Бачанне будучыні ў дзіцячай творчасці

Установы адукацыі Гродзенскай вобласці сталі актыўнымі ўдзельнікамі абласной акцыі “Дзень Зямлі”, якую арганізаваў Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі. Удзельнікі збіралі макулатуру, пластыкавыя бутэлькі, а таксама стваралі праекты-макеты школы будучыні і дома, у якім хацелася б жыць.


У рамках акцыі было сабрана 308 тон макулатуры і больш за 3 тоны пластыку. Самымі актыўнымі былі ўстановы адукацыі Астравецкага, Лідскага, Слонімскага, Гродзенскага, Дзятлаўскага раёнаў і Гродна.

Ствараючы макеты школы будучыні, навучэнцы змаглі ўявіць сябе ў ролі дызайнераў і архітэктараў, пафантазіраваць, што можна змяніць, палепшыць, прыдумаць новага, каб школа стала яшчэ больш эфектыўным і цікавым месцам для вучняў, настаўнікаў і бацькоў. Усе ўдзельнікі праявілі арыгінальнасць і высокі мастацкі густ — работы былі выкананы з фантазіяй і адрозніваліся эстэтычнасцю. Лепшым стаў праект Настассі Пісарэнка, вучаніцы сярэдняй школы № 7 Навагрудка.

У катэгорыі “Дом, у якім хацелася б жыць” былі прадстаўлены макеты дамоў з утульнымі падворкамі, што патанаюць у зеляніне. Макеты спраектаваны з улікам экападыходу, у аснове якога — ідэя мэтазгоднага выкарыстання прыродных рэсурсаў і мінімізацыі адмоўных уздзеянняў урбанізацыі на навакольнае асяроддзе. Сярод праектаў можна сустрэць пентхаусы, плывучыя дамы, экасядзібы. Усе праекты ўяўляюць сабой сучасныя добраўпарадкаваныя дамы, спрыяльныя для здароўя чалавека (пабудаваныя з нетаксічных, няшкодных матэрыялаў). Пры гэтым яны не патрабуюць на сваю эксплуатацыю намаганняў і выдаткаў. Усе дамы абсталяваны сонечнымі батарэямі, што забяспечвае жыхароў неабходнай колькасцю электрычнасці. Прызёрам у гэтай паднамінацыі стаў макет навучэнак гімназіі № 5 Гродна Кацярыны Сандуленка і Дарыны Ашурка.

Таццяна КАЛАГРЫЎ,
метадыст Гродзенскага дзяржаўнага абласнога
эколага-біялагічнага цэнтра 
дзяцей і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*