Даўкія ягады ароніі

Чарнаплодная рабіна, або аронія чарнаплодная — добра вядомая ў многіх кутках Беларусі шматгадовая расліна. Аронія выкарыстоўваецца не толькі для атрымання карысных і смачных пладоў, але і для азелянення. На гронках красуюцца сакавітыя чорныя ягады, а прыгожая лістота да восені расквечваецца ўсімі адценнямі жоўтага, залацістага, чырвонага колеру. Вырошчваюць аронію як пладовую, лекавую і дэкаратыўную расліну. Абзавесціся ёй на сваім участку будзе  вельмі карысна.

Чарнаплодная аронія адносіцца да сямейства Ружавыя. Назва расліны ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “дапамога, карысць”. Радзімай ароніі лічыцца ўсходняя частка Паўночнай Амерыкі, дзе яна расце па берагах азёр і рэк. Усяго ў Паўночнай Амерыцы можна сустрэць да 20 відаў чарнаплоднай рабіны. У Еўропе аронію пачалі вырошчваць як дэкаратыўную расліну. Нягледзячы на тое, што аронія інакш называецца чарнаплоднай рабінай, з рабінай звычайнай у яе вельмі мала агульнага — аб’ядноўвае іх толькі тое, што абедзве адносяцца да сямейства Ружавыя.

Аронія ўяўляе сабой зімаўстойлівы лістападны хмызняк вышынёй каля 3 метраў з размешчанай блізка да паверхні каранёвай сістэмай. У маладым узросце крона ў расліны кампактная, але з цягам часу яна можа дасягаць у дыяметры 2 м. Лісце чарнаплоднай рабіны простае, суцэльнае, эліптычнае, даўжынёй ад 4 да 8 см, шырынёй ад 3 да 5 см, чарговае, з гародчата­зубчастымі бакамі. Ліст ароніі з верхняга боку пласціны бледны, скурысты, бліскучы, цёмна­зялёнага колеру, а ніжні яго бок бялявы з­за апушэння. Белыя або ружовыя духмяныя кветкі ароніі з пурпуровымі пыльнікамі, сабраныя ў шчыльныя шчыткападобныя суквецці, раскрываюцца ў другой палове мая або ў пачатку чэрвеня. Бліскучыя шарападобныя ягады рабіны чарнаплоднай чорнага або пурпурна­чорнага колеру спеюць у жніўні —верасні. Кісла­салодкія ягады ароніі ўтрымліваюць вялікую колькасць карысных рэчываў: вітамінаў Р, С, Е, В1, В2, В6, якія забяспечваюць эфектыўную работу ўсяго арганізма; дубільных і пектынавых рэчываў; кіслот — фоліевай, нікацінавай, яблычнай; мікраэлементаў: жалеза, марганцу. Гэтыя рэчывы рэгулююць абменныя працэсы, умацоўваюць імунітэт.

Асаблівасці пасадкі

Аронія непатрабавальная і можа расці на розных тыпах грунту, уключаючы супясчаныя глебы. Пры гэтым участак для пасадкі павінен размя­шчацца на сонечным і абароненым ад халоднага ветру баку. Найбольш просты спосаб размнажэння — вегетатыўны: пасынкаваннем, дзяленнем куста, атожылкамі. Лепш высадзіць аронію восенню, але яна таксама нядрэнна прыжываецца і вясной. Высаджва­юць у пахмурны дзень не менш чым за 2 метры ад іншых раслін. Гэта дапаможа саджанцам укараніцца і хутка пайсці ў рост. Пры пасадцы з ямы трэба выняць грунт, пасярэдзіне размясціць чаранок, дабавіць перагной, суперфасфат і драўняны попел. Затым зверху да паловы глыбіні запоўніць пластом глебы, добра  паліць вадой.

Моцныя здаровыя галінкі можна выкарыстоўваць для атрымання пасадачнага матэрыялу і размнажэння ароніі чаранкамі. Для зялёных чаранкоў бяруць не адраўнелыя верхавіны або сярэднія часткі з 3—5 жывымі пупышкамі. Укараненне трэба праводзіць у пясчаным субстраце, папярэдне апрацаваўшы чаранкі стымулятарам росту. Праз год з невялікай галінкі фарміруецца паўнавартасны высадак чарнаплоднай ароніі для пасадкі ў грунт.

