Аспарагус — ажурны кароль

Хаця ў народзе аспарагусы і называюць папарацямі, гэтыя расліны належаць да сямейства аспарагусавых і не з’яўляюцца папарацямі. Яны больш трывалыя, чым папараці. Гэта пышная дэкаратыўная расліна з дробнымі лісткамі, якія ўяўляюць сабой на самай справе відазмененыя парасткі — кладодзіі, што выконваюць функцыю лістоў. Сапраўдныя ж лісты аспарагуса рэдукаваны да маленькіх плевачных лускавінак. Лісты аспарагуса вельмі тонкія, падобныя да іголак, ці авальныя, светла­зялёнага колеру. Кветкі ў аспарагуса дробныя, белыя, з прыемным пахам. Зацвітае гэтая расліна на пяты­шосты год. Ягады ў яе  ярка­чырвонага колеру, доўга вісяць на расліне і ўпрыгожваюць яе. Многія прадстаўнікі роду аспарагус выкарыстоўваюцца ў якасці дэкаратыўна­ліставых раслін. Некаторыя з іх вырошчваюць на зрэзку, а некаторыя — у якасці хатніх. У хатніх умовах часцей за ўсё вырошчваюць два віды аспарагуса: аспарагус перысты і аспарагус Шпрэнгера.

Аспарагус перысты

Гэты від спаржавых прадстаўлены ў выглядзе паўхмызняку. Расліну можна з упэўненасцю лічыць той, што моцна галінуецца, мае голыя сцёблы з маленькімі лісткамі ў выглядзе лускавінак, карычневага адцення. Даўжыня філакладый 1,5 см, і яны злучаны ў невялікія букеты, у сярэднім да дзесяці штук, афарбаваны ў светла-зялёны колер і часткова выгнуты. Аспарагус вызначаецца павойным, тонкім сцяблом. Цвіце белымі маленькімі кветачкамі — імі могуць пахваліцца толькі расліны, якія пражылі больш за дзясятак гадоў. Пладаносіць ягадамі чорнага колеру, у якіх па тры зернеткі. (У адной з жыхарак Навагрудка ён расце больш за 15 гадоў! Вышыня падпоркі 170 см, а яго сцёблы дараслі да верху падпоркі і спусціліся зноў! Даўжыня сцёблаў больш за 3 метры!

Аспарагус Шпрэнгера

Ён з’яўляецца, мабыць, адным з самых папулярных у кветкаводстве відаў аспарагуса. Гэта шматгадовы паўхмызняк з вельмі разгалінаванымі сцелістымі парасткамі, якія вырастаюць да 1,5 метра. Кладодзіі ярка-зялёныя, вузкаланцэтныя, нагадваюць мяккія іголачкі даўжынёй каля 2,5 см, адзіночныя ці кальчаковыя. На маладых галінках раўнамерна растуць па ўсёй даўжыні сцябла, пачынаючы з яго асновы, а старыя парасткі з часам “лысеюць”. Лісты практычна непрыметныя, лускаватыя. Цвіценне надыходзіць у канцы вясны — пачатку лета. Кветкі дробныя, белыя, простыя, сабраны ў рыхлыя мяцёлчатыя пазушныя суквецці. Пасля цвіцення выспяваюць чырвоныя шарападобныя ягады.

Асвятленне

Размяшчайце аспарагус у добра асветленым месце, але ўлічыце, што толькі аспарагус Шпрэнгера здольны добра ўспрымаць прамыя прамяні сонца. Любы іншы від гэтай расліны павінен быць ад іх абаронены. Непасрэдна пасля набыцця аспарагуса рэкамендуецца паставіць яго ў паўцёмнае памяшканне для адаптацыі.

Летам, у канцы вясны ці пачатку восені лепш за ўсё ставіць расліну на падаконніку, які выходзіць на паўночны ўсход або паўночны захад. Калі вы маеце намер паставіць вазон з гэтай раслінай на падаконнік, які выходзіць на ўсход ці захад, закрыйце акно фіранкай. Калі акно з поўдня, размяшчайце расліну на некаторай адлегласці ад яго.

