Чытанне па начах, стрэс і боязь

Што яшчэ адмоўна ўплывае на зрок школьнікаў?

Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 285 млн жыхароў Зямлі маюць праблемы са зрокам, прычым 90% з іх — насельніцтва развітых краін. Прычыны, па якіх так адбываецца, здаецца, ляжаць на паверхні: гаджэты, чытанне па начах, спадчыннасць. Наколькі гэта праўдзіва ў адносінах да нашай краіны, у прыватнасці, да дзяцей? Ці можа нагрузка ў школе паўплываць на рэзкае пагаршэнне зроку дзіцяці? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні згадзілася доктар медыцынскіх навук, прафесар, галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя Вікторыя Леанідаўна КРАСІЛЬНІКАВА.

— Вікторыя Леанідаўна, якія захворванні вачэй найбольш часта сустракаюцца ў дзяцей?

— Самай частай прычынай звароту дзяцей і іх бацькоў да ўрача-афтальмолага з’яўляюцца анамаліі рэфракцыі (асаблівасці будовы аптычнай сістэмы вока, якая дастаўляе выяву да сятчаткі, г.зн. праламляльная здольнасць вока). Асноўнымі анамаліямі рэфракцыі з’яўляюцца міяпія (блізарукасць), гіперметрапія (дальназоркасць) і астыгматызм (наяўнасць рознай рэфракцыі ў асноўных мерыдыянах). З такой паталогіяй да афтальмолага звяртаюцца да 67% пацыентаў дзіцячага ўзросту.

У залежнасці ад сезона года могуць пераважаць запаленчыя захворванні слізістай абалонкі вока (кан’юнктывы) — кан’юктывіты. Напрыклад, алергічныя кан’юктывіты часцей сустракаюцца вясной, падчас цвіцення травы і дрэў; вострыя вірусныя — восенню і зімой, калі павялічваецца колькасць прастудных захворванняў і дзеці доўга знаходзяцца ў вялікіх калектывах і замкнёных прасторах, а летам кан’юктывіты магчымы з-за трапляння іншародных цел.

— Як бацькі малышоў мо­гуць зразумець, што ў дзіцяці праблемы са зрокам, з вачамі?

— Зразумець, што ў дзіцяці ёсць праблемы са зрокам, — даволі цяжкая задача, і вызначэнне адхіленняў залежыць ад узросту дзіцяці. Як правіла, дзеці дашкольнага ўзросту (асабліва да 3-х гадоў) не прад’яўляюць скаргаў на зніжэнне зрокавых функцый, і зразумець, што ў дзіцяці ёсць парушэнне зроку (калі мы гаворым аб анамаліях рэфракцыі) можна двума спосабамі. Па-першае, гэта ўважлівае стаўленне бацькоў да дзіцяці і яго паводзін. Часам раздражняльнасць малыша можа быць прыметай праблем са зрокам, дзіця не можа выканаць якое-небудзь дзеянне з-за таго, што яно дрэнна бачыць і хвалюецца па гэтай прычыне, але растлумачыць гэтага не можа. Яшчэ адна прымета — адхіленне вачэй ад натуральнага становішча, але гэтая прымета эфектыўная ў дачыненні да дзяцей, якім 6 месяцаў і больш: у немаўлят вочы могуць глядзець у розныя бакі і гэта нармальна. Дарэчы, становішча галавы таксама можа гава­рыць аб парушэнні зроку, а яшчэ дзіця можа адштурхоўваць вашу руку, калі вы закрываеце ёй адно з вачэй (тое, якое горш бачыць).

Наведванне планавых дыспансерных аглядаў урача-афтальмолага, безумоўна, адразу дапаможа вызначыць, ці ёсць праблемы са зрокам. Пачырваненне вачэй і выдзяленне з іх вялікай колькасці слізістага ці гнойнага аддзяляемага — відавочная прычына ісці да ўрача.

