Спадчынны фактар — адна з прычын развіцця меланомы

З наступленнем лета тэма прыгожага шакаладнага загару з’яўляецца як ніколі актуальнай. Хтосьці аддае перавагу салярыям, а іншым больш даспадобы натуральны спосаб набыцця смуглай скуры.

Для таго каб знаходжанне на сонцы было бяспечным, патрэбна загадзя паклапаціцца пра аптымальныя спосабы абароны ад ультрафіялетавых прамянёў. Ці магчыма дасягнуць балансу і разам з прыгожым загарам захаваць скуру здаровай? Як недапусціць з’яўлення вялікай колькасці невусаў і пігментных утварэнняў? І ці можа ўльтрафіялет стаць пускавым фактарам у развіцці меланомы і пухлін скуры?

Сёння пра гэта расказвае ўрач-анколаг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольга Анатольеўна КАРТАВАЯ.

— Вольга Анатольеўна, як абараніць сябе ад шкоднага ўздзеяння ўльтрафіялетавых прамянёў? Якім чынам падбіраць сонцаахоўныя сродкі і ці трэба гэта рабіць усім і пастаянна?

— Нягледзячы на тое, што доўгі час знаходзіцца пад прамымі сонечнымі прамянямі небяспечна і многія ў асноўным чуюць пра шкоду ўльтрафіялету, сонца дае нам і карысць. Ад сонца мы атрымліваем вітамін D, а ён карысны для нашага арганізма, касцей, мышц, скуры. Да таго ж наша скура ў нейкай ступені сама можа абараняцца ад сонца. Меланін, якія выпрацоўваецца ў скуры, абараняе клеткі ад разрушальнага дзеяння ўльтрафіялету, таму кароткачасовае знаходжанне на сонцы без сонцаахоўнага крэму шкоды не прынясе. Але ў нас светласкурая нацыя (як правіла, 2—3 фотатып). І, як вядома, час бясшкоднага знаходжання на сонцы будзе залежаць ад таго, які ў людзей фотатып скуры, колер вачэй і валасоў. Для нашага фотатыпу бяспечным лічыцца знаходжанне на сонцы без ахоўных сродкаў на працягу 10—15 мінут прамога сонечнага ўздзеяння. Ці патрэбна заўсёды карыстацца ахоўным крэмам? Калі чалавек знаходзіцца ўвесь дзень на адкрытым сонцы, значыць, абавязкова павінен карыстацца сродкамі, якія абараняюць ад яго. А значыць, выбіраць сонцаахоўныя сродкі неабходна з улікам многіх фактараў, і ў першую чаргу ў залежнасці ад фотатыпу. Светласкурым трэба карыстацца крэмам з больш высокай ступенню абароны. Безумоўна, узрост, тып скуры, а яшчэ наяўнасць на ёй розных новаўтварэнняў таксама адыгрываюць пэўную ролю. Тым не менш, ёсць публікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у якіх значыцца, што аптымальным узроўнем абароны для нашага фотатыпу з’яўляюцца сродкі з SPF 30. Калі гаварыць пра больш высокі фактар SPF, сёння пра гэта вядзецца шмат дыскусій. Ці насамрэч сродкі з SPF большым за 30 настолькі неабходныя для нас. Ёсць доказы, што SPF 50 прыносіць для скуры большую шкоду, чым 30. Прадукты з высокай ступенню SPF-абароны маюць патрэбу ў больш высокіх канцэнтрацыях хімічных фільтраў ад сонца ў параўнанні са сродкамі з нізкай SPF-абаронай ці натуральнымі масламі. Некаторыя з гэтых інгрэдыентаў, трапляючы ў скуру, могуць аказваць адмоўнае ўздзеянне на арганізм. Іх прымяненне звязваюць з пашкоджаннем тканей, гарманальнымі парушэннямі і алергічнымі рэакцыямі скуры. Сонцаахоўны крэм — гэта сродак, які змяшчае тыя фільтры, якія абараняюць ад сонца. Фільтры могуць быць хімічнымі (паглынаюць ультрафіялет) і фізічнымі (адбіваюць). Ультрафіялет мае тры хвалі. Менавіта хвалі А, якія з’яўляюцца самымі доўгімі, выклікаюць фотастарэнне скуры, але ў той жа час дзякуючы ім з’яўляецца прыгожы светлы раўнамерны загар. Толькі гэта адбываецца не адразу. Мы трапляем на сонца, на нас уздзейнічае доўгая хваля — і праз 2—3 дні праяўляецца загар. Хвалі В у першую чаргу выклікаюць апёкі, а таксама хуткі загар. Гэта значыць, што, выбіраючы сонцаахоўны крэм, неабходна звяртаць увагу на тое, каб ён быў комплексным, абараняў ад А і В прамянёў. Ёсць яшчэ і хваля С, якая з’яўляецца самай шкоднай, але да нас яна не даходзіць, таму што паглынаецца азонавым слоем. Такім чынам, выбіраючы сонцаахоўныя сродкі, неабходна звяртаць увагу на тое, якія фільтры яны змяшчаюць — хімічныя ці фізічныя, для якой узроставай катэгорыі прызначаны. Ступень абароны — гэта час, на які можна павялічыць знаходжанне на сонцы. SPF 15 дазваляе без шкоды для сябе знаходзіцца на сонцы на працягу 1,5 гадзіны. З SPF 50 на сонцы можна быць да 8 гадзін. Але ў сродках з SPF 50 змяшчаецца вялікая колькасць агрэсіўных фільтраў, таму што ім трэба ў большай ступені паглынуць і адлюстраваць ультрафіялетавыя прамяні. Трапляючы ў скуру, гэтыя фільтры выклікаюць алергізацыю. Такім чынам, SPF 30 — ідэальны варыянт. Але, безумоўна, заўсёды ёсць выключэнні. Для кагосьці неабходна выкарыстоўваць і SPF 50.

