“Дрэва развіцця” і “Беражлівае дрэва”

Загадчыцай ясляў-сада № 101 “Верасок” у Гродне Жанна Мікалаеўна Казловіч была прызначана яшчэ ў час яго будаўніцтва. І ўжо больш за адзінаццаць гадоў разам са сваім нязменным намеснікам па асноўнай дзейнасці Таццянай Вацлаваўнай Седа ператварае дзіцячую ўстанову ў месца, дзе кожны куточак выхоўвае і вучыць.

— Праект нашага дзіцячага сада прадугледжвае шмат дадатковай прасторы: вялікія холы, калідоры, якія мы вырашылі выкарыстаць так, каб гэта стала адзінай выхаваўчай прасторай, — расказвае Жанна Мікалаеўна. — Рабілі ўсё — ад задумы да ўвасаблення — уласнымі сіламі, з дапамогай бацькоў і дзякуючы іх падтрымцы.

Так у садку з’явіўся дызайн-праект “Горад майстроў”, куток бяспекі, планетарый, зімовы сад, дрэвы дасягненняў. Кожны з трох паверхаў дзіцячай установы мае тэматычны кірунак. На першым паверсе, адразу пры ўваходзе, аформілі своеасаблівую выставачную прастору: тут адна адну змяняюць розныя творчыя экспазіцыі дзяцей і іх бацькоў.

Хол другога паверха стаў зімовым садам. Падымаюць настрой, супакойваюць тут дзетак і дарослых рыбкі і папугайчыкі, марскія свінкі, чарапашкі і чылійскія вавёркі. Папугайчыкі тут жывуць амаль з самага пачатку дзейнасці сада. А папугай-карэла Глафіра заўсёды ў цэнтры агульнай увагі і вельмі прыязна ставіцца і да дзяцей, і да дарослых. Адцягнуць выхаванцаў ад назірання за рыбкамі, птушкамі, жывёламі складана. Вельмі часта зазіраюць сюды і бацькі — рэлакс забяспечаны ўсім.

Алена Зафатаева са сваімі выхаванцамі ў “Горадзе майстроў”.

— Часам пры паступленні ў садок дзетак мы спачатку прыводзім у наш жывы куток, дзе яны назіраюць за жывёламі, супакойваюцца, і толькі потым вядзём у групы, — расказвае Жанна Мікалаеўна. — Так адаптацыя праходзіць лепш. А потым выхаванцы адкрываюць для сябе “Горад майстроў”, калідор бяспекі, планетарый, нашу цудоўную музычную залу, удзельнічаюць у мерапрыемствах “Зялёнай школы”, элементы якой размясцілі ў калідорах садка.

Афармленне дзіцячай установы пачыналася з “Горада майстроў”, дзе дзеці знаёмяцца з гісторыяй Гродна — сваёй малой радзімы і народнай творчасцю: саломапляценнем, выцінанкай, разьбой па дрэве, ткацтвам, кавальствам, ганчарствам. Тут не проста паказаны вырабы народных промыслаў — тут прадстаўлены і носьбіты гэтай народнай культуры. Выхавальнікі расказваюць аб народных майстрах, дзеці бачаць іх фотаздымкі і могуць узяць у рукі цудоўныя вырабы: ручнікі, гаршкі, лялек у нацыянальных строях. Дарэчы, гэтых лялек зрабіла сама Жанна Мікалаеўна, як і шмат іншага ў афармленні выхаваўчай прасторы сада.

Сваёй творчасцю (а ў метадычнай скарбонцы загадчыцы ясляў-сада шмат распрацовак) Жанна Мікалаеўна натхняе і супрацоўнікаў сада. У групе Алены Мікалаеўны Зафатаевай з бяспекай паводзін дзеці знаёмяцца з дапамогай сумак бяспекі — такіх гульняў-трансформераў. Гэтая распрацоўка Алены Мікалаеўны заняла першае месца на рэспубліканскім конкурсе. Адзін з апошніх праектаў Ж.М.Казлоўскай — “Вучымся берагчы электраэнергію” — у конкурсе экалагічных праектаў на абласным фестывалі педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню” таксама заняў першае месца.

