Мужчынскае шчасце

Антурыум — кветка-фламінга, мужчынскае шчасце — гэта чароўная кветка, якая вырошчваецца ў хатніх умовах. Радзімай кветкі лічыцца Паўднёвая і Цэнтральная Амерыка. Налічваецца каля 800 відаў антурыуму. Расліна дасягае ў вышыню 40 см, мае насычанае зялёнае лісце. Суквецці антурыуму могуць быць розных адценняў: ружовыя, белыя, чорныя, сінія, чырвоныя. Догляд кветкі даволі просты, калі захоўваць некаторыя правілы.

Глеба

Для таго каб ваш антурыум добра цвіў і развіваўся, яму патрэбна пажыўная глеба. Антурыум любіць рыхлы і лёгкі грунт, які валодае кіслай рэакцыяй, бо мужчын­скае шчасце не пераносіць шчолачы. Глебу для антурыуму выкарыстоўвайце добра дрэніраваную, лёгкую, каб паветра і вада выдатна прахо­дзілі праз яе. Існуе некалькі спосабаў прыгатавання субстрату для раслін у хатніх умовах.

  1. Узяць тарфяны і ліставы грунт (па 1 частцы), пясок (0,5) і дабавіць сфагнум і драўняны вугаль. Усе кампаненты добра перамяшаць, і сумесь можна выкарыстоўваць.
  2. Узяць ліставую зямлю (1), хваёвую глебу (1), торф (1) і пясок. Усе складнікі старанна перамяшаць.
  3. Для прыгатавання наступнага субстрату ў хатніх умовах рэкамендуецца ўзяць торф (4), дзярновы грунт (2 часткі), здробнены сфагнум (1), пясок (1) і дабавіць кавалачкікарыі абломкі гнілога дрэва.
  4. Бяромліставыгрунт (2 част­кі), торф (1), хваёвую глебу і перагной (па 1 частцы).
  5. Неабходнаўзяцьтарфяную і ліставую глебу (па 1 частцы), перагной (1) і пясок (0,5). Усё змешваем, і субстрат гатовы да выкарыстання.
  6. Узяцьперагной(2), дзярновы грунт і буйны пясок (па 1 частцы).

Што рабіць, каб антурыум зацвіў?

l Рэгулярна падкормліваць, дадаючы глебе кіслотнасці, падсыпаючы хваёвую ігліцу.

l Засцерагаць сцябло і карані ад хвароб (гнілі з-за пераліву).

l Не перастаўляць часта гаршчок з антурыумам з месца на месца.

l Не пакідаць завялыя бутоны на сцябле (іх зразаюць каля асновы).

l Не перакормліваць угнаеннямі.

l Забяспечыць вільготнасць паветра, паставіўшы ў пакоі ўвільгатняльнік.

Пясок для прыгатавання субстрату ў хатніх умовах лепш б­раць рачны ці марскі. Дзякуючы пяску карані і сцябло антурыуму засцерагаюцца ад гніласных хвароб. Торф можна выкарыстоўваць і звычайны буры, і цёмны. Перад гэтым яго трэба крыху падсушыць. Аднак майце на ўвазе, што перасушаны торф дрэнна паглынае ваду і таму яго лепш трымаць у вільготным стане. У склад грунту для антурыуму рэкамендуецца дабаўляць драўняны вугаль, ён — выдатны антысептык. Каб пазбегнуць закісання, вугаль дадаюць у зямлю. Такія склады для антурыуму максімальна набліжаны да прыродных. Акрамя гэтага, для кветкі неабходны дрэнаж: дробныя цаглінкі, драўняны вугаль, маленькія кавалачкі пенапласту і керамзіт. Складнікаў дрэнажу павінна быць дзесьці 15% ад усёй колькасці субстрату. Такая глебавая сумесь добра прапускае ваду і паветра.

Апрацоўка элементаў грунту перад выкарыстаннем

Калі для прыгатавання субстрату вы бераце складнікі ў прыродзе, то іх варта загадзя апрацаваць, каб расліна не захварэла.