Што тычыцца дзіцячых сродкаў, то яны павінны быць з мінеральнымі фільтрамі, якія не паглынаюць, а адбіваюць прамяні.

Калі гаварыць пра звышводаўстойлівыя сродкі, то яны па сваёй структуры вельмі шчыльныя, не дазваляюць нават карыснаму ўльтрафіялету прабіцца да скуры. Таму варта аддаваць перавагу проста водаўстойлівым сродкам. Але імі карыстацца трэба на адпачынку, калі мы шмат часу праводзім у вадзе.

Важнымі з’яўляюцца пытанні правільнага загару. Патрэбна абмяжоўваць час прыбывання на сонцы. Ідэальны час для загару — з 8 да 10 гадзін раніцы ці з 16 да 19 гадзін. Самыя небяспечныя прамяні сонца — з 11 да 15 гадзін. У гэты час ёсць рызыка замест прыгожага загару атрымаць сонечны апёк. Пачынаць загараць патрэбна з 10—15 хвілін у дзень, паступова павялічваючы час.

— Якія фактары ўплываюць на з’яўленне невусаў і ці могуць сонцаахоўныя сродкі абараніць ад новых пігментных утварэнняў?

— Невус бывае прыроджаны і набыты. Часта невусы называюць радзімкамі — бытавая назва невуса. На з’яўленне невусаў уплываюць розныя фактары, у тым ліку спадчыннасць, фотатып, месца пражывання, лад жыцця. З’яўленне невусаў — гэта звычайная з’ява, нічога страшнага ў ёй няма. Калі ў вас ёсць ці з’явіўся невус, які адрозніваецца ад іншых, выклікае падазрэнні, прыносіць дыскамфорт, відазмяніўся ці падвяргаецца траўмам, неабходна паказацца спецыялісту. Варта памятаць, што любыя пігментныя ўтварэнні, у якім бы ўзросце яны ні з’явіліся і дзе б ні лакалізаваліся, нельга самастойна выпальваць, адрываць і спрабаваць на іх уздзейнічаць хімічнымі фактарамі, таму што можна справакаваць развіццё меланомы ці раку скуры. У маёй практыцы быў такі выпадак, калі бацькі самастойна выпальвалі дзіцяці невус пры дапамозе народных сродкаў. У выніку звычайнае дабраякаснае ўтварэнне ператварылася ў меланому. Зараз з хлопчыкам — а ён ужо вырас — усё добра, ён у рэмісіі. Такім чынам, калі ёсць паказанні да выдалення невуса, яго неабходна пазбаўляцца. Але многія людзі гэта баяцца рабіць, таму што лічаць, што падчас выдалення можа здарыцца так, што добры, на іх погляд, невус перародзіцца ў злаякаснае ўтварэнне. Гэта памылковае перакананне. Урачы выдаляюць толькі тыя ўтварэнні, якія ўжо відазмяняюцца.

— На што неабходна звяртаць увагу, каб своечасова заўважыць, што невус, магчыма, перараджаецца ў злаякаснае ўтварэнне?

