Індыкатары чысціні атмасферы

Па ўсёй планеце сёння налічваецца каля 10 тысяч відаў папарацей. На падаконнікі трапляюць самыя непатрабавальныя і пры гэтым дэкаратыўныя расліны. Сярод іх давалія, аспленіум, птэрыс, нефралепіс, адыянтум і іншыя віды з розных куткоў свету. Апошнія два з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі.

Нефралепіс

Папараці — своеасаблівы індыкатар чысціні атмасферы. Папарацевыя вельмі дрэнна пераносяць загазаванасць і задымленасць, рэагуюць на перасушанае паветра, а калі вы вырашылі завесці дамашнюю папараць, то забяспечце ёй у першую чаргу доступ да свежага паветра. Але, з другога боку, калі вы купілі гэтую кветку, а ў вас дома яна пачала марнець, то гэта нагода задумацца, ці ўсё ў парадку ў вашай кватэры. Можа, недзе ёсць уцечка газу ці неабходна ўстанавіць на кухні выцяжку. Папараць дамашняя можа сохнуць ад нізкай вільготнасці паветра — гэта намёк для вас, што пара купіць увільгатняльнік ці хаця б паставіць у доме пару пасудзін з вадой для выпарвання. Нефралепіс здольны без асаблівых намаганняў паглынуць такія рэчывы, як фармальдэгід і талуол. Акрамя таго, гэтая расліна забівае мікробы, якіх выдзяляюць у паветра хворыя людзі, менавіта таму нефралепіс часта можна сустрэць на падаконніках у лячэбных установах.

Асветленасць

Першачарговая задача пры доглядзе папараці — гэта падабраць падыходзячы светлавы рэжым. Расліна аддае перавагу зацемненым месцам, таму размяшчаць яе на адкрытым сонцы строга забаронена. Але гэта зусім не значыць, што трэба паставіць нефралепіс у самы цёмны куток дома. Проста размясціце яго там, дзе ёсць невялікі цень, а прамяні сонца рассеяныя.

Калі няма магчымасці паставіць нефралепіс пад натуральнай крыніцай святла, то можна замяніць яе спецыяльнай лямпай. Пры штучным асвятленні нефралепіс неабходна размяшчаць пад лямпай хаця б на некалькі гадзін у дзень.

Самым лепшым варыянтам будзе паставіць нефралепіс на падаконнікі ўсходніх і заходніх вокнаў. Калі ж у вашай кватэры няма вокнаў, якія выходзяць на ўсход ці захад і на працягу ўсяго года асвятляюцца сонцам, то не трэба журыцца, можна проста размясціць нефралепіс на невялікай адлегласці (не менш за 1 метр) ад вокнаў.

У летні час нефралепіс можна перамясціць на балкон. Безумоўна, нельга забываць, што расліна павінна быць размешчана ў зацемненым месцы. Таксама важна сачыць, каб на нефралепіс не трапляў дождж: гэта негатыўна паўплывае на далейшы рост расліны.

У асенні і зімні перыяд нефралепіс абавязкова павінен знаходзіцца ў цёплым памяшканні, таму з балкона яго трэба забраць.

Тэмпература

Незалежна ад пары года аптымальная тэмпература для вырошчвання гэтага віду папараці — 20—22°С. Варта адзначыць, што нефралепіс здольны перажыць паніжэнне тэмпературы на 12°C, але гэта можа стаць для расліны моцным стрэсам і прывесці да ўзнікнення розных захворванняў ці з’яўлення шкоднікаў.

Вільготнасць паветра

Акрамя асвятлення, на рост нефралепісу значна ўплывае ўзровень вільготнасці паветра. Для гэтай расліны лепш за ўсё знаходзіцца ў такім памяшканні, дзе ўзровень вільготнасці даволі высокі, бо ў трапічным клімаце, адкуль папараць родам, заўсёды высокі ўзровень вільготнасці.