Для тэрмічнай апрацоўкі глебу трэба насыпаць на бляху невялікім слоем (5—7 см) і адправіць у духоўку (тэмпературны рэжым павінен быць не менш за 80 градусаў). Грунт варта прапарваць прыкладна паўтары гадзіны.

Існуе і іншы спосаб апрацоўкі грунту — пры нізкай тэмпературы. Глебу высыпаюць на паддон тонкім слоем і выстаўляюць на мароз (не ніжэй за  8°С). Зямля павінна прастаяць на холадзе на працягу некалькіх дзён.

Няма неабходнасці праводзіць стэрылізацыю ўсіх кампанентаў сумесі. Найбольш небяспечныя элементы — дзярновы, хваёвы і ліставы грунт, а таксама перагной і кампост. Мох сфагнум і торф таксама чыстыя складнікі, іх можна не апрацоўваць.

Для добрага цвіцення антурыуму, акрамя правільнага складу зямлі, важны і догляд. У гарачую пару года гаршчок з кветкай трэба ставіць на прыценены падаконнік. У зімовы перыяд якраз наадварот, расліне неабходна сонечнае святло. Тэмпература ў памяшканні павінна быць у межах ад +17°С да +20°С. Антурыум любіць апырскванне, але сачыце, каб вада не трапляла на суквецці.

Размнажэнне

Размнажаюць расліну двума спосабамі:

* дзяленнем (ад мацярынскай расліны аддзяляюць парасткі і перасаджваюць у гаршчок);

* чаранкаваннем (верхавіну сцябла адразаюць, укараняюць у гаршку з торфам).

Для чаранкоў звычайна бя­руць верхавінкі сцёблаў, даўжыня якіх 15—20 см, і пакідаюць на іх па 2 лісты. Добра ўкараняюцца чаранкі антурыуму ў вермікуліце: яго насыпаюць у пластыкавы посуд з дрэнажнымі адтулінамі. Улічваючы, што вермікуліт вельмі сыпучы, на дно пасудзіны ўкладваем кавалачак тканіны — яна будзе ўтрымлі­ваць вермікуліт, але не перашкодзіць адвядзенню лішкаў вільгаці.

Чаранкі для размнажэння аддзяляюць ад асноўнага сцябла, часта яны маюць ужо добрыя карэньчыкі. Пажадана адразу іх паса­дзіць у гаршчок дыяметрам 9—10 см (калі ў расліны ўжо ёсць 5—6 лісточкаў). Працэс укаранення можа працягвацца каля месяца. На этапе ўтварэння каранёў сачыце за станам субстрату, падтрымлівайце яго вільготнасць.

Хваробы

Вірус бронзавасці лісця

Прыкметы: ліставыя пласцінкі хатняй расліны выглядаюць зморшчанымі і бясколернымі, на паверхні ўтвараюцца невялікія адтуліны.

Як ліквідаваць: абрэзаць усё пашкоджанае лісце; выдаліць паразіта-разносчыка гэтага віруса (як правіла, трыпсы).

Сцябловая гніль

Прыкметы: на сцябле расліны з’яўляюцца вадзяністыя плямы чорнага колеру. Іншы раз гніль распаўсюджваецца і на лісце. Пашкоджаныя гніллю часткі расліны адміраюць.

Як ліквідаваць: знізіць вільготнасць паветра ў памяшканні, апыр­­сквац­ь расліну растворамі такіх прэпаратаў, як Сапроль ці Фітаспарын-М.

Воспа раслінная (шарка)

Прыкметы: на знешнім баку ліставой пласцінкі ўтвараюцца кольцападобныя плямы жаўтаватага ці жоўта-зялёнага колеру, крыху выпуклыя.

Як ліквідаваць: абрэзаць лісце, пашкоджанае воспай; зменшыць узровень вільготнасці; сачыць, каб тэмпература не апускалася не ніжэй за +18°С.

