Не хоча вучыцца?

Кожны педагог хоча, каб яго вучні добра вучыліся, з цікавасцю і жаданнем наведвалі школу. У гэтым не менш зацікаўлены і бацькі навучэнцаў. Але часам і педагогам, і законным прадстаўнікам непаўналетніх прыходзіцца са шкадаваннем канстатаваць: “Не хоча вучыцца”, “Мог бы выдатна займацца, але жадання няма”. У такіх выпадках мы можам сутыкнуцца з тым, што ў школьніка не сфарміраваліся патрэбы ў ведах, зніжана цікавасць да навучання.

Абудзіць у дзіцяці жаданне вучыцца не так проста, асабліва калі ў яго ёсць нелюбімыя прадметы, строгія педагогі, паспяховасць сяк-так. Пры гэтым сядзець паўдня на ўроках — занятак не з самых прыемных. А дома яшчэ чакае і самападрыхтоўка да заўтрашняга дня. А ў гэты час у свеце столькі ўсяго цікавага, прывабнага, што душа просіцца на волю: гуляць, весяліцца з сябрамі, пасядзець у віртуальным свеце за камп’ютарам і інш.

Часам настаўнікі разважаюць так: калі дзіця прыйшло ў школу, то яно павінна рабіць усё, што рэкамендуе педагог. Пры гэтым далёка не заўсёды ўдзяляецца належная ўвага матывацыі навучэнцаў.

У той жа час бацькам, якія змораныя вярнуліся з работы і паглыбіліся ў свае дамашнія клопаты, хочуць яны таго ці не, не заўсёды хапае часу на аказанне дапамогі школьніку ў развіцці яго самакантролю і самападрыхтоўкі да заняткаў. А без кантролю і напаміну дарослых само па сабе жаданне вучыцца наўрад ці актуалізуецца. Вось і атрымліваецца, што навучэнец застаецца сам-насам са сваёй галоўнай праблемай “не хачу вучыцца”. Паступова яна разрастаецца: фарміруецца варожае стаўленне да школы, страх перад педагогамі. Вучэбная дзейнасць радасці не прыносіць. З’яўляюцца сігналы недабрабыту ў выглядзе парушэнняў дысцыпліны і дрэннай паспяховасці.

Як жа сфарміраваць і павысіць у дзяцей патрэбу ў ведах?

Захапіць тых, хто прыйшоў у школу, можна толькі самім працэсам навучання. Тут важны і эмацыянальны настрой падчас урока, каб выклікаць цікавасць, і пазнавальная цікавасць да матэрыялу, які вывучаецца. Гаворка ідзе пра стварэнне добразычлівай атмасферы даверу і супрацоўніцтва на занятках, яркае і эмацыянальнае маўленне педагога. Не лішнім будзе і ўвядзенне настаўнікам у змест заняткаў гульнявых і спаборніцкіх элементаў урока, арганізацыя работы ў групах, аказанне навучэнцамі дапамогі адно аднаму, выкарыстанне настаўнікам гумарыстычных хвілінак і інш.

Дарэчы прадумаць і пазнавальны блок, калі педагог выкарыстоўвае, напрыклад, незвычайную форму выкладання матэрыялу, далучае навучэнцаў да ацэначнай дзейнасці (водзыў дзіцяці аб адказе равеснікаў), будзе карысным і аказанне педагогам нязначнай дапамогі навучэнцам або ўскладненне заданняў для асабліва здольных дзяцей.

Для ўсведамлення мэт навучання і развіцця жадання іх рэалізацыі важна даваць дзецям права выбару праз выкананне рознаўзроўневых заданняў, дазіраванасць дамашніх практыкаванняў і задач, сумеснае з настаўнікам планаванне дзейнасці на ўроку.

Ці могуць бацькі што-небудзь зрабіць, каб захаваць у дзіцяці цікавасць да навучання?

Дзіцяці вельмі важна ведаць, што бацькі неабыякавы да яго школьных спраў, бо навучанне адыгрывае найважнейшую ролю ў яго жыцці. Таму бацькам для пачатку трэба развіць смак да ўдзелу ў бацькоўскіх сходах, асабістым прыкладам паказваючы, наколькі сур’ёзна яны ўспрымаюць школьнае жыццё дзяцей. Ды і падзяліцца сваімі думкамі ў сям’і школьніку намнога прасцей, калі ён бачыць зацікаўленасць бацькоў, іх прыналежнасць да таго, што адбываецца.

Вялікае значэнне мае меркаванне старэйшых пра школу, пра настаўнікаў. Трэба мець на ўвазе, што цяжка вучыцца з задавальненнем тады, калі дома бацькі пастаянна крытыкуюць школу, калі ім не падабаецца настаўніца, вучэбная праграма і сам вучэбны працэс… Тут трэба падыходзіць да пытання творча, не паглыбляючы школьніка ў недзіцячыя праблемы. Варта пастарацца знайсці “залаты ключык” для вырашэння ўсіх існуючых супярэчнасцей, у супрацоўніцтве з настаўнікам пачаць ставіць новыя вучэбныя задачы і сумесна рухацца наперад па шляху агульнага поспеху школьніка.

Святлана ФІЛІПАВА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Слаўгарада.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*