— Чалавека павінна насцярожыць новае ўтварэнне на целе з нехарактэрным колерам, якое хутка расце, выклікае дыскамфорт, чэшацца ці баліць. Спецыялісты, калі да іх звяртаюцца на дыягностыку, звяртаюць увагу на памеры скурнага ўтварэння, задаюць наконт гэтага пытанні. Урачу варта паведаміць, што адбылося з невусам за апошні час, павялічыўся ён у памерах ці паменшыўся. Рэзкая змена памераў утварэння, яго абясколерванне, а таксама сціранне меж невуса з’яўляюцца абавязковай нагодай для неадкладнай кансультацыі анколага. Але варта памятаць, што не ўсе змены, якія адбываюцца з невусам, сведчаць пра тое, што ён перараджаецца ў злаякаснае ўтварэнне. Ёсць паняцце “галаневус” — невус, вакол якога з’яўляецца зона дэпігментацыі. Напрыклад, калі невус карычневы, а вакол яго — бясколерная зона. Калі на скуры ўтвараецца такі невус, гэта не заўсёды дрэнна. Але пракансультавацца з анколагам наконт гэтага будзе правільна. Таксама на невусах, якія былі траўміраваны, можа з’яўляцца лушчэнне ці корка, але і гэта не паказчык таго, што ўтварэнне пераходзіць у меланому. Але траўміраваны невус лепш выдаліць. Паўтаруся: любыя змены, якія адбываюцца з радзімкай, павінны абмяркоўвацца з анколагам.

— Як часта ў нашай краіне дыягнастуецца меланома? Якую ролю ў яе ўзнікненні адыгрывае спадчынны фактар? Ці часта гэты від пухлін дыягнастуецца ў дзяцей?

— Адразу адзначу, што меланома і рак скуры — гэта розныя віды пухлін. Рак скуры — гэта эпітэліяльная пухліна, якая ўзнікае з эпітэлію, а меланома ўтвараецца з меланацытаў. Так, меланома размяшчаецца на скуры, але бывае, што яна з’яўляецца таксама на слізістай абалонцы.

У Беларусі меланома дыягнастуецца даволі часта. Яна займае да 4% ад усіх відаў пухлін і з’яўляецца вельмі агрэсіўнай. Штогод колькасць людзей, якія хварэюць на меланому, павялічваецца. Калі гаварыць пра дзяцей, то рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі захворвання гэтым відам пухлін. Але развіваецца меланома часцей за ўсё тады, калі ёсць фактары, якія да гэтага прыводзяць. Гэта можа быць траўматызацыя ці пражыванне ў эндэмічных абласцях з высокай сонечнай актыўнасцю. Быў выпадак, калі дзяўчынка з Беларусі паехала жыць у Новую Зеландыю. Безумоўна, наш фотатып, а таксама агрэсіўнае сонца зрабілі сваю справу. У гэтай пацыенткі з невуса вырасла меланома. Але варта памятаць, што меланома, як і рак скуры, не характэрныя для дзяцей пухліны. Так, яны дыягнастуюцца, але вельмі рэдка, раз у некалькі гадоў, такія выпадкі адзінкавыя. Калі гаварыць пра спадчынны фактар, ён, безумоўна, з’яўляецца адной з важных прычын, што правакуюць развіццё гэтага віду пухлін. Калі ў кагосьці з блізкіх сваякоў узнікла меланома, рызыка значна ўзрастае. Сёння ўжо знойдзены ген, якія адказвае за гэты від пухлін. Гэты ген у вялікай ступені можа перадавацца па спадчыне. Ёсць яшчэ паняцце “сіндром шматлікіх дыспластычных невусаў” (калі на скуры ў чалавека налічваецца больш чым 50 невусаў), — вынік спадчыннай схільнасці, калі ўсе члены сям’і, якія нават не маюць падобных утварэнняў на скуры, уваходзяць у групу рызыкі развіцця меланомы. Часцей за ўсё такі стан таксама перадаецца па спадчыне.

— Ці можа наведванне салярыя справакаваць развіццё раку скуры? Што здольна хутчэй выклікаць меланому ці рак скуры — салярый альбо жывыя ўльтрафіялетавыя прамяні?

— Салярый — гэта той жа ўльтрафіялет, што і сонца. І яны прыкладана раўназначныя па сваім уздзеянні на скуру. Калі гаварыць пра салярыі і верыць вытворцам лямп, яны ўлічваюць усе нашы фотатыпы. Але мы не можам упэўніцца ў тым, якое там насамрэч абсталяванне, якую даўжыню хваль мае ўльтрафіялет. Акрамя таго, многія, хто наведвае салярый, не карыстаюцца сонцаахоўнымі сродкамі, у той час калі ад сонца спецыяльныя сродкі прымяняюцца.

