Калерыя, ці Калумбійская прыгажуня

Сваю назву гэтая расліна сямейства Геснерыевых атрымала па імені вучонага Майкла Колера, які выкладаў прыродазнаўчыя навукі ў інстытутах Цюрыха ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Часам у літаратуры прыводзіцца іншая назва кветкі — цідэя ці ізалома. Род налічвае каля 60 відаў раслін, а яго радзімай з’яўляюцца трапічныя зоны Цэнтральнай Амерыкі.

У хатнім кветкаводстве калерыя ­ўяўляе сабой невысокую травяністую расліну да 50 см у вышыню, з апушанымі парасткамі і лістамі, якія ўтвараюць невялікі аксаміцісты кусцік. У калерыі лускаватыя клубнепадобныя карэнішчы (рызомы). Сцёблы спачатку прамыя, але з узростам пачынаюць палягаць. Лісты буйныя, супраціўныя, прадаўгаватай формы, па краі гародчатыя. Афарбоўка лісця розная ў залежнасці ад віду. Дзякуючы працягламу перыяду цвіцення, разнастайнасці форм, афарбоўцы лістоў, калерыя становіцца ўсё больш папулярнай раслінай у хатняй культуры.

Кветкі калерыі, якія нагадваюць званочкі з адагнутымі краямі, таксама не аднатонныя. Кожны від характарызуецца сваёй непаўторнай афарбоўкай. Гэта могуць быць аранжавага, ружовага, малінавага, пунсовага ці чырвонага адцення кветкі са стракатымі ўкрапінамі іншага колеру (на ўнутранай частцы венчыка). Усе кветкі размяшчаюцца на кароткім кветаносе. У маладых раслін з лісця фарміруюцца адзіночныя бутоны, у спелых — гронкі з 5—6 бутонаў. Калерыя вызначаецца даволі шчодрым і працяглым перыядам цвіцення (з чэрвеня па верасень). Перш за ўсё, калерыя здзіўляе і прыцягвае ўвагу сваім бесперапынным цвіценнем і ростам. Каб дабіцца бесперапыннага цвіцення, не патрабуецца асаблівых умоў па доглядзе. Гэта даволі непатрабавальная ў доглядзе хатняя кветка, больш падыходзіць для цёплых памяшканняў, без скразнякоў, галоўнае, забяспечыць рэгулярны, умераны паліў.

Калерыя лічыцца раслінай з ня­простым характарам: пушыстая прыгажуня валодае моцнай энергетыкай, дорыць камфорт і прыемныя эмоцыі дамачадцам, адначасова адганяючы негатыўныя праяўленні знешняга свету.

Тэмпература і асвятленне

Аптымальная тэмпература ўтрымання летам 20—25°С, зімой — 15—20°С. Для таго каб кветка выдатна сябе адчувала, яе неабходна паставіць на падаконніку з рассеяным асвятленнем, без пападання прамых сонечных прамянёў. Добрае месцазнахо­джанне — вокны, якія выходзяць на заходні ці ўсходні бок. Калі акно выходзіць на паўднёвы бок, кветку адстаўляюць на невялікую адлегласць. На паўночных вокнах расліне можа не хапіць святла для цвіцення. Таксама забяспечваць калерыі добрае асвятленне неабходна зімой.

Вільготнасць паветра

Калерыя адаптавана да сухасці паветра, але як жыхар тропікаў любіць вільготнасць. Можна перыядычна ставіць вазон з раслінай на паддон з вільготным керамзітам, мохам. Каб забяспечыць вільготнае станові­шча вакол кветкі, апырскваюць толькі паветра вакол лістоў. Інакш застаялыя кроплі вады на аксаміцістай паверхні ліставой пласціны могуць прывесці да ўтварэння карычневых плям гнілі. Вада для апырсквання і паліву неабходна змякчаная (адстойвайце хаця б на працягу сутак), хатняй тэмпературы.

У гарачае надвор’е кветку паліваюць часцей, важна не дапускаць перасыхання верхняга пласта глебы. Увосень паліў пачынаюць скарачаць, зімой паліваюць рэдка і асцярожна, па меры таго, як верхні пласт субстрату крыху падсохне.

Перасадка і падкормка

Перасаджваюць калерыю вясной па меры неабходнасці ці калі карані расліны аплялі земляны камяк. Спецыялісты рэкамендуюць не аддзяляць зямлю ад каранёў, а адразу перавальваць кветку ў больш буйны, шырокі, але не глыбокі вазон. Земляную сумесь для вырошчвання фарміруюць з дзярновай, тарфяной, ліставой зямлі і пяску ў наступных прапорцыях: 1:2:1:1. Да глебавага субстрату карысна дабаўляць кавалкі драўніннага вугалю, каб яны ўбіралі залішнюю вільгаць, згубную для каранёвай сістэмы карэліі.

Для добрага росту і цвіцення калерыю падкормліваюць з вясны да восені раз ці два разы на месяц комплекснымі ўгнаеннямі для квітучых раслін. У асенне-зімовы перыяд кветку не ўгнойваюць.

Фарміраванне кроны

Каб кусцік быў пышным і густа пакрытым лісцем, трэба своечасова прышчыпваць верхавінкі парасткаў, стымулюючы рост бакавых парасткаў. Пачынаюць з цэнтральнага парастка: нажніцамі зразаюць пункт росту над 6—8 лістом.