Фузарыёзнае завяданне

Прыкметы: з’яўляецца ружова-шэры налёт каля каранёвай шыйкі, лісце становіцца жоўтым і хутка ападае. Хвароба актыўна распаўсюджваецца ў залішне цёплым асяроддзі з павышанай вільготнасцю.

Як ліквідаваць: пазбавіцца ад разносчыка хваробы — грыбка, споры якога звычайна трапляюць у глебу праз ваду падчас паліву расліны. У гэтым выпадку рэкамендуецца старанна памыць расліну пад дожджыкам, апрацаваць процігрыбковым прэпаратам і перасадзіць у іншы гаршчок з новай землясумессю.

Энацый

Прыкметы: лісце антурыуму пачынае нераўнамерна расці, а ліставыя пласцінкі дэфармуюцца, на паверхні ліста з’яўляюцца выпукласці і нарасты.

Як ліквідаваць: прычынай могуць быць частыя перапады тэмпературы, скразнякі, высокая вільготнасць на фоне нізкай тэмпературы. Адпаведна — неабходна выявіць і прадухіліць прычыны хваробы.

Размнажэнне дзяленнем пры перасадцы — самы аптымальны і просты спосаб атрымаць новую расліну. Для амалоджвання антурыуму выцягнутае сцябло трэба абкруціць вільготным сфагнумам і абвязаць празрыстым пакетам. Штодзённа ўвільгатняць мох з распыляльніка. Праз нейкі час з’явяцца новыя карані. Пасля гэтага зрэзаць чаранок з каранямі, зняць пакет і разам з мохам пасадзіць у кантэйнер, лепш — у цяплічку.

Вільготнасць

Антурыум патрабуе павышанай вільготнасці паветра (70—85%). Асабліва старанна яе трэба падтрымліваць у перыяд, калі ўключаецца ацяпленне. Можна апырскваць кветку раніцай і вечарам ці побач з антурыумам паставіць увільгатняльнік паветра, а вельмі гарачым летам накры­ваць расліну вільготнай марляй. Пару разоў на год неабходна ку­паць антурыум у ваннай. Пасля цёплага дожджыку даць яму цалкам абсох­нуць у цёмным месцы і ні ў якім разе не выносіць на сонца, а то будуць апёкі.

Перасадка

Набыўшы антурыум, важна правільна перасадзіць яго ў камфортны гаршчок з адпаведным напаўняльнікам. Зрабіць гэта лепш не пазней, як праз трое сутак з моманту пакупкі, інакш могуць з’явіцца праблемы. У далейшым перасаджваць антурыум трэба вясной ці летам, пакуль расліна поўная жыццёвых сіл. Калі карані антурыуму цалкам аплялі земляны камяк, трэба перасадзіць расліну ў гаршчок большага дыяметра.

Антурыум патрабуе перасадкі і калі спустошваецца субстрат або ў ім залішне мінеральных рэчываў (заўважыць гэта можна па белым налёце, які з’явіўся на грунце, ён шкодны для здароўя кветкі). Перасаджвайце антурыум асцярожна, паколькі каранёвая сістэма ў яго вельмі далікатная. Расліну ва ўзросце да чатырох гадоў трэба перасаджваць штогод, больш дарослую дастаткова перасаджваць кожныя 2—3 гады.

Падкормка

Падкормліваць антурыум варта кожныя два тыдні арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. У школе, у сваіх кабінетах мы падкормліваем комплексным угнаеннем “Кеміра люкс”, а ў перыяд цвіцення — угнаен­нем для раслін, якія прыгожа цвітуць.

Антурыуму асабліва неабходны пажыўныя рэчывы ў перыяд вегетацыі: пачынаецца актыўны рост новага лісця і кветак. Карані, што з’яўляюцца на паверхні зямлі, трэба прыкрываць мохам, які неабходна рэгулярна ўвільгатняць.

