Лета ў зоакутку

Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах заалагічнага профілю даюць магчымасць навучэнцам не толькі атрымаць дадатковую адукацыю па біялогіі і заалогіі, але і назіраць, даглядаць, карміць жывёