем варэнне з санберы па стэрылізаваных слоіках і закрываем поліэтыленавымі накрыўкамі або закручваем на доўгае захаванне.

“Нутэла” са сліў

Нам спатрэбіцца 2 кг сліў, 2 кг цукру, 1 пачак какава-парашку. Слівы прамываем, вымаем костачкі. Затым прапускаем праз мясарубку, кладзём у каструлю, даводзім да кіпення, дабаўляем цукар і варым на працягу 1 гадзіны. За 20 мінут да канца варкі дабаўляем какава-парашок. Раскладваем “Нутэлу” ў стэрылізаваныя слоікі і закручваем або герметычна закрываем пластыкавымі накрыўкамі. Атрымліваецца вельмі смачная слівава-шакаладная паста.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*