Падарунак да Новага года

Калядны кактус вядомы ў нас вельмі даўно. Навуковая назва яго — шлюмбергера. Яго галінкі складаюцца з плоскіх пакарочаных сегментаў даўжынёй 2—3 см. Новыя сегменты ўтвараюцца на канцах старых, а на канцах маладых з’яўляюцца гладкія канічныя бутоны. Кветкі ў шлюмбергер буйныя і яркія. На здаровых раслінах яны ўтвараюцца ў вялікай колькасці і распускаюцца амаль адначасова, так што ўвесь хмызнячок ператвараецца ў адзін шыкоўны букет.

Расліна адрозніваецца непераборлівасцю да ўмоў вырошчання, хуткім ростам і здольнасцю расцвітаць нават у маладым узросце.

Сярод пакаёвых раслін часцей за ўсё сустракаюцца два прадстаўнікі групы шлюмбергер. Адзін светла-зялёны з акругла-фестончатымі сегментамі і малінава-ружовымі, амаль правільнарадыяльнымі кветкамі. Яго сённяшняя назва — шлюмбергера буклей, раней ён быў больш вядомы як шлюмбергера брыджэсі. Другі від адрозніваецца востразубчатымі краямі сегментаў і кветкамі з моцна скошаным венчыкам. Гэта шлюмбергера трунката. Доўгі час яе няправільна называлі зігакактусам. Пры гэтым шлюмбергера буклей на самай справе лёгка ўтваральны і ў прыродзе, і ў культуры гібрыд шлюмбергеры трунката з яшчэ адным малавядомым у культуры прадстаўніком роду. Але і гэта яшчэ не ўсё! У нашым пакаёвым кветкаводстве традыцыйна была распаўсюджана менавіта шлюмбергера буклей, якая памылкова ўвайшла ў даведнікі пад назвай “зігакактус трункатус”, і спрэчкі на гэты конт ідуць да цяперашняга часу.

Сапраўдная шлюмбергера трунката — даволі пераменлівы від. У прыродзе знаходзяць шматлікія формы, якія адрозніваюцца памерамі і формай сегментаў, афарбоўкай сцёблаў (ад светла-зялёнай да чырванавата-бурай). Але галоўнае — на дзіва разнастайная афарбоўка кветак. У лясах у наваколлі Рыа-дэ-Жанэйра можна ўбачыць некалькі дзясяткаў варыянтаў афарбоўкі кветак шлюмбергеры. На гэтую асаблівасць расліны даўно звярнулі ўвагу селекцыянеры. Спачатку ў Францыі, потым і ў іншых краінах яны сталі мэтанакіравана адбіраць найбольш дэкаратыўныя расліны і ўтвараць гатункі. Першыя з іх былі даволі капрызнымі, і іх вырошчвалі на прышчэпках. Аднак гатункі найноўшай селекцыі, а іх ужо дзясяткі, не саступаюць прыродным формам па шчодрасці і разнастайнасці цвіцення.

Кветкавая прамысловасць Еўропы напаўняе наш рынак выключна гатункавымі шлюмбергерамі (на жаль, часта без абазначэння гатунку). Вядомыя гатункі з кветкамі даўжынёй да 9 см з чыста-белымі, крэмавымі, лімонна-жоўтымі, бурштынавымі, аранжавымі, ласасёвымі, ружовымі, ліловымі, двухколернымі пялёсткамі.
Невялікія, сакавітыя, усыпаныя бутонамі альбо кветкамі хмызнячкі шлюмбергеры незвычайна прывабныя, і многія заводзяць іх дома. Але потым нярэдка адчуваюць расчараванне: бутоны ападаюць, хмызнячкі засыхаюць, а калі і растуць, то хутка страчваюць прыгажосць і больш не зацвітаюць.

Гэта тлумачыцца тым, што ўсе прывазныя расліны былі вырашчаны ў цяплічных умовах і спецыяльна стымуляваліся для шчодрага цвіцення. Пераадолець гэты стрэс могуць дапамагчы правілы ўтрымання ў хатніх умовах.

Прыкладна за месяц да з’яўлення бутонаў шлюмбергеры патрэбен спакой, на працягу якога расліну не трэба паліваць і падкормліваць. Натуральнае восеньскае паніжэнне тэмпературы гэтаму добра спрыяе.

Шлюмбергеру не трэба перастаўляць, паварочваць, мыць. Любы рэзкі рух можа прывесці да ападзення бутонаў.

Можна, акараніўшы галінку, праз год-два атрымаць квітучую расліну. Але не забывайце, што шыкоўны разгалінаваны калядны кактус атрымаць не так проста. Ён інтэнсіўна расце і мае патрэбу ў якасных падкормках, рэгулярных перасадках, фарміраванні кроны. Пры любых неспрыяльных умовах лёгка страчвае карэнне, узнаўляць якое з узростам усё цяжэй. Хаця мне давялося бачыць шлюмбергеру, якой было больш за 20 гадоў, расла яна ва ўмовах прыватнага дома і рэгулярна зацвітала ў Варварын дзень — 17 снежня. Можа, справа ў тым, што ўвосень у доме было халаднавата.

Пастаянная падрэзка, падкарочванне парасткаў спрыяюць не толькі фарміраванню прыгожай кроны, але і шчодраму цвіценню.

Калі пасля цвіцення расліна пачала вянуць, не варта яе падкормліваць, паліваць. Лепш дастаць з вазона, выдаліць старое карэнне і завялыя сегменты і пасадзіць у свежы грунт.

Гатункавыя шлюмбергеры размнажаюцца вегетатыўна. Іх спелыя сегменты лёгка аддзяляюцца ў месцах сучлянення і пасля непрацяглага падсушвання хутка ўтвараюць карэнне. Лепш за ўсё пасадзіць іх у лёгкі субстрат і накрыць слоікам альбо цэлафанавым пакетам. Вядома, рабіць гэта трэба вясной альбо летам. Калі ўтворацца новыя сегменты, расліну можна пасадзіць на пастаяннае месца на не вельмі светлы падаконнік.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.