Ці карысныя яйкі з селенам

Селен — гэта мінерал, які ўтрымліваецца ў глебе, прадуктах харчавання і ў невялікай колькасці ў вадзе. Да 1957 года ён лічыўся таксінам, але сучасныя даследаванні даказалі, што ўжыванне невялікай колькасці селену прыносіць відавочную карысць здароўю чалавека.

Пры дэфіцыце гэтага мінерала ў арганізме не могуць нармальна працякаць такія працэсы, як:

  • засваенне ёду; яго зніжэнне вядзе да гарманальнага дысбалансу і паслаблення імунітэту (выяўляецца ў раздражняльнасці, мышачнай слабасці, стомленасці, ваганні масы цела, праблемах са сном, апатыі, схільнасці чапляць вірусныя і бактэрыяльныя інфекцыі);
  • антыаксідантныя працэсы — г.зн. здольнасць звязваць свабодныя радыкалы, супрацьстаяць акісленню і, адпаведна, старэнню і гібелі клетак, спрыяць зніжэнню рызыкі развіцця анкалагічных захворванняў.

Селен станоўча ўплывае на рэпрадуктыўную функцыю — пры дастатковай яго канцэнтрацыі ў арганізме зніжаецца рызыка выкідышу на ранніх тэрмінах, адзначаецца павелічэнне рухомасці сперматазоідаў і сінтэзу тэстастэрону. Акрамя таго, ён спрыяе вывядзенню з арганізма таксічных рэчываў, алергенаў, солей цяжкіх металаў, спрыяльна ўплывае на сардэчную дзейнасц­ь, у прыватнасці, умацоўвае міякард, памяншае сістэмнае запаленне, зніжае рызыку развіцця каранарнай хваробы.

Селен утрымліваецца ў наступных прадуктах: бразільскі арэх, тунец, ласось, селядзец, печань і ныркі ялавічныя, яйкі курыныя, грудкі птушкі, соль (каменная, марская), насенне сланечніка, грыбы (шампіньёны, белыя), часнок, кукуруза, збожжавыя і прадукты іх перапрацоўкі.

У сувязі з тым, што мінерал нераўнамерна прадстаўлены ў глебах розных рэгіёнах рэспублікі, з ежай у арганізм чалавека паступае недастатковая яго колькасць, што можа прывесці да парушэнняў у стане здароўя.

Лепш за ўсё, вядома ж, засвойваецца натуральны арганічны селен, які змяшчаецца ў прадуктах харчавання, паколькі для яго характэрна высокая біядаступнасць — да 98%. Засваяльнасць жа неарганічнай формы нізкая — усяго 12%.

З мэтай вырашэння гэтай праблемы птушкафабрыкі пачалі выпускаць яйкі, узбагачаныя селенам. Мікраэлемент дадаецца ў рацыён нясушак і такім чынам селен захоўваецца ў яйках. Можна сказаць, што ў яйку гэты хімічны элемент з’яўляецца натуральным шляхам.

Што ж тычыцца колеру жаўтка, то на яго інтэнсіўнасць уплываюць пігменты групы каратыноіды. Яны прысутнічаюць у раслінах і пладах, якія выкарыстоўваюцца для кармлення птушкі, і тым самым надаюць жаўтку пэўны тон (больш інтэнсіўны). У адрозненне ад селену, яркасць жаўтка на яго карысныя ўласцівасці не ўплывае.

Вольга ФІНСКАЯ,
урач-гігіеніст
Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.