Калі калерыя не цвіце, праверце: ці няма застою вады ў субстраце; ці хапае расліне святла; ці дастатковая вільготнасць паветра; аптымальнасць тэмпературнага рэжыму.

У гэтым выпадку пачнуць актыўна развівацца пазушныя парасткі, з імі робяць тое ж самае: зразаюць верхавінкі над 6—8 лістом, можна над 3—4-м. Такое прышчыпванне дазволіць захаваць кампактны кусцік з пышнымі лісткамі і галінкамі.

Калі не прышчыпваць калерыю, яна бу­дзе расці ў адзін ствол — расліна выцягнецца, а ў многіх выпадках калерыя можа нават палягаць, непрыгожа звісаючы з вазона.

Перыяд спакою

Зімой надыходзіць перыяд спакою: надземная частка адмірае. Часцей за ўсё ў час перыяду спакою ў кустоў не назіраецца адміранне лісця і сцёблаў, у сувязі з гэтым іх можна і не выдаляць. Аднак абрэзка доўгіх сцёблаў аказвае станоўчы ўплыў на фарміраванне каранёвай сістэмы. У перыяд спакою куст мае патрэбу ў прахалодзе (ад 12 да 16°С). У гэты час расліну паліваюць вельмі мізэрна і рэдка, але пры гэтым трэба са­чыць за тым, каб субстрат у ёмістасці не перасыхаў цалкам.

Размнажэнне

Размнажаюць калерыю дзяленнем карэнішча, верхавінкавымі сцябловымі пасынкамі, лістамі, насеннем. Зрэзаны пасынак змяшчаюць у ваду, праз тыдзень павінны з’явіцца першыя карэньчыкі. Пасля ўкаранення пасынак перасаджваюць у невялікі вазончык. Размнажэнне калерыі лістом даволі доўгі працэс, у хатніх умовах ён выкарыстоўваецца, але рэдка.

Зрэзаны ліст таксама ставяць у ваду і толькі праз 3—5 месяцаў могуць з’явіцца першыя карэньчыкі і ўтварыцца дробныя ліст­кі. Пасля чаго ліст з каранямі перасаджва­юць у вазончык.

Праблемы з лісткамі расліны могуць праявіцца ў наступных выпадках: на лісце трапіла вада (з’яўляюцца плямы, потым ліст сохне і ападае); недастатковая ­вільготнасць паветра (лісце скручваецца); уздзеянне прамых сонечных прамянёў або лішак пажыўных рэчываў (лісце бляднее, пакрываецца жоўтымі плямамі).

Самы просты і хуткі спосаб размнажэння — пры дапамозе дзялення, якое можна праводзіць у любую пару года, але вясной расліна прыжывецца хутчэй. Для гэтага пры перасадцы лускаватыя клубнепадобныя карэнішчы — рызомы — нажом раздзяля­юць на 1, 2 ці 3 кавалкі, кожны высаджва­юць у асобны вазон на глыбіню 1—2 см, перыя­дычна паліваюць. З кожнай такой лускавінкі павінна з’явіцца новая расліна.

Насенне, атрыманае пры штучным апыленні, высяваюць вясной у сумесь торфу і пяску, не засыпаючы яго. Калі з’явяцца
2—3 маладыя лісткі, сеянцы пікіруюць. Калі гучкі крыху падрастуць, іх прышчыпваюць (выдаляюць верхавінкавыя пупышкі з мэтай развіцця бакавых парасткаў), пасля чаго перасаджваюць у больш буйны вазон. Пры­шчыпваць расток можна, пакуль ён не прыняў форму кусціка, але гэта аддаляе час фарміравання бутонаў.

Хваробы і шкоднікі

Калерыя адносна ўстойлівая да хвароб. Пры прымяненні няякаснага грунту ці шчодрым паліве можа пашкоджвацца грыбком.

Лячэнне грыбковай інфекцыі праводзіцца так: спачатку выдаляюць парасткі, якія заразіліся, расліны паліваюць супрацьгрыбковымі прэпаратамі. Самымі эфектыўнымі лічацца “Фітаспарын” і “Фундазол”. Пашко­джванне шкоднікамі адбываецца часцей, найбольш распаўсюджаныя з іх:

Павуцінны клешч: лісты пакрываюцца светлымі кропкамі невялікага памеру, высыхаюць, пры выяўленым пашкоджанні — расліна пакрываецца павуцінай.

Устараненне: павысіць вільготнасць паветра, апырскваць “Актарай”.

Трыпсы: з’яўляюцца разводы шэрага колеру і чорныя кропкі на лістах, асыпаецца пылок.

Устараненне: апрацаваць “Інта-вірам”, “Іскрай” двойчы, другі раз — праз тыдзень пасля першага.

Шчытоўка: можна знайсці шчыткі насякомых (круглыя карычневыя бляшкі), на лістах становяцца прыметны плямы ліпкай кансістэнцыі.

Устараненне: шчытовак выдаляюць пры дапамозе пінцэта, апырскваюць растворам спірту.

Белакрылка: дэфармуецца бутон, жаўцеюць і ападаюць лісты.

Устараненне: апрацаваць пры дапамозе аэразолі “Раптар”, “Дыхлафос”. Дадаткова патрабуецца апрацоўка інсектыцыдам для знішчэння лічынак.

Мучністы чарвец: на сцёблах і чаранках утвараецца воскападобны налёт, запавольваецца рост расліны, яна вяне.

Устараненне: шмат разоў правесці апырскванне інсектыцыдамі.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.