Калі нефралепіс вырошчваецца ў кватэры ці офісе, неабходна штодзень апырскваць расліну вадой. Як сцвярджаюць некаторыя прафесійныя кветкаводы, апырскванне лепш за ўсё ажыццяўляц­ь не адзін, а два або тры разы за суткі. Толькі пры што­дзённым апырскванні вадой можна забяспечыць нефралепісу неабходны ўзровень вільгаці. У выпадку, калі няма магчымасці кожны дзень апырскваць расліну, можна паставіць побач з папараццю ёмістасць, напоўненую вадой. Гэта ўвільгатніць паветра побач з нефралепісам.

Паліў

Паліваць дамашнюю папараць лепш за ўсё адстоенай вадой, можна апусканнем у ваду на некалькі хвілін. Земляны камяк не павінен перасыхаць. Неабходна пастаянна падтрымліваць стан лёгкай вільготнасці, але і пераліваць нельга. Самае галоўнае — умеранасць. Рабіць гэта можна 2—3 разы на тыдзень. Можна сумяшчаць паліў з апырскваннем.

Падкормка

Падкормліваць расліны варта раз на 2—3 тыдні, прыкладна 3 разы за сезон. У якасці падкормкі можна выкарыстоўваць любое комплекснае мінеральнае ўгнаенне, разбавіўшы яго напалову. Найлепшы варыянт — угнаенні з высокай колькасцю калію. Таксама папараці падыходзяць арганічныя ўгнаенні, напрыклад, настой дзіванны.

Перасадка

Пры перасадцы неабходна выконваць наступныя правілы:

  • нефралепіс варта перасаджваць раз у год, лепш ранняй вясной (некаторыя спецыялісты раяць займацца перасадкай у канцы лютага — пачатку сакавіка);
  • для папараці лепш падрыхтаваць неглыбокія, але дастаткова шырокія вазоны; чым шырэйшы вазон, тым хутчэй будзе расці папараць;
  • на дне вазона трэба вылажыць дрэнаж — гэта могуць быць бітыя гліняныя чарапкі і перліт, змешаныя з мохам;
  • грунт складаецца з 1 часткі дзярновай зямлі, 2 частак ліставой, 1 часткі тарфяной, 1 часткі перагною і пяску; сумесь неабходна прадэзынфіцыраваць, прапарыўшы ў духоўцы пры 200°С, ці пакінуць на вуліцы, калі мароз ніжэй за 10°С;
  • можна купіць гатовую зямлю для папараці;
  • добра будзе, калі дабавіць у земляную сумесь тоўчаны вугаль;
  • нефралепіс размяшчаецца ў вазоне, карэнішчы акуратна прысыпаюцца грунтам, пры гэтым кожны пласт грунту злёгку ўвільгатняецца;
  • субстрат нельга прымінаць;
  • перасаджаную расліну варта паставіць у глыбіню пакоя, далей ад сонечных прамянёў;
  • абавязкова падтрымліваць неабходную вільготнасць паветра.

Размнажэнне

Перасаджваць папараць можна штогод, але лепш яе перавальваць. Пры гэтым карані нельга траўміраваць. Бярэцца вазон крыху большы па дыяметры, чым папярэдні, і туды акуратна перавальваецца кветка. Потым трэба дабавіць свежую зямлю. Перавалку лепш рабіць вясной, увосень расліна бу­дзе доўга хварэць і асвойвацца. Пры штогадовай перасадцы расліны вялікі куст нефралепісу можна па­дзяліць. Калі размнажаць нефралепіс парасткамі, то трэба побач з дарослым кустом паставіць невялікі вазон і прысыпаць верхавінкі маладой расліны загадзя падрыхтаванай грунтавой сумессю. Зусім хутка ў новым вазоне ўтворацца лісты папараці і карані. Пасля таго як вырасце 3—4 лісты, маладую расліну можна адсаджваць ад дарослай кветкі. Карэнішча дзеляць толькі пасля таго, як на баках з’явяцца маладыя лісткі. Менавіта гэтыя бакі з карэнішчамі і перасадж­ваюцца ў новы вазон.

Хваробы і шкоднікі

Папараці амаль не хварэюць, калі даглядаць іх правільна. Але найбольш частая памылка — няправільны паліў — можа справакаваць розныя хваробы і заражэнні. Пры няправільным паліве на расліне, пачынаючы з кончыкаў лістоў, з’яўляюцца карычневыя плямы. Лісты паступова сохнуць і гінуць.