У дзяцей школьнага ўзросту ўжо могуць з’яўляцца скаргі, якія яны, калі не баяцца гневу баць­коў, расказваюць своечасова і зразумела. Тым не менш бацькі і тут павінны праявіць сваю ўважлівасць. Напрыклад, дзіця ўвесь час жмурыцца, трэ вочы (так яно спрабуе палепшыць бачнасць) — усё гэта можа быць першай прыметай развіцця міяпіі. Скаргі дзяцей у вячэрні час на галаўны боль, боль у вобласці вачэй, надброўных дуг — гэта таксама першыя прыметы развіцця міяпіі.

— На прыёме ў афтальмолага можна пачуць, што ў дзіцяці астыгматызм. Чым небяспечная гэтая паталогія і як яе можна скарэкціраваць?

—  Для астыгматызму характэрна не аднолькавае праламленне светлавых прамянёў. Гэта прыво­дзіць да таго, што на сятчатку праецыруецца скажоная выява. У прыродзе не існуе ідэальных паверхняў, таму часцей за ўсё ў нас ёсць астыгматызм і яго называюць фізіялагічным у межах 0,5—0,75 Д, але ён не адбіваецца на нашай вастрыні зроку. Калі астыгматызм большы, чым  названыя значэнні, то, як правіла, ён патрабуе карэкцыі акулярамі ці кантактнай карэкцыі. У старэйшых дзяцей пры высокіх ступенях астыгматызму і непераноснасці звычайнай карэкцыі становіцца магчымым прымяненне больш радыкальных метадаў карэкцыі — лазернай рэфракцыйнай хірургіі, але толькі па рэкамендацыі ўрача. Часцей за ўсё астыгматызм суправаджае  гіперметрапічную рэфракцыю (дальназоркасць) і можа прыводзіць пры адсутнасці яго карэкцыі да развіцця лянівага вока — амбліяпіі, а таксама касавокасці. Варыянты дыяг­ностыкі такога стану бацькамі прыведзены вышэй.

Калі амбліяпія была дыягнаставана, першае, што трэба зрабіць, гэта правесці правільную карэкцыю анамаліі рэфракцыі (карэкцыя акулярамі, кантактная ці біяоптыка — акулярная і кантактная карэкцыя адначасова). Таксама трэба праводзіць дадатковыя спецыяльныя практыкаванні, якія паляпшаюць успрыманне вокам светлавой інфармацыі.

Пастулат “пакуль усё не зраблю (не зробіш), з-за стала не ўстану (не ўстанеш)” з’яўляецца памылковым і якраз ён прыводзіць да таго, што рэзка ўзрастае нагрузка на вочы ў адзін часавы прамежак, які можа доўжыцца ад 2 да 5—6 гадзін.

— Наколькі часта эфект лянівага вока, пра які вы згадалі, дыягнастуецца ў малышоў дашкольнага ўзросту?

— Згодна з данымі сусветнай літаратуры, частата амбліяпіі ў дашкольнікаў можа даходзіць да 15%, і гэта звязана з тым, што прыкладна 5% дзяцей нараджаюцца з гіперметрапіяй высокай ступені, і прыкладна столькі ж дзяцей маюць розную  рэфракцыю на парных вачах.

— Як вы лічыце, ці ўплывае на пагаршэнне зроку нагрузка ў школе і доўгае выкананне дамашніх заданняў, нізка нахіленая галава падчас выканання пісьмовых урокаў?

— У самой школе, непасрэдна на занятках, усё вельмі добра збалансавана: працягласць урока, перапынкі і змена дзейнасці падчас урока — усё гэта адпавядае гігіенічным нормам і ўзроставым характарыстыкам дзіцячага арганізма. Іншая гісторыя — дома. Тут усё залежыць ад самасвядомасці вучня, патрабаванняў бацькоў, якія агучваюцца ў адносінах да дзяцей. Асноўны пастулат, якім кіруюцца бацькі і нават вучні, — “пакуль усё не зраблю (не зробіш), з-за стала не ўстану (не ўстанеш)” — з’яўляецца памылковым і якраз ён прыводзіць да таго, што рэзка ўзрастае нагрузка на вочы ў адзін часавы прамежак, які можа доўжыцца ад 2 да 5—6 гадзін. Нават у добрага рэпетытара ёсць змена дзейнасці падчас заняткаў. Таму арганізацыя працоўнага часу дома пры выкананні дамашніх заданняў вельмі патрэбна. Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту працягласць падрыхтоўкі павінна складаць 30 мінут для заняткаў на блізкай адлегласці (чытанне, пісьмо), пасля чаго трэба адводзіць 30 мінут для рухавага актыўнага адпачынку, аўдыятрэніровак або рэлаксуючага адпачынку. У дзяцей старэйшага школьнага ўзросту пажадана прытрымлівацца схемы 45 мінут працы — 15 мінут адпачынку.

