Здароўе — важны складнік прыгажосці

Сёння ў жанчын ёсць шмат магчымасцей, каб быць прыгожымі і падтрымліваць прывабны знешні выгляд. Каб жыць у гармоніі з сабой, неабходна паклапаціцца і пра сваё здароўе.

Пра тое, як важна падтрымліваць жаночае здароўе, як засцерагчы сябе ад інфекцый і навучыць падлеткаў культуры сексуальных адносін, расказвае акушэр-гінеколаг загадчыца жаночай кансультацыі № 2 Барысаўскага радзільнага дома Алена Анатольеўна Кляніцкая.

— Алена Анатольеўна, па якой прычыне, акрамя цяжарнасці, жанчыны часцей за ўсё звяртаюцца да вас па дапамогу? Ці навучыліся беларускі сачыць за здароўем у мэтах прафілактыкі альбо большасць зваротаў адбываецца тады, калі праблема ёсць і яе трэба аператыўна вырашаць?

— На шчасце, сёння ўсё часцей асноўнай прычынай зваротаў да акушэра-гінеколага з’яўляецца прафілактычны агляд. Дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, якія ў вялікай колькасці падаюць інфармацыю пра распаўсюджанасць анкалагічных захворванняў, нашы жанчыны ўсё часцей задумваюцца аб сваім здароўі, аб неабходнасці рэгулярнага абследавання.

— Якія хваробы часцей за ўсё выяўляюцца сярод жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту? Якое месца сярод іх займаюць анкалагічныя захворванні і якую ролю ў развіцці пухлін адыгрывае спадчынны фактар?

— Згодна з данымі статыстычных даследаванняў, да 60% жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту пакутуюць ад гінекалагічных захворванняў, але ў рэальнасці гэты працэнт будзе большым. Да самых распаўсюджаных захворванняў гэтай групы адносяцца запаленчыя працэсы маткі і прыдаткаў, парушэнні менструальнага цыкла і эндаметрыёз. Часта сустракаюцца і інфекцыі палавых шляхоў, прычым у шэрагу выпадкаў гаворка ідзе пра запушчаныя вялацякучыя хваробы, якія былі набыты шмат гадоў назад. Рак — другая па частаце прычына смерці ў нашай краіне пасля сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Гэта агульнасусветная тэндэнцыя. У многіх развітых еўрапейскіх краінах у структуры смяротнасці злаякасныя ўтварэнні выйшлі на першае месца. Гэта звязана з тым, што насельніцтва старэе, а анкалогія — хвароба ўзросту. Але ёсць і іншая тэндэнцыя: смяротнасць ад анкалагічных захворванняў зніжаецца за кошт паляпшэння ранняй дыягностыкі і ўдасканалення метадаў лячэння.

Калі закранаць спадчыннасць у развіцці раку, яна адыгрывае меншую ролю, чым шкодныя звычкі і няправільнае харчаванне. У кожнага з нас ёсць клеткі раку, але для развіцця пухліны патрэбны пускавы фактар. Даказана, што рак яечнікаў і малочнай залозы толькі ў 5—8% выпадкаў узнікае з-за спадчыннасці.

— Якія з інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, хаваюць у сабе найбольшую небяспеку і чаму?

— Практычна ўсе палавыя інфекцыі ў той ці іншай ступені з’яўляюцца небяспечнымі для носьбіта. Кожнае з захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам, пры пэўных умовах выклікае сур’ёзныя ўскладненні і можа стаць прычынай розных цяжкіх наступстваў. Сіфіліс выклікае развіццё незваротных змен ва ўсіх органах і тканінах; ганарэя часта з’яўляецца прычынай бясплоддзя, прастатыту і г.д; ВІЧ выклікае сур’ёзныя пашкоджанні ў імуннай сістэме арганізма; гепатыты з цягам часу выклі-каюць незваротныя змены ў печані; з інфіцыраваннем вірусам папіломы чалавека звязана 98% усіх ракаў шыйкі маткі; хламідыёз — частая прычына бясплоддзя, атэрасклерозу, розных паражэнняў касцей.

— Калі закранаць тэму кантрацэпцыі, якія метады сёння з’яўляюцца найбольш папулярнымі і ці магчыма вызначыць, які сярод іх найбольш бяспечны для арганізма?