Пры паліве халоднай ці неадстоенай вадой у грунце можа завесціся нематода. Расліну прый­дзецца перасаджваць, інакш яна загіне.

Пры вельмі сухім паветры папараць можа пашкоджвацца тлёй, трыпсамі і шчытоўкай. Для прадухілення заражэння неабходна часта апырскваць расліны. Калі заражэнне ўсё ж адбылося, трэба апрацаваць папараць растворам карбафосу ці актэліку.

Акуратна выконвайце ўсе інструкцыі па вырошчванні дамашняй папараці — і тады дэкаратыўнасць на ўвесь сезон вам забяспечана.

Праблемы пры вырошчванні

  • На папараці з’яўляюцца цёмныя плямы — на яе празмерна ўздзейнічае сонца. Каб выра­шыць гэтую праблему, неабходна пераставіць расліну ў цень і не забываць пра паліў і апырскванне вадой.
  • На нефралепісе назіраецца гніль. Хутчэй за ўсё прычына ў тым, што ў вазоне застой вады. Каб вырашыць гэтую праблему, неабходна прасушыць увесь грунт, а ўжо пасля працягнуць паліваць расліну (вельмі важна зноў не перастарацца).
  • Нефралепіс пачынае засыхаць. Трэба шукаць прычыну або ў рэжыме паліву (расліну недастаткова паліваюць), або ў асвятленні (расліне не хапае святла). У гэтым выпадку рэкамендуецца пераставіць папараць у іншае, больш асветленае, месца і абавязкова ўвільгатніць грунт.
  • У папараці доўгі час не назіраецца павелічэнне росту. Гэта можа быць звязана з недахопам месца ў вазоне. Трэба проста перасадзіць кветку ў больш прасторны вазон.

Адыянтум

Гэтая наземная травяністая расліна вызначаецца паўзучымі сцёбламі і карэнішчам, пакрытым вузкімі лускавінкамі карычневага колеру. Перыстыя лісты гэтай расліны маюць свабодныя жылкі, якія дыхатамічна галінуюцца. Лісты адыянтуму маюць характэрную асаблівасць: яны валодаюць воданепрымальнымі ўласцівасцямі, вада бесперашкодна скочваецца па іх, не змочваючы паверхню. Карычневыя кропкі ці палоскі, якія перыядычна з’яўляюцца на ніжнім баку лістоў расліны, з’яўляюцца спорамі. Незвычайна лёгкае ажурнае лісце па знешнім выглядзе нагадвае жаночыя кучары, а тонкія чаранкі падобны да валасоў. Менавіта таму ў народзе дамашні адыянтум вядомы як “венерын волас”, “жаночыя валасы”, “дзявочыя валасы”.

Дамашняму адыянтуму падыходзіць не вельмі яркае рассеянае асвятленне, расліну трэба абараняць ад прамых сонечных прамянёў. У летні перыяд папараць лічыць за лепшае сярэднюю тэмпературу паветра і мае патрэбу ў шчодрым паліве, зімой жа расліну неабходна трымаць у халаднаватым памяшканні і паліваць умерана. Высокая вільготнасць паветра з’яўляецца залогам добрага росту і развіцця адыянтуму.

Праблемы пры вырошчванні і хваробы

Асноўныя цяжкасці, з якімі могуць сутыкнуцца пачынаючыя кветкаводы пры дамашнім культываванні адыянтуму:

  • пажаўценне асновы ліста, з’яўленне на ім плям, а таксама далейшае яго адміранне — гэта можа адбывацца па прычыне вельмі сухога паветра ў памяшканні з раслінай;
  • вялыя лісты расліны сведчаць пра няправільны паліў;
  • усыханне кончыкаў лістоў гаворыць пра нізкую вільготнасць паветра;
  • вельмі бледная афарбоўка лістоў, а таксама з’яўленне на іх сухіх карычневых плям сведчыць пра вельмі яркае асвятленне — рэкамендуецца перамясціць вазон з раслінай у менш асветленае месца;
  • скручванне, але не засыханне лістоў можа адбывацца па некалькіх прычынах: вельмі шчодры паліў, скразнякі, пераахаладжэнне.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.

Фота аўтара і з інтэрнэту.