— Як павінна быць абсталявана працоўнае месца для выканання дамашніх заданняў?

— Арганізацыя працоўнага месца — гэта насамрэч важны складнік аховы зроку. У дзіцяці павінен быць добры стол, зручнае крэсла, якія адпавядаюць яго росту (гэта ў ідэале), і добрае асвятленне, якое дазваляе выразна бачыць шрыфт і малюнкі ў падручніку. Правільна, калі дадатковая крыніца святла падае на паверхню стала з левага боку, але пры гэтым не выклікае эфекту асляплення вачэй. Не павінна быць пачуцця, што святло вельмі рэзкае, і пры пераво­дзе погляду на сцяну мы не павінны бачыць на ёй цёмныя плямы ці карцінку, на якую толькі што глядзелі.

Кніга, сшытак павінны знаходзіцца на адлегласці прыкладна 30—35 сантыметраў ад вачэй у стабільным становічы, не мяняючы яго адносна галавы і вачэй. Калі ўжо вельмі хочацца пачытаць лежачы, чаго лепш не рабіць, то тады варта выкарыстоўваць прылады для мацавання кніг, якія дазваляюць знаходзіцца ім у стабільным становішчы адносна галавы таго, хто чытае.

— Сёння многа інфармацыі для падрыхтоўкі да ўрокаў даводзіцца шукаць у інтэрнэце. Акрамя гэтага, дыстанцыйнае навучанне, на якім знаходзіліся на працягу некалькіх месяцаў школьнікі, унесла свае карэктывы ў вучэбны працэс: дзеці выконвалі ўрокі, пісалі тэсты за ноўтбукам. Які час, праведзены за маніторам, можна лічыць бяспечным для дзіцяці?

— Сучаснае развіццё грамадства і IT-тэхналогій уносіць і бу­дзе далей уносіць свае карэктывы ў развіццё і адукацыю дзяцей. Нам гэтага не пазбегнуць. Сучасныя гаджэты ўжо не тыя, якімі былі 10—15 гадоў назад, у іх іншыя тэхнічныя характарыстыкі. Таму неабходна прытрымлівацца тых жа прынцыпаў работы, пра якія мы згадвалі вышэй.

Але трэба пагаварыць пра га­джэты, іх выбар. Тэлефон — самы дрэнны выбар, у ім вельмі дробны шрыфт, невялікі экран, а значыць, ідзе вялікая нагрузка на акамадацыйны апарат вока. Наступны з папулярных гаджэтаў — планшэт. Гэта, безумоўна, лепш, чым тэлефон, але ён таксама мае шэраг недахопаў. Больш пераваг мае ноўтбук. Ён мае стацыянарнае становішча, яго памеры набліжаны да стандартнага ліста А4. У ноўтбуку можна адрэгуляваць яркасць экрана, шрыфт і яго становішча за сталом больш падобна на стандартнае кніжнае.

Стацыянарны камп’ютар — добры выбар, але ён патрабуе пэўных змен па пасадцы дзіцяці за сталом. Такім чынам, кожны прыбор мае свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Увогуле, каб дакладна сказаць, што больш небяспечнае ці, наадварот, бяспечнае для зроку, трэба праводзіць глыбокія даследаванні ўжо ў сучасных умовах. Але адзінае, што я дакладна ведаю: ва ўсім павінна быць мера.

Арганізацыя працоўнага месца — гэта важны складнік аховы зроку. У дзіцяці павінен быць добры стол, зручнае крэсла, якія адпавядаюць яго росту (гэта ў ідэале), і добрае асвятленне, якое дазваляе выразна бачыць шрыфт і малюнкі ў падручніку. Правільна, калі дадатковая крыніца святла падае на паверхню стала з левага боку, але пры гэтым не выклікае эфекту асляплення вачэй.