— Сёння існуе вялікае мноства сродкаў і метадаў кантрацэпцыі. Якому з іх аддаць перавагу, пара павінна вырашыць толькі пасля кансультацыі з урачом, які не толькі раскажа аб існуючых варыянтах, усіх “за” і “супраць”, але і пасля абследавання партнёраў вызначыць пералік магчымых да прымянення метадаў і сродкаў кантрацэпцыі. Сёння самы папулярны спосаб кантрацэпцыі — гэта перапынены палавы акт, але ён не вельмі надзейны. Згодна з рознымі даследаваннямі, эфектыўнасць гэтага метаду кантрацэпцыі складае ўсяго толькі 45—50%.

— Да 20% клінічна ўстаноўленых выпадкаў цяжарнасці заканчваюцца выкідышамі. Ці можна прадухіліць выкідыш, мінімізаваць рызыку страты дзіцяці? Як рэабілітавацца, калі самаадвольны аборт усё ж такі здарыўся?

— Пачну з таго, што выкідыш — гэта не прысуд. У 80% выпадкаў выкідыш — гэта вынік натуральнага адбору. Таму ён магчымы ў абсалютна здаровых жанчын. Другая па частаце прычына выкідышаў — гэта інфіцыраванне плоднага яйка. Інфіцыраванне адбываецца з-за розных хранічных захворванняў жанчыны, напрыклад, танзіліту, карыесу, бранхіту, гастрыту, палавых інфекцый. Дзіця заражаецца праз кроў ад маці, і інфекцыйны агент пачынае ўздзейнічаць на тканіны плоднага яйка. У той час калі дарослы жаночы арганізм здольны задушыць інфекцыю, у яйка імунная сістэма яшчэ не сфарміравана, справіцца з узбуджальнікам яно не ў стане.

Мінімізаваць рызыку страты цяжарнасці можна, але толькі ў тым выпадку, калі жанчына ўступіць у цяжарнасць здаровай, пройдзе поўнае абследаванне і падрыхтоўку ў акушэра-гінеколага, а таксама ўрачоў іншых спецыяльнасцей, калі гэта неабходна.

Для аднаўлення пасля самаадвольнага аборту жанчыне неабходна, як правіла, 3—6 месяцаў. Нават для самай здаровай жанчыны выкідыш — гэта моцны гарманальны стрэс. Трэба аднавіцца, даць час свайму гарманальнаму фону нармалізавацца. Акрамя гэтага, поласці маткі таксама неабходны час, каб адпачыць. Чым большы тэрмін цяжарнасці быў на той момант, калі адбыўся выкідыш, тым больш часу неабходна чакаць, каб зацяжарыць зноў. Гэта неабходна для таго, каб наступная спроба стала ўдалай. Вельмі важна гэты час дарэмна не марнаваць: неабходна прайсці поўнае медыцынскае абследаванне разам з партнёрам (калі гэта не было зроблена перад цяжарнасцю), каб высветліць прычыну і па магчымасці ліквідаваць яе.

— Як вы ставіцеся да забароны абортаў? Па якіх прычынах жанчыны часцей за ўсё ідуць на гэты крок і ці многа сярод іх непаўналетніх?

— Тут трэба ўлічваць, што, акрамя перарыванняў цяжарнасці толькі па жаданні жанчыны, для гэтага ёсць пэўны пералік медыцынскіх паказанняў, калі, напрыклад, урачы вымушаны ісці на гэта дзеля выратавання жыцця самой жанчыны. Часцей за ўсё на пытанне “Навошта?” жанчыны, якія выказалі жаданне перарваць цяжарнасць, адказваюць практычна адно і тое ж: яны не гатовы. У кагосьці за гэтымі словамі стаіць непадыходзячы ўзрост, іншыя маюць жыллёвыя і фінансавыя праблемы ці не хочуць абцяжарваць сябе. Сёння ў краіне для барацьбы з абортамі ў медыцынскіх установах шырока праводзіцца перадабортнае кансультаванне. Праводзяць яго не толькі акушэры-гінеколагі, але і псіхолагі, а таксама валанцёры і іншыя спецыяльна падрыхтаваныя людзі. Паверце, можна змяніць рашэнне жанчыны, усяго толькі шчыра пагаварыўшы з ёй.

У апошнія гады з дзецьмі праводзіцца маштабная інфармацыйная работа, дзякуючы якой назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да памяншэння колькасці цяжарнасцей сярод падлеткаў. Відавочна, што і колькасць перарыванняў цяжарнасці таксама змяншаецца.

— За апошнія некалькі гадоў у краіне здараліся выпадкі, калі жанчыны нараджалі дзяцей у хатніх умовах. Якую небяспеку хаваюць у сабе дамашнія роды?