Зімой аспарагус часта пакутуе ад нястачы сонца. У гэтым выпадку пастаўце расліну на некаторы час бліжэй да сонечнага святла. Але ўлічыце, што вазон не павінен размяшчацца побач з ацяпляльнымі радыятарамі, таму што паветра каля іх будзе вельмі сухое, што адмоўна ўплывае на расліну.

Тэмпература

Кветка цудоўна сябе адчувае пры ўмеранай тэмпературы пакоя. Аптымальная тэмпература для яе ў халодны перыяд (з лістапада па сакавік) +14—+16°С, у цёплы перыяд (з красавіка па кастрычнік) +22—+25°С.

Таксама варта памятаць, што ў ацяпляльны сезон з-за сухасці паветра аспарагус абавязкова трэба апырск­ваць. Пры недахопе вады расліна жаўцее і асыпаецца. Не любіць аспарагус і скразнякоў.

Паліў

Паколькі гэтая кветка родам з вільготных тропікаў, трэба забяспеч­ваць ёй рэгулярны паліў. Рэкамендуецца два-тры разы ў тыдзень паліваць аспарагус вадой хатняй тэмпературы. Зямля ў вазоне заўсёды павінна быць злёгку вільготнай. Але не трэба дапускаць пераўвільгатнення і застою вады.

Паліў крыху скарачаюць у зімовы перыяд. Пры гарачай тэмпературы і сухім паветры вазон можна паставіць на паддон з вільготнай галькай. Так можна забяспечыць дастатковую вільготнасць без загнівання каранёў. Добра дапамагае рэгулярнае апырскванне аспарагуса з пульверызатара. Зімой гэта трэба рабіць двойчы ў дзень, летам дастаткова і аднаго разу. Павысіць вільготнасць паветра дапамогуць таксама пастаўленыя побач з раслінай ёмістасці з вадой.

Абрэзка

Наконт абрэзкі аспарагуса сярод кветкаводаў склалася дваякае меркаванне. Адны ўпэўнены, што яна павінна праводзіцца, бо гэта амалоджвае расліну і робіць яе прывабнай. Другія ж, наадварот, упэўнены, што гэтая працэдура вельмі шкодная, бо расліне неабходна траціць многа сіл і энергіі для новых парасткаў.

На мой погляд, лепш прытрымлівацца “залатой сярэдзіны” — рабіць абрэзку, але ўважліва і акуратна. Гэтая працэдура павінна праводзіцца вясной, калі расліна толькі абуджаецца. Зразаць трэба старыя, малапрывабныя парасткі. Каб са старога сцябла пачало развівацца новае, на старым сцябле неабходна пакінуць сцяблінку сантыметраў 20.

Глеба

Даглядаючы аспарагус, варта ­ўдзяляць увагу стану глебы. Яна павінна мець малы ўзровень кіслотнасці, быць рыхлай і пажыўнай. Для засыпкі выдатна падыходзіць грунт, які змяшчае вермікуліт, ці ўніверсальны грунт.

Калі вы маеце намер зрабіць сумесь глебы самастойна, проста змяшайце садовую зямлю ў неабходных прапорцыях з пяском ці перагноем. Пры неабходнасці садовая зямля можа быць заменена дзярновай або ліставой. Але лепш усё ж такі выкарыстоўваць куплены ўніверсальны грунт.

Дрэнажны пласт павінен запаўняць вазон прыкладна на трэць яго аб’ёму. У якасці дрэнажу добра падыходзіць:

дробная галька;

керамзіт;

гліняныя чарапкі;

бітая цэгла.

Дрэнаж неабходны для прадухілення застойвання лішняй вільгаці ў вазоне.

Падкормка

Не абысціся і без падкормкі аспарагуса. Яе рэкамендуецца праводзіць летам і вясной. Зімой і восенню расліна знаходзіцца ў спакоі і амаль не патрабуе падкормак.

Для ўгнаення добра сябе зарэкамендавала ўніверсальная сумесь. Разво­дзіць яе трэба ў прапорцыях, указаных вытворцам. Азотныя ўгнаенні можна прымяняць толькі вясной і летам, калі хуткасць нарошчвання зеляніны значна ўзрастае.