— Ці можа сапсаваць зрок звычка шмат чытаць не толькі днём, але і вечарам, у ложку перад сном, пры святле начніка? Калі параўнаць чытанне кніг і чытанне з тэлефона, ці ў аднолькавай ступені гэта ўплывае на вастрыню зроку?

— Калі дзіця любіць чытаць, то няхай чытае на здароўе! Галоўнае, яно павінна разумець, што яго здароўе ў яго руках. Пра гэта трэба гаварыць дзецям не тады, калі ўжо пачаліся праблемы са зрокам, а з самага нараджэння.

Можна, напрыклад, устанаў­ліваць таймер, калі неабходна зрабіць перапынак у чытанні. Зрабіць гэта можна з дапамогай некалькіх спосабаў: у выглядзе гукавога напаміну або аўтаматычнага адключэння экрана. Невялікі перапынак працягласцю 15—20 мінут — і можна далей з задавальненнем чытаць.

Што тычыцца начніка, дзіця не павінна чытаць пры яго святле. Чытанне патрабуе наяўнасці зручнага, добра абсталяванага месца. І дзіця не павінна баяцца, што яго пака­раюць за позняе чытанне. Стрэс і бо язь пакарання таксама могуць справакаваць зніжэнне зроку.

Кніга як статычная крыніца інфармацыі без блікаў і мігаценняў, безумоўна, мае свае перавагі нават у тактыльным варыянце. Такім чынам, бацькам трэба памятаць, што асноўны ўрон зроку наносяць няправільны рэжым працы на блізкай адлегласці і перанапружанне акамадацыйных мышцаў.

— Ці часта настаўнікі ў школе павінны праводзіць з дзецьмі зарадку для вачэй?

— Зарадка для вачэй не з’яўляецца абавязковым працэсам падчас урока. Проста чытанне павінна змяняцца іншым відам дзейнасці, напрыклад, вуснай працай, аўдзіраваннем. Затым можна перайсці да пісьмовай часткі ўрока, пасля чаго можна зноў чаргаваць вучэбную дзейнасць. Так вачам будзе давацца магчы­масць адпачыць. Напрыклад, зараз дзеці пішуць у сшытках, затым яны гля­дзяць на дошку, сочаць за тым, што піша настаўнік ці аднакласнік. Калі адбываецца акамадацыя з блізкай адлегласці на далёкую — гэта таксама ў нейкім сэнсе зарадка.

— Вікторыя Леанідаўна, да якога ўзросту дзіцяці лепш не даваць у рукі тэлефон, не дазваляць гуляць на ім у гульні? Ці існуе градацыя па ўзросце?

— На жаль, няма строгіх навукова абгрунтаваных рэкамендацый па гэтым пытанні. Таму мы, урачы-афтальмолагі, можам зыходзіць толькі з анатамічных і фізіялагічных асаблівасцей будовы вока дзіцяці. Вочы дзетак не прыстасаваны для працы на блізкай адлегласці з моманту нараджэння: дзіця бачыць дрэнна і далёка, і блізка. Чаму? Таму што практычна ўсе дзеці нараджаюцца з гіперметрапічнай рэфракцыяй, якая дае магчымасць расці воку і станавіцца эметрапічным (здольным ба­чыць 1,0 дыоптрый ва ўзросце да 6—7 гадоў). Гэта звязана з раскрыццём усіх магчымых акамадацыйных і рэфракцыйных механізмаў вока.  Таму да трох гадоў, калі ідзе максімальны рост вачэй, лепш дзіця засцерагчы ад інфармацыйных тэхналогій. Цяпер назіраецца новая тэндэнцыя развіцця касавокасці ў дзяцей 6—7 гадоў. Раней гэта было вялікай рэдкасцю і часцей за ўсё было звязана з паталогіяй нервовай сістэмы. Сёння гэта звязана з перагрузкай акамадацыйнага апарату вачэй.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Працяг інтэрв’ю чытайце ў наступным выпуску “Утульнай хаткі”.