Буякі садовыя і асаблівасці іх догляду

Сёння агульнавядома, якая гэта каштоўная расліна, таму спяшаюся зацікавціь ёй усіх, хто яшчэ не пачаў вырошчваць садовыя буякі.

Калі вы вырашыце пасадзіць саджанцы буякоў, то адразу купляйце не менш за чатыры кусты-двухгодкі. Чаму чатыры? Каб зняць пытанне іх апылення. Бо буякі — самабясплодная расліна. Гэта значыць, ёй неабходна перакрыжаванае апыленне, таму на агародзе трэба высаджваць два і больш кустоў розных гатункаў, але аднолькавых па тэрмінах цвіцення. Напрыклад, калі вы вырашыце набыць саджанцы буякоў ранняга і позняга гатунку, то вам неабходна, каб на ўчастку было не менш за два кусты ранніх і два кусты позніх гатункаў, таму што познія гатункі буякоў не пераапыляць раннія з-за рознасці ў часе цвіцення. Змяшаная пасадка розных гатункаў забяспечвае лепшае завязванне пладоў і спрыяе больш ранняму іх выспяванню.

Таксама неабходна, каб каля кустоў буякоў ніколі не было пустазелля. У гэтым добра дапамагае мульчыраванне глебы, асабліва падыходзіць перапрэлае хвойнае пілавінне. Пласт мульчы можа быць ад 5 да 10 см. У глебу перад мульчыраваннем уносіцца двайная колькасць азотнага ўгнаення. Робіцца гэта вясной. Мульчыраванне спрыяе таксама захаванню вільготнасці глебы, што для буякоў немалаважна. Трэба ведаць і памятаць, што карані буякоў растуць неглыбока, таму міжрадковая апрацоўка павінна быць дробнай, не глыбейшай за 3—5 см.

Вільготнасць глебы ля куста павінна быць 60—70% ад поўнай палявой вільгацяёмістасці. Кусты буякоў трэба паліваць вечарам недзе 2 разы на тыдзень па адным вядры вады на адзін дарослы куст. Шчодры паліў неабходны ў ліпені-жніўні, таму што ў гэты час буякі пладаносяць, і адначасова ў іх закладаюцца кветкавыя пупышкі, якія фарміруюць ураджай будучага года. Калі вільгаці будзе недастаткова, можна страціць ураджай не толькі гэтага, але і наступнага года. Пры спякотным надвор’е на працягу некалькіх дзён, акрамя паліву, неабходна апырскваць кусты вадой, каб іх ахаладзіць. Робіцца гэта прыкладна ў 17:00.

Буякі садовыя маюць патрэбу ў мінеральных угнаеннях. Іх колькасць і склад вызначаюцца, зыходзячы з асаблівасцей глебы на дачным участку. А вось недахоп ці лішак элементаў харчавання можна заўважыць пры аглядзе кустоў. Пры дастатковай колькасці азоту ў раслін назіраецца больш цёмна-зялёных лістоў і моцны прырост. Пры дэфіцыце гэтага элемента запавольваецца рост парасткаў, а старыя лісткі маюць жаўтавата-зялёнае адценне. Калі азоту зусім мала, расліна становіцца жоўта-зялёнай, рост запавольваецца, а ўраджай ягад і іх памер рэзка зніжаюцца. Маладыя парасткі ў такім выпадку маюць ружовы колер, а потым становяцца бледна-зялёнымі. Празмернасць азоту выклікае актыўны рост парасткаў, які працягваецца да глыбокай восені. У выніку парасткі не выспяваюць і не могуць адраўнець, што прыводзіць да іх абмярзання ці гібелі ў зімовы перыяд.

Садовым буякам патрэбны таксама іншыя мікраэлементы. Напрыклад, пры недахопе фосфару лісткі ягад цесна прыціскаюцца да сцябла, пры дэфіцыце калію — адміраюць верхавінкі лісткоў, потым з’яўляюцца плямы ў сярэдзіне і па краях ліста, пры дэфіцыце кальцыю лісце можа карабаціцца і мець пажаўцелыя краі, пры дэфіцыце магнію старыя лісткі становяцца ярка-чырвонымі па краях, дэфіцыт бору распазнаецца па блакітнай афарбоўцы верхавінкавых лісткоў. На недахоп жалеза паказвае пажаўценне маладых верхавінкавых лісткоў. Ён жа вельмі адмоўна ўплывае на рост і плоданашэнне раслін. Дэфіцыт марганцу, як і дэфіцыт жалеза, выяўляецца на маладых лістках у выглядзе пажаўцення паміж жылкамі, потым участкі па краях могуць адмерці. На дэфіцыт цынку і серы паказвае пажаўценне маладых лісткоў. Неабходна выкарыстоўваць сульфатныя формы ўгнаенняў, якія з’яўляюцца крыніцай серы. Такі ж уплыў аказвае і падкісленне глебы сернай кіслатой. Дэфіцыт медзі выяўляецца на лістках. Яны драбнеюць і часта скручваюцца лодачкай уверх. Больш сталыя бурэюць і адміраюць.

Угнаенні трэба ўносіць у пачатку вясны (у пачатку руху сокаў) ці пры набуханні пупышак. На адзін двухгадовы куст трэба 1 ст.л. поўнага мінеральнага ўгнаення, на трохгадовы — 2, на чатырохгадовы — 4, на пяцігадовы — 8 і г.д. сталовых лыжак угнаення. Не варта ўносіць у глебу і падкормліваць садовыя буякі арганічнымі ўгнаеннямі (гноем, курыным памётам і нават кампостам).

Буякі высакарослыя здольны пераносіць маразы да -23—25°С, а некаторыя гатункі і да -27—30°С. У суровыя бясснежныя зімы кусты садовых буякоў могуць абмярзаць. На прысядзібным участку іх можна абвязаць на зіму лапкамі ці накрыць спанбондам, папярэдне зрабіўшы каля кустоў драцяны каркас.

У час цвіцення буякі садовыя пераносяць начныя замаразкі да -5°С, таму ў вясенні перыяд ахоўваць практычна не трэба. Восенню, у час выспявання ягад, замаразкі могуць нашкодзіць познаспелым гатункам буякоў. Зялёныя ягады пашкоджваюцца пры тэмпературы -2°С, таму для аховы ў асенні перыяд кусты буякоў лепш накрываць спанбондам.

Абрэзку буякоў можна праводзіць на двух-чатырохгадовых кустах, для закладкі ў іх моцнага шкілета. Неабходна выдаляць усе пладовыя пупышкі, якія ёсць на расліне. Далейшая абрэзка патрабуецца пасля трэцяга года пасля пасадкі. Выдаляюцца толькі дробныя прыросты ля асновы куста, а таксама хворыя галіны і тыя, што ляжаць на зямлі.

План штогадовай абрэзкі з чацвёртага года вырошчвання буякоў:

1. Неабходна зразаць нізкія раскідзістыя галіны калі зямлі, захоўваючы толькі прамыя.

2. Калі сярэдзіна куста загушчана, то ўнутры яго выразаюцца слабыя і старыя галіны.

3. Выдаляюцца дробныя, тонкія галіны, пакідаюцца толькі моцныя шкілетныя галіны і парасткі.

З аднагадовых парасткаў пакідаюцца 5 самых моцных.

Буякі пладаносяць заўсёды на прыростах папярэдняга года. Ступень абрэзкі залежыць і ад інтэнсіўнасці росту парасткаў. Абрэзку трэба праводзіць ранняй вясной, да распускання пупышак.

Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.