Калядная зорка

Майстар-клас па вырабе аб’ёмнай віншавальнай паштоўкі

Перад Новым годам заўсёды хочацца парадаваць віншаваннямі родных і сяброў. Мы прапануем зрабіць сваімі рукамі паштоўку “Калядная зорка”. Зойме гэта ўсяго каля 30 мінут.

Неабходныя інструменты і матэрыялы: каляровы кардон, просты аловак, нажніцы, клеявы пісталет ці клей “Тытан”, тонкі дрот, дэкор (сняжынкі, зорачкі, галінкі елкі, пацеркі, ніткі, ажурная тканіна).

Абводзім шаблоны на каляровым кардоне. У гатовым выглядзе павінна атрымацца адна падвойная і адна адзінарная дэталі зоркі.

Край гатовых дэталей прадрапваем лязом нажніц, каб надаць эфект аб’ёму.

Робім галінкі з дроту і бісеру чырвонага, белага колераў.

На кардонную дэталь (адзінарную) пры дапамозе клеявога пісталета ці клею “Тытан” прыклейваем дэкаратыўныя ніткі, елачныя галінкі, галінкі з бісеру, сабраную з аднаго боку ажурную тканіну, дэкаратыўныя зоркі і сняжынкі.

Для надання аб’ёму паштоўцы на падвойную кардонную дэталь пры дапамозе клею ў цэнтры прымацоўваем кардонны квадрат памерам 1х1 см. Вакол яго прыклейваем дэкаратыўныя ніткі.

Злучаем дэталі пры дапамозе клею.

Унутры паштоўкі пішам цёплыя пажаданні.

Людміла КЛІМКО,
педагог дадатковай адукацыі,
Ірына ЛОГВІНАВА, метадыст Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Фота аўтараў.