Размнажэнне герані вясной

Хачу падзяліцца вопытам размнажэння герані, якая ў мінулым годзе стала ўлюбёнкай на нашых прышкольных клумбах, цешачы гаспадароў і гасцей сваёй прыгажосцю.

Час чаранкавання

Лепшы спосаб размнажэння герані — чаранкаванне. Чаранкі можна нарыхтоўваць круглы год, але самы лепшы час, з найбольшым працэнтам укаранення, — перыяд з канца лютага да пачатку красавіка, калі расліна актыўна выпрацоўвае раслінныя сокі і з’яўленне каранёў адбываецца актыўна, а яшчэ адсутнічае неабходнасць дадатковага падсвятлення расліны. Цвісці герань з такіх чаранкоў будзе ўжо летам.

Як атрымаць чаранкі з мацярынскай расліны?

Чаранкі рэкамендуецца зрэ­заць з верхавіны сцёблаў. Вазьміце востры нож, апрацуйце яго спіртам для дэзынфекцыі і асцярожна зрэжце чаранок даўжынёй мінімум 5—7 см пад прамым вуглом да сцябла. Прасачыце, каб на чаранку былі 2—3 ліс­ты (або міжвузеллі), толькі тады ён зможа замацавацца ў грунце і выжыць у складаных для яго ўмовах. Неабходна выдаліць з чаранкоў бутоны і лісце, акрамя аднаго верхняга або бакавога. Калі лісце не выдаліць, то ў чаранка герані можа не хапіць сіл для харчавання і нарошчвання каранёвай сістэмы (укараняецца чаранок на працягу 2—6 тыдняў).

Укараненне

Перад пасадкай чаранкі варта прасушыць на свежым паветры. Іх дастаткова пакласці ў зацененае месца на пару гадзін. Пашко­джаныя ўчасткі павінны падсохнуць. Як толькі зрэзы пакрыюцца тонкай плёнкай, неабходна іх прыпудрыць попелам, тоўчаным вугалем, “Карнявінам” або апрацаваць спіртазмяшчальнымі вадкасцямі.

Неабходна ўзяць невялікія гаршкі або любыя іншыя ёмістасці, якія маюць дрэнажныя адтуліны. Можна саджаць у адну вялікую ёмістасць, але трэба мець на ўвазе, што карані могуць заблытацца, ускладніўшы далейшую перасадку. Укладваецца дрэнаж. У якасці дрэнажу можна выкарыстоў­ваць гальку, бітую цэглу, пенапласт і інш. Зверху насыпаецца рыхлая глеба. Падыдзе сумесь з дзёрну, садовай зямлі, перагною і рачнога пяску. Потым глеба павінна зай­маць усяго толькі палову ёмістасці. Потым варта добра праліць кіпенем. Пасля таго як зямля астыне, чаранкі высаджваюць у грунт на глыбіню не менш як 2 см.

Гаршкі з чаранкамі неабходна выставіць на добра асветленае месца. Спрыяльнай для ўкаранення і росту чаранкоў лічыцца тэмпература ў дыяпазоне ад +18 да +25° С. Пры больш высокіх або нізкіх паказчыках тэрмометра прыжывальнасць чаранкоў зніжаецца.

Герань даволі капрызная да асвятлення. Яе можна нават змясціць пад прамыя сонечныя прамяні.

Калі вы выявілі загніванне чаранка знізу, не выкідайце яго, падарыце яшчэ адзін шанс на выжыванне, абрэзаўшы месца загнівання і паўтарыўшы працэдуру ўкаранення яшчэ раз.

Размнажэнне ў вадзе

Размнажэнне чаранкамі ў ва­дзе — самы просты спосаб. Неабходна ўзяць шклянку з цёмнага шкла. Наліць ваду, дадаць здробнены вугаль. Так расліна не бу­дзе схільнай да розных хвароб. Ваду варта мяняць кожныя два дні, каб не дапускаць загнівання чаранка. Незахаванне тэмпературнага рэжыму таксама прыводзіць да загнівання чаранка. Як толькі карэньчыкі вырастуць у даўжыню на 2,5 см, іх варта асцярожна даставаць з вады і высаджваць на пастаяннае месца ў зямлю. У першы тыдзень пасля ўкаранення паліваць не трэба. Паліў ажыццяўляецца толькі пасля прасыхання глебы і па краях гаршка.

Падкормка

Можна пачынаць падкормлі­ваць герань адразу пасля ўкаранення. Падыдуць мінеральныя комплексныя ўгнаенні для кветкавых раслін.

Поспехаў вам у вырошчванні кветак!

Таццяна САМОЙЛАВА,
музычны кіраўнік Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.
Фота аўтара.