Антыаксіданты супраць захворванняў

Цяпер як ніколі важна забяспечыць свой арганізм рэчывамі, якія дапамагаюць у барацьбе з віруснымі інфекцыямі. І антыаксідантам тут належыць вельмі важная роля.

Адным з кірункаў барацьбы з рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі з’яўляецца падтрыманне метабалічных працэсаў у клетках. З іх дапамогай павышаюцца ахоўныя рэакцыі клетак арганізма на акісляльныя працэсы, што адбываюцца ў арганізме, клеткі супраціўляюцца не толькі інфекцыям, але і хваробам сэрца, сасудаў, мозгу і нават старэнню.

Даказана, што немалаважным фактарам, які ўплывае на імунітэт у перыяд пандэміі COVID-19 і сезоннага ўздыму захваральнасці на грып і вірусныя інфекцыі, з’яўляецца забяспечанасць арганізма вітамінамі-антыаксідантамі і мінеральнымі рэчывамі.

З мноства пажыўных рэчываў і антыаксідантаў, якія змяшчаюцца ў прадуктах харчавання і з дапамогай якіх можна ўзмацніць абарону арганізма ад інфекцый і вірусаў, асабліва важныя вітаміны А, правітамін А (каратыноіды), вітаміны С, Е, Д, групы В, а таксама фоліевая кіслата і мікраэлементы селен, цынк, жалеза.

Ужыванне ў ежу агародніны і садавіны з’яўляецца эфектыўнай прафілактыкай хвароб. Многія з гэтых прадуктаў утрымліваюць у сваім складзе антыаксіданты, што нейтралізуюць дзеянне свабодных радыкалаў, якім уласціва выклікаць пашкоджанне мембран клетак. Варта есці больш прадуктаў, багатых на бэта-карацін (морква, спаржа, буракі, брокалі, гарбуз, курага, жоўты перац) і вітамін А (печань, жаўток яйка, сметанковае масла). Аскарбінавай кіслаты або вітаміну С шмат у шыпшыне, балгарскім перцы, чорных парэчках, ківі, абляпісе, усіх відах капусты, цытрусавых, шпінаце, авакада. Прадукты, багатыя на вітамін Е (такаферол), — гэта нерафінаваны алей, печань, арэхі, асабліва кедравыя, арахіс і міндаль, ласось, пшаніца, авакада, аўсянка. Дэфіцыт вітаміну Д не толькі прыводзіць да развіцця захворванняў, звязаных з абменам кальцыю, але і павышае рызыку ўзнікнення вірусных і ў цэлым інфекцыйных захворванняў. Трэба памятаць, што вітамін Д — адзінае пажыўнае рэчыва, якое арганізм выпрацоўвае з дапамогай сонечнага святла. Але яго дэфіцыт можна папоўніць з дапамогай прадуктаў харчавання. Шмат вітаміну Д у тлустых гатунках марской рыбы (ласось, скумбрыя, сардзіна, селядзец), кансерваваным тунцы, алеі печані траскі, яечных жаўтках, грыбах.

Адзін з важных і магутных антыаксідантаў у целе, які абараняе нашы клеткі ад пашкоджанняў свабоднымі радыкаламі і тым самым узмацняе актыўнасць імуннай сістэмы ў барацьбе супраць вірусаў і хвароб, — гэта глутацыён. Ён іграе важную ролю ў падтрыманні здароўя печані і яе дэтаксікацыі. Вялікая колькасць гэтага рэчыва змяшчаецца ў часнаку, цыбулі, шпінаце, грэцкіх арэхах, цяляціне, брокалі і брусельскай капусце.

Ну і вядома, для падтрымання імунітэту арганізму не абысціся без такіх мікраэлементаў, як селен і цынк. Селен — магутны антыаксідант. Пры рабоце селену сумесна з іншымі антыаксідантамі іх уздзеянне на арганізм узмацняецца. Гэты мікраэлемент здольны запавольваць працэсы старэння, а таксама, паводле даных шматлікіх даследаванняў, эфектыўны для зніжэння рызыкі развіцця раку. Селен стымулюе ўтварэнне антыцел, гэта значыць дапамагае правільнаму функцыянаванню імуннай сістэмы, аказваючы дапамогу ў барацьбе з бактэрыяльнымі і віруснымі інфекцыямі. Прадукты — крыніцы селену: яйкі, печань (ялавічная, барановая), ныркі, ялавічына, свіное сала, а таксама часнок, насенне сланечніка, какос, фісташкі, бразільскі арэх, вотруб’е, соя.

Цынк таксама валодае антыаксідантнымі ўласцівасцямі і неабходны арганізму для барацьбы з інфекцыямі, у тым ліку з каранавіруснай інфекцыяй. Акрамя таго, ён зніжае цяжар цячэння захворвання. Таму вельмі важна пры вірусных і бактэрыяльных інфекцыях уводзіць у рацыён прадукты, якія змяшчаюць цынк: ялавічную печань і ялавічыну, яйкі, арэхі, асабліва кеш’ю, мора­прадукты, насенне сланечніка і гарбузы, насенне лёну, кунжут, шпінат, белую фасолю.

Заслугоўвае асаблівай увагі спецыя куркума — прыродны антыбіётык і эфектыўны антыаксідант. Як вядома са старажытных часоў, яна валодае супрацьвіруснымі, антыбактэрыяльнымі і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі. Асабліва куркума эфектыўная пры лячэнні запаленчых захворванняў, спрыяе ачышчэнню дыхальных шляхоў.

Вядома, што куркума як натуральны імунамадулятар актывізуе імунную сістэму арганізма чалавека. Менавіта таму куркума карысная ў сезон прастуд, грыпаў і ВРВІ. У адрозненне ад сінтэтычных прэпаратаў з аптэк, гэтая вострая прыправа не ўплывае негатыўна на страўнік і кішэчнік. Больш за тое, яна станоўча ўздзейнічае не толькі на ачаг паражэння, але і на ўвесь арганізм. У гэтай вострай прыправы даволі багаты вітамінавы склад: у ёй змяшчаюцца вітаміны В6, С, РР, Е, В2, К, В1, В9. Акрамя таго, у складзе куркумы шмат мінералаў: магній, калій, кальцый, марганец, медзь і жалеза. Асаблівае месца ў гэтым спісе займае куркумін (яго ўтрымліваецца да 85%), які валодае рознымі карыснымі ўласцівасцямі (прафілактыка прастудных захворванняў, падтрыманне работы сардэчна-сасудзістай сістэмы, паляпшэнне стрававання, лячэнне дыябету). Акрамя гэтага, варта звяртаць увагу на прадукты харчавання масавага спажывання, багатыя на селен: хлебабулачныя вырабы, малочныя прадукты, яйкі, якія лёгка можна знайсці на прылаўках магазінаў.

Выкарыстоўваючы ў сваім рацыёне прадукты, якія змяшчаюць антыаксіданты, вы захаваеце прыгажосць, маладосць і здароўе на доўгія гады.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
урач-гігіеніст санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.