Пісанкі

Аднаўляюцца, адраджаюцца ўзоры народнай мастацкай творчасці. Гэта можна аднесці да такога цікавага, глыбока традыцыйнага, але практычна забытага віду народнага мастацкага роспісу, як дэкарыраванне велікодных яек — пісанак.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Дэкарыраванне велікодных яек можна лічыць адным з самых старажытных народных відаў роспісу, карані якога хаваюцца ў да­хрысціянскіх часах. Тэхналогія дэкарыравання велікодных яек вельмі цікавая і разнастайная. Яна дазваляе дабівацца багацця арнаментыкі і каларыстыкі, ператвараць звычайнае яйка ў твор мастацтва.

У аграгарадку Палата такім відам мастацтва займаецца Яўгенія Клімава, якая з вялікай асалодай выконвае такую работу і перадае яе таямніцы сваім аднавяскоўцам, вучням мясцовай школы.

Вялікдзень! Гэта свята, прысвечанае ўваскрашэнню Сына Божага Ісуса Хрыста. Яно з’яўляецца самым значным і ўрачыстым.

Звычай фарбаваць яйкі бярэ свой пачатак яшчэ з праславянскай культуры. Нашы продкі фарбавалі яйкі на веснавыя святы, звязаныя з абуджэннем прыроды. У якасці фарбавальніка выкарыстоўвалі кроў забітай жывёлы. З прыняццем хрысціянства яйкі ўвайшлі ў абрад святкавання Вялікадня і пачалі фарбавацца адварам шалупіння цыбулі.

Фарбаванне яйка ў розныя колеры мела сваё сімвалічнае значэнне: чырвонае — радасць жыцця, каханне; жоўтае — багаты ўраджай; блакітнае — спакой і хатняя ўтульнасць; зялёнае — здароўе і бадзёрасць.

У народзе верылі ў магічную сілу яйка. Пакладзенае пасля  свята з галінкай вярбы за бажніцу, яно засцерагала хату ад пажару; гаспадара, скаціну — ад сурокаў, хваробы. Была прымета: калі памыцца вадой, у якую апускалі пісанкі, будзеш здаровым. А каб яйка не псавалася, яго пачалі рабіць з гліны, а потым і з дрэва.

Паколькі яйку надавалася такая вялікая значнасць, людзі імкнуліся  зрабіць яго больш прыгожым. Яны фарбавалі яго, а потым размалёўвалі белым роспісам на цёмна-чырвоным фоне. Роспіс быў вельмі простым: на чырвонае яйка  наносіліся белыя рыскі, кропкі, лапкі, ланцужкі — лініі, сугучныя беларускаму арнаменту. Кожны ўзор — сімвал: сонца, зямля, багач і г.д. Яны вучаць любіць Маці-зямлю, працу. Па гэтых сімвалах можна прачытаць задуму кожнага майстра. Так з’явіліся беларускія пісанкі.

Значна пазней у пісанцы пачалі выкарыстоўваць беларускі роспіс на аснове раслінных элементаў. Больш пашыраны матыў — разетка — размяшчаўся ў цэнтры яйка ў верхняй яго частцы, а свабодныя плошчы запаўнялі ланцужкамі з розных простых элементаў.

Пісанкі існавалі ў літоўцаў, палякаў, украінцаў. У палякаў быў геаметрычны ўзор, а на версе — крыж, ва Украіне — розныя ўзоры, у Венгрыі — ярка-чырвоныя кветкі.

Тэхналогія роспісу велікодных яек

Для работы з пісанкамі трэба мець свежыя яйкі. Іх абмываюць гарачай вадой, абсушваюць, а затым бяруцца за работу.

У многіх рэгіёнах Беларусі выкарыстоўваюць прыёмы дэкарыравання воскам, якія заключаюцца ў нанясенні васковага ўзору на паверхню яйка для захавання яе натуральнага колеру пры апусканні ў фарбавальнік. Выконваецца работа з дапамогай свечкі і бляшанай лейкі.

Фарбавальнікі выкарыстоўваюць сінтэтычныя і харчовыя. Прыродныя фарбавальнікі: шалупінне цыбулі дае ярка-аранжавы, цёмна-чырвоны колер; сухі ліст бярозы — ярка-жоўты; кара дуба — бронзавы; морква — аранжава-жоўты; чарнаплодная рабіна — чорны колер.

Кожны можна паспраба­ваць упрыгожыць велікодныя яйкі. Амаль забыты від народнага мастацкага роспісу зноў займае сваё месца ў народным побыце — як у вёсцы, так і ў горадзе.

Сяргей КАЧАРАГІН,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Палатоўскага дзіцячага сада — базавай школы Полацкага раёна.
Фота аўтара.