Размнажэнне

Хатнюю спаржу можна размножыць насеннем, пасынкаваннем ці дзяленнем карэнішча.

Насенне лепш куп­ляць у спецыялізаваным магазіне. Высяваюць яго ў вільготны субстрат, які складаецца з торфу і пяску, у перыяд са студзеня па сакавік. Вырошчваюць у цяплічных умовах, падтрымліваючы тэмпературу +21—+22°С. Глебу рэгулярна праветрываюць і апырскваюць. Насенне ўзыхо­дзіць добра. Праз 3—4 тыдні з’яўляюцца ўсходы, пасля чаго расліна пачынае актыўна расці і развівацца. У пачатку чэрвеня расткі можна рассаджваць у вазончыкі.

Дзяленне карэнішча — просты, распаўсюджаны спосаб. Кусты дзе­ляць на дзве (і больш) часткі ў час перасадкі і рассаджваюць у розныя ёмістасці. Выконваць гэтую працэдуру трэба асцярожна, абавязкова прадэзынфіцыраваўшы прыборы, якія выкарыстоўваюцца.

Пасынкаванне — таксама распаўсюджаны, просты спосаб дзялення. У пачатку вясны зразаюць здаровыя парасткі даўжынёй 9—10 см і ўкараня­юць іх у вільготным пяску. Вырошчваюць на светлым акне пры хатняй тэмпературы. Укараненне адбываецца на 35—40-ы дзень.

Хваробы і шкоднікі

Аспарагус валодае добрым імуні­тэтам, які абараняе ад захворванняў і шкоднікаў. Але няправільны догляд часта прыводзіць да ўзнікнення праблем. Найбольш частыя шкоднікі: павуцінны клешч, трыпсы, тля. Складанасць лячэння ў тым, што кветка дрэнна рэагуе на любыя хімічныя сродкі. Пры з’яўленні шкоднікаў можна абрэзаць расліну і прамыць сцёблы пад цёплым душам.

Магчымыя праблемы

Пры недастатковым паліве і малой колькасці ўгнаенняў у зямлі лісты аспарагуса могуць набыць жаўтаватае адценне, а потым і зусім асыпацца. Да такога ж выніку можа прывесці і нізкая тэмпература ў памяшканні. У гэтым выпадку пастаўце вазон з раслінай бліжэй да крыніцы цяпла, але не забывайце пра вільготнасць паветра.

Калі аспарагус будзе рэгулярна перагравацца на сонцы ці адчуваць недахоп вільгаці, ён таксама пачне асыпацца.

Пры частым ці шчодрым паліве корань расліны можа быць пашкоджаны гніллю. Гэта даволі небяспечнае захворванне, якое можа стаць прычынай гібелі аспарагуса. Каб не дапусціць гэтага, палівайце расліну не вельмі часта, выконваючы ўсе правілы.

Як бачыце, “ажывіць” аспарагус можна практычна заўсёды, нават калі ён жаўцее і асыпаецца — галоўнае, рабіць гэта своечасова і правільна. Пры належным доглядзе расліна будзе радаваць вас прыгажосцю і стане выдатным упрыгажэннем дома.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.

* Пасля куплі кветку трэба перасадзіць. Ёмістасць і субстрат, у якіх яна знаходзілася ў магазіне, не падыходзяць для пастаяннага вырошчвання.

* Прывучаць аспарагус да святла вясной рэкамендуецца паступова.

* Не пакідайце вазон на скразняку, ахоўвайце ад перападу тэмпературы і ветру. Асцярожна праветрывайце памяшканне ў зімовы час.

* Выкарыстоўвайце толькі адстоеную ваду хатняй тэмпературы. Халоднай праточнай вадой увільгатняць зямлю нельга.

* Памятайце пра вільготнасць паветра.

* Дарослыя расліны рэкамендуецца перасаджваць ранняй вясной метадам перавалкі.

* Звярніце ўвагу на тое, што ягады аспарагуса атрутныя. Неабходна як мага далей тры­маць расліну ад дзяцей і свойскіх жывёл!