Макарона на патэльні

Аматарам макаронных вырабаў раю згатаваць гэтыя немудрагелістыя стравы. Але, як і любую іншую ежу, гатаваць іх трэба з душой. І тады прасцецкая макарона цалкам здольна прэтэндаваць на ганаровае званне пасты!

Што можа быць прасцейшым і смачнейшым, чым макарона са свінінай, морквай, цыбуляй і спаржавай фасоляй?!

Інгрэдыенты: спатрэбяцца любыя макаронныя вырабы — 3 шклянкі; 300 г свініны; спаржа (нарэзаная кавалачкамі) — 300 г; цыбуля — 1 шт.; морква — 1 шт.; алей; чорны молаты перац, соль — на смак.

У першую чаргу адварваю макарону. Лепшы спосаб — выключыць агонь, калі яна бу­дзе яшчэ цвёрдай, і пакінуць “даходзіць” у кіпені. А потым адкінуць на друшляк.

У алеі на ўмераным агні абсмажваю моркву. Пасыпаю яе цукрам і карыцай, і, памешваючы, гатую да таго часу, пакуль яна не пакрыецца карамельнай скарыначкай.

Часнок абіраю, раздушваю кожны зубок плоскім бокам нажа і на працягу 1—2 мінут абсмажваю ў алеі. Як толькі часнок пачне “залацець”, вынімаю яго з патэльні і на час адкладаю ўбок. Дадаю здробненую цыбулю і смажу яе да таго часу, пакуль яна таксама не стане залацістай.

Да агародніны выкладваю свіныя кавалачкі, перамешваю і трымаю на агні мінут 5, даю мясу прапарыцца. Можна абсмажыць да лёгкай скарыначкі.

Вяртаю ў патэльню часнок, выкладваю макарону, спаржавую фасолю, змешваю; гатую яшчэ мінут 5—10 на сярэднім агні без накрыўкі — уся лішняя вільгаць павінна выпарыцца, а макарона напітацца водарамі мяса, агародніны і спецый. Затым агонь выключаю і пакідаю пад накрыўкай на 5 мінут. Падаю гарачай.

Рэкамендую ўсім рэцэпт сытнай стравы!

Інгрэдыенты: фігурная макарона (у тым ліку каляровая) — 300 г; сыр цвёрдых гатункаў — 150 г; сметанковае масла — 30 г; соль і спецыі — на смак.

У разагрэтай патэльні таплю масла. Дадаю макаронныя вырабы і абсмажваю прыкладна 3—5 мінут. Салю, усыпаю спецыі, уліваю халодную ваду (каля 400 мл). Патэльню накрываю, памяншаю нагрэў пліты да мінімальнага ўзроўню.

Гатую да выпарвання лішняй вадкасці і размякчэння макароны. Час гатавання залежыць ад гатунку і віду макаронных вырабаў. Як правіла, працэс займае не больш за 15 мінут. Памешваць пры варцы не трэба. Дадаю нацёрты на буйной тарцы сыр, раўнамерна размеркаваўшы яго па ўсёй паверхні макароны. Перамешваю і выключаю пліту. Падаю адразу гарачай.

Калісьці тушонка была адным з самых папулярных інгрэдыентаў на нашай кухні. Нашы матулі і бабулі, а таксама таты і дзядулі гатавалі з ёю самыя розныя стравы, уключаючы капусту, боршч, кашы, рагу і запяканкі. З часам папулярнасць яе моцна паменшылася, але стравы ад гэтага менш смачнымі не сталі, праўда?

Самая зручная макарона для гэтай стравы — тыпу ражкоў, ракавінак. Тушонку можна браць любую.

Адварваю ў салёнай вадзе макаронныя вырабы да стану al dente, адкідваю на друшляк, даю сцячы вадзе. На невялікай колькасці алею абсмажваю дробна парэзаную цыбулю і нацёрты на дробнай тарцы часнок. Да смажанай агародніны дадаю змесціва бляшанкі і кіпячу ўсё 5 мінут. Пасыпаю молатым перцам, крыху прысаліўшы, улічваючы, што тушонка ўжо ўтрымлівае соль.

У патэльню з тушонкай выкладваю макарону, старанна змешваю і трымаю на агні мінут пяць, каб макарона як след набралася мясным соусам з агароднінай. Вось і ўсё.

Хутчэй збірайцеся за сталом — смачна есці!

З павагай і любоўю, Анатольеўна.

Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.