Наступны калідор ператварылі ў куток бяспекі, яшчэ адзін — у планетарый. 

Жанна Казловіч з выхаванцамі садка.

Кожны год 23 снежня папаўняецца фотаздымкамі “Дрэва развіцця”. Яшчэ адзін куточак сада атрымаў такое сімвалічнае афармленне ў выглядзе раскідзістага дрэва, на галінках якога ў дзень нараджэння ясляў-сада “Верасок” з’яўляюцца фотаздымкі яго супрацоўнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у работу і развіццё ўстановы. Такая галерэя гонару. А побач — групавыя фотаздымкі ўсіх выпускнікоў-верасят пачынаючы з 2011 года. У плане — стварэнне старонкі на сайце сада, дзе будзе прадстаўлена інфармацыя аб усіх адзначаных і фотаздымкі выпускнікоў з “Дрэва развіцця”.

 Не ахопленай не застаецца ні адна прастора ясляў-сада — лесвіцы зараз аддадзены пад экалагічны праект. На адным з намаляваных дрэў, якое назвалі “Беражлівае дрэва”, пастаянна з’яўляюцца імёны тых выхаванцаў, хто прынёс больш за ўсё макулатуры ці адзначыўся ў выкананні іншых экалагічных заданняў. У садзе рэалізуецца праект “Зялёная школа”. І зараз у холе першага паверха разгорнута выстава вырабаў з другаснай сыравіны. 

Куток бяспекі.

На іншым пралёце лесвіцы намалявана дрэва, якое паказвае, якія дрэвы і ягады растуць у лесе, якія жывёлы і птушкі тут пражываюць. Гэтыя малюнкі дапамагаюць у рэалізацыі новага праекта “Мая радзіма Беларусь”, а яна і лясная, і азёрная, прыгожая. Афармленне сада працуе на гэтую ідэю.

Выхаваўчай прасторай стала і тэрыторыя ўстановы. Тут падрастае алея выпускнікоў: па традыцыі штогод бацькі і выхаванцы дораць свайму садку дрэва. Амаль усе выхаванцы “Вераска” жывуць у мікрараёне побач, таму любавацца сваім дрэвам могуць амаль штодзень. Адзін з бацькоў, выбіраючы месца для падарунка ад сваёй групы, выбраў яго так, каб яно было бачна з вокнаў яго кватэры.

У планетарыі.

— Яслі-сад № 101 “Верасок” адметны не толькі афармленнем. Тут вядзецца значная інавацыйная выхаваўчая і адукацыйная работа. Часта на базе ўстановы праводзяцца мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў іншых дашкольных устаноў, у тым ліку з розных рэгіёнаў Беларусі, з Расіі, бо ёсць што прадэманстраваць, чаму павучыцца. А Жанна Мікалаеўна заўсёды радуецца, калі вопыт “Вераска” пераймаюць у іншых месцах. Творчыя асобы заўсёды ў развіцці, у творчых планах,  і ўмеюць іх рэалізаваць, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Леанідаўна Кухта.

А пра планы Жанна Мікалаеўна Казловіч паведаміла наступнае. Ёсць новыя задумы па афармленні групавых пакояў і стварэнні ў іх куткоў беларускіх казак разам з навучэнцамі гімназіі № 5 Гродна. Дарэчы, у кожным групавым пакоі ўжо створаны нацыянальныя куточкі, упрыгожаныя арнаментам, вырабамі з саломкі, дрэва. Пачнецца і стварэнне экалагічнай сцежкі.

У творчых і неабыякавых людзей звычайны прадмет можа набыць незвычайны выгляд. Пры афармленні планетарыя радыятар ацяплення пафарбавалі ў жоўты колер, ад яго разыходзяцца праменьчыкі цяпла — нават звычайны радыятар тут набыў незвычайны сонечны сімвалізм.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ірыны БАРСУКОВАЙ.