— Я адмоўна стаўлюся да хатніх родаў. Роды ў такіх умовах — гэта менавіта той выпадак, калі натуральны ход падзей суправаджаецца велізарнай рызыкай, пад пагрозу ставіцца не толькі жыццё і здароўе маці, але і дзіцяці. Асноўная небяспека заключаецца ў тым, што ніколі нельга на 100% спрагназаваць тое, як пойдзе працэс, як бы добра і лёгка ні працякала цяжарнасць. У радзільным доме стан жанчыны, якая нараджае, і плода пастаянна кантралююць, а гэта немагчыма ажыццявіць у хатніх умовах. Калі нешта пойдзе не так, лік ідзе літаральна на секунды. Ва ўмовах бальніцы за 1—2 хвіліны можна даставіць парадзіху ў аперацыйную, зрабіць аперацыю кесарава сячэння і выратаваць тым самым жыццё дзіцяці, а маці засцерагчы ад сур’ёзных ускладненняў. Як гэта магчыма ў хатніх умовах? Колькі часу будзе ўпушчана? Чым усё можа скончыцца? Хачу падкрэсліць, што ў жанчыны заўсёды ёсць права выбару, яна можа нараджаць нават у полі, і падобныя выпадкі ёсць. Але пры гэтым яна павінна разумець, што яе дзіця, якое яшчэ не нарадзілася, таксама мае правы, у тым ліку і права на медыцынскую дапамогу. Пасля гэтага ёсць сэнс задаць наступнае пытанне: ці мае права жанчына браць на сябе такую адказнасць і рызыкаваць здароўем і жыццём дзіцяці?

— Ці карыстаюцца сёння папулярнасцю сярод будучых бацькоў партнёрскія роды?

— Сёння партнёрскія роды — гэта не толькі даніна модзе. Гэта патрэба людзей, якія кахаюць і падтрымліваць адно аднаго, кожную хвіліну і ў любой сітуацыі быць разам. Асноўная функцыя памочніка ў партнёрскіх родах — стварыць спрыяльную псіхалагічную атмасферу для парадзіхі, дапамагаць ёй у аблягчэнні болю і ў некаторых выпадках падтрымліваць яе, нават у прамым сэнсе гэтага слова. Дапамагаюць партнёрам падрыхтавацца да родаў на курсах у школе “Партнёрства ў родах”, заняткі ў якой праводзяць акушэры-гінеколагі, псіхолаг і спецыяльна падрыхтаваная акушэрка. Жаданне ўдзельнічаць у партнёрскіх родах павінна быць абдуманым і ўзаемным. Толькі ў такім выпадку магчыма добрае цячэнне родаў і шчаслівае сямейнае жыццё ў будучыні.

— Што і як расказаць дачцэ-падлетку аб метадах кантрацэпцыі? З чаго пачынаць размову? Увогуле, як навучыць непаўналетніх культуры сексуальных паводзін?

— Пачынаць размову з дачкой-падлеткам трэба спачатку пра цнатлівасць, дзявочую чысціню і гонар, таму што гэтыя паняцці не састарэлі і ў наш час. Увогуле, гэтае пытанне не толькі маралі, але і будучага здароўя і шчасця. Сама прырода надзяліла дзяўчыну вялікай адказнасцю, пазначыўшы цнатлівасць нават анатамічна. Сучасныя падлеткі добра дасведчаны аб тым, адкуль яны ўзяліся. Але, безумоўна, важна своечасова пагаварыць з імі аб кантрацэпцыі. Галоўнае, каб бацькі самі разбіраліся ў гэтым пытанні. Толькі тады куплянне прэзерватываў для сына-падлетка і сумесны візіт мамы і дачкі да гінеколага стануць абсалютна нармальнай з’явай. Даверлівыя адносіны з бацькамі дапамогуць зберагчы падлетка не толькі ад нежаданай цяжарнасці, але і ад інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам.

— Алена Анатольеўна, зразумела, што сексуальным выхаваннем дзяцей у першую чаргу павінны займацца бацькі. Як лічыце, ці павінна школа далучацца да гэтага?

— Лагічна, каб у рамках навучання здароваму ладу жыцця ў школах заклікалі не толькі да заняткаў спортам, расказвалі пра шкоду цыгарэт, ужывання наркотыкаў і алкаголю. Навучанне элементарнай гігіене і культуры палавых адносін дзеля захавання рэпрадуктыўнага здароўя таксама павінна весціся ў рамках курса.

Але для паспяховага выкладання прадметаў прафілактычнай накіраванасці або правядзення адпаведных факультатыўных заняткаў вельмі важнымі з’яўляюцца і прафесіяналізм педагогаў, і падтрымка з боку бацькоў.

Гутарыла Наталля САХНО.