— Якімі метадамі сёння можна бяспечна выдаліць невус і які з іх самы бязбольны?

— Перш чым выдаляць невус, варта вызначыцца, з якой мэтай чалавек гэта робіць. Калі ёсць эстэтычныя паказанні, напрыклад, невус знаходзіцца ў дзяўчыны на твары і не падабаецца ёй, — гэта адно. Медыцынскія паказанні — ужо іншае пытанне. Але ў любых выпадках, якія б прычыны для выдалення ні былі, пытанне бяспекі з’яўляецца галоўным. Любы спосаб выдалення — і хірургічны, і апаратны (лазер, радыёхвалевы нож і г.д.) — мае на ўвазе, што пацыенту часцей за ўсё будзе рабіцца мясцовая анэстэзія. Гэта што тычыцца пытання аб бязбольным метадзе. Перад выдаленнем невуса і іншых элементаў у абавязковым парадку праводзіцца кансультацыя ўрача-дэрматолага, хірурга ці дэрматаанколага, падчас якой вызначаюцца характар і від утварэння, прымаеца рашэнне аб неабходнасці выдалення і падбіраецца аптымальны метад лячэння. Перш чым урач выдаліць невус, павінен быць сабраны анамнез. Анколагу неабходна ведаць, што ў апошні час адбывалася са скурным утварэннем, ад якога хочацца пазбавіцца. Перавага апаратных метадаў — малаінвазіўны, бяскроўны, выключаецца рызыка інфіцыравання, добры эстэтычны эфект. Але не ўсе ўтварэнні можна выдаляць лазерам ці радыёхвалевым нажом, некаторыя патрабуюць хірургічнага спосабу. У любым выпадку для выбару аптымальнага метаду выдалення ўрачу трэба паглядзець на невус і ацаніць яго. Адназначна можна сказаць толькі наступнае: калі невус непрыгожы і ёсць падазрэнні, што ён злаякасны, выдаляць яго неабходна выключна хірургічным метадам пасля кансультацыі з анколагам.

— Ці можна выдаляць невус падчас цяжарнасці?

— Цяжарнасць — гэта вельмі адказны перыяд. Тут трэба высветліць, чаму жанчына вырашыла выдаліць невус. Калі ёсць медыцынскае паказанне, значыць, можна і нават неабходна пайсці на такі крок. Калі ж дзяўчына, якая чакае дзіця, хоча пазбавіцца невуса па эстэтычных прычынах, варта адкласці гэтую працэдуру на пэўны час. Стрэс, прымяненне анестэтыкаў, загойванне раны — усё гэта можа негатыўна адбіцца на стане пацыенткі. Важна таксама ўлічваць, што ў цяжарных жанчын рэгенерацыя скуры можа адбывацца не вельмі добра і эстэтычны эфект можа не прынесці чакаемых вынікаў.

— Вольга Анатольеўна, з якімі анкалагічнымі паталогіямі і новаўтварэннямі часцей за ўсё прыводзяць дзяцей у РНПЦ анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі?

— Зараз назіраецца бум падазрэнняў па пігментных утварэннях скуры. З аднаго боку, гэта добра, калі бацькі, а таксама педыятры і дзіцячыя хірургі пільна сочаць за здароўем дзяцей. Але паход да анколага ўжо з’яўляецца вялікім стрэсам для бацькоў. Увогуле, каб накіраваць дзяцей да нас, з невусам павінны адбывацца змены. Яшчэ адна прычына зваротаў да дзіцячага анколага — няправільная трактоўка віруснай прыроды захворванняў, якія выклікаюць пэўныя змены на скуры (маю на ўвазе папіломы, бародаўкі і г.д.). Што тычыцца анкалогіі, то ў РНПЦ з усёй рэспублікі звяртаюцца дзеці з рознымі анкалагічнымі паталогіямі. Часцей за ўсё выяўляюцца пухліны галаўнога мозга і крывятворнай сістэмы, лейкозы, але лечацца і дзеткі, у якіх пухліны касцей, мяккіх тканак і інш. Увогуле, РНПЦ — унікальны цэнтр, а ўрачы, якія тут працуюць, прафесіяналы і адданыя сваёй працы людзі. Нераўнадушша і любоў да працы — вось што самае галоўнае ў прафесіі не толькі анколага, але і кожнага ўрача. Так, эмацыянальна працаваць з хворымі дзеткамі не вельмі проста, але мы ведаем, што жыццё маленькіх пацыентаў у нашых руках, а значыць, іх ні ў якім разе нельга апускаць.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*