Антурыум не пераносіць шчолачы ні ў зямлі, ні ў палівачнай ва­дзе. Зямля павінна мець кіслую рэакцыю, а вада — абавязкова быць мяккай.

Карысныя парады

  1. Палівайце антурыум зімой толькі тады, калі больш як 1/3 субстрату высахне. Залішне часты паліў зробіць расліну вельмі ўразлівай да розных хвароб і павуціннага кляшча.
  2. Вільготнасць добрага дрэнажу глебы асабліва праяўляецца ў халодны перыяд. Вада не павінна застойвацца на ўзроўні каранёў, а свабодна сцякаць у паддон і потым выдаляцца.
  3. У адстоеную ваду для паліву дадавайце крыху змякчальніка, бо расліна камфортна сябе адчувае ў кіслым асяроддзі. Калі вада залішне жорсткая, кончыкі лісця будуць карычневымі.
  4. Падчас перасадкі абавязкова дадавайце ў землясумесь торф і крыху сфагнуму.
  5. Скразнякі і прамыя сонечныя промні — самыя небяспечныя ворагі хатняга антурыуму.
  6. Не забывайце пра тое, што многія віды гэтай расліны даволі ядавітыя і могуць выклікаць атручэнні рознага роду як у людзей, так і ў жывёл.

Хочаце — верце…

У адпаведнасці з фэн-шуй, кожная пакаёвая расліна нясе зарад энергіі. Некаторыя пакаёвыя кветкі, у тым ліку і антурыум, валодаюць энергетыкай, здольнай прывабіць удачу ў дом. Антурыум садзейнічае мужчынскаму шчасцю. Уладальнік антурыуму здолее дасягнуць матэрыяльнага дабрабыту, у яго будзе шчаслівая сям’я, умацуецца мужчынская сіла. У людзях абыякавых і тых, хто страціў надзею, антурыум абуджае перажыванні глыбокія і моц­ныя.

Антурыум у доме дапаможа палепшыць фінансавае становішча. Але прыцягне кветка грошы толькі тады, калі яна здаровая і дагле­джаная.

Каб засцерагчы антурыум ад шкоднікаў, дастаткова рэгулярна абмы­ваць лісце вадой!

Паразіты

Трыпсы

Прыкметы пашкоджання: на лістах з’яўляюцца светла-жоўтыя плямы рознага памеру і формы. На ніжнім баку ліставой пласцінкі заўважаюцца шкоднікі бурага колеру, якія выдзяляюць цёмную вадкасць.

Як засцерагчыся ад шкодніка: раз у дзень на працягу тыдня апырскваць расліны інсектыцыдамі — Танрэк, Актэлік ці Фуфанон. Потым зрабіць перапынак на 3—4 дні і паўтарыць працэдуру.

Тля

Прыкметы пашкоджання: ліставыя пласціны жаўцеюць і закручваюцца. Могуць з’явіцца клейкія выдзяленні, якія пакідаюць шкоднікі.

Як пазбавіцца ад шкодніка: старанна апрацаваць усё лісце расліны губкай з мыльным растворам, а потым апырскаць такімі прэпаратамі, як Біятлін, Тытунёвы пыл, Акарын.

Павуцінны клешч

Прыкметы пашкоджання: на ліставых пласцінках з’яўляюцца невялікія крапінкі жоўтага колеру, якія хутка распаўсюджваюцца, а пашкоджаныя ўчасткі высыхаюць. На ніжнім баку ліста можна заўважыць дробных насякомых (паўміліметра) і павуціну.

Як пазбавіцца ад шкодніка: апрацаваць усё лісце губкай з мыльным растворам, а потым — мінеральным маслам.

Шчытоўка і лжэшчытоўка

Прыкметы пашкоджання: на знешняй паверхні ліста добра заўважаюцца жаўтавата-карычневыя бугаркі, якія можна лёгка выдаліць.

Як пазбавіцца ад шкодніка: счысціць шкоднікаў мяккай зубной шчоткай, а потым працерці сцябло антурыуму губкай, змочанай у газе.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.