Догляд

Аронія мае патрэбу ў рэгулярным паліве, абразанні кроны, трох­разовай падкормцы, выдаленні пустазелля. Таксама значную ролю ў догля­дзе адыгрывае  прафілактычная апрацоўка ад шкоднікаў.

Трэба памятаць, што хоць аронія чарнаплодная можа доўга выжываць ва ўмовах засухі, але для атрымання багатага  ўраджаю ёй неабходна вада. Важна праводзіць рэгулярныя палівы: у пачатку вегетацыі, летам, падчас наліву і паспявання пладоў, восенню перад тым, як хмызняк сыдзе на зімоўку.

Абрэзку ароніі пачынаюць з першага года жыцця. Адразу фарміруюць крону з 10—12 галін, затым па меры іх старэння паступова замяшчаюць новымі парасткамі. Для фарміравання мініяцюрных дрэўцаў на ўзроўні глебы выдаляюць усе парасткі, акрамя самага моцнага, а затым паступова фарміруюць з яго ствол. Для гэтага на працягу некалькіх гадоў на штамбе ароніі пакідаюць некалькі верхавінных пупышак. А калі расліна дасягне жаданай вышыні, кропку росту выдаляюць і распачына­юць стварэнне кампактнай кроны.

Амаладжэнне расліны пачынаюць ва ўзросце 4 гадоў. Так, абрэзку ароніі робяць ранняй вясной да пачатку працэсу абуджэння хмызняку, і восенню пасля збору пладоў і завяршэння сезона вегетацыі. Пры гэтым акуратна выразаюць сухія, пашкоджаныя і слабыя галінкі, якія замінаюць пранікненню ўнутр кроны святла і насякомых­апыляльнікаў.

Падкормка расліны і барацьба са шкоднікамі

Чарнаплодная рабіна добра адгукаецца на падкормкі, якія трэба праводзіць тры разы на год. Для гэтага ў прыствольны круг дабаўляюць разведзеныя адпаведна інструкцыі мінеральныя ўгнаенні: вясной — азотныя, летам — калійныя, восенню — фосфарныя разам з арганічнымі.

Таксама добрыя вынікі дае падкормка з дабаўленнем драўнянага попелу ў летні перыяд, калі фарміруецца вегетатыўная маса расліны. Пры назапашванні празмернай колькасці азоту ў другой палове вегетатыўнага сезона азотныя падкормкі рабіць не варта.

Пасаджаную расліну трэба падрыхтаваць да нашэсця шкоднікаў: златак, даўганосікаў, майскіх жукоў, усачоў. Пры гэтым насякомыя і іх лічынкі мо­гуць пашкоджваць лісце, бутоны кветак і такім чынам зніжаць ураджайнасць ароніі чарнаплоднай. Для правядзення прафілактычных мерапрыемстваў прымяняюць хімічны спосаб — апрацоўку фунгіцыднымі прэпаратамі да перыяду цвіцення расліны. Але найбольш бяспечны спосаб барацьбы са шкоднымі насякомымі — біялагічны. Таму для прываблівання птушак на ўчастку развешваюць кармушкі.

На заканчэнне з асабістага вопыту адзначу, што аронія —  непатрабавальная ў доглядзе расліна. Пры гэтым ягады чарнаплоднай рабіны падыходзяць для кулінарных нарыхтовак і асабліва каштоўныя сваімі лячэбнымі ўласцівасцямі. Таксама чарнаплодная рабіна валодае своеасаблівай дэкаратыўнай прыгажосцю. Жывая агароджа з расліны ўпрыгожвае фон прысядзібнага ўчастка некалькі разоў на год: белай афарбоўкай падчас цвіцення, буйной зялёнай лістотай улетку, чорнымі сакавітымі ягадамі і чырвоным  колерам лісця позняй восенню.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска  імя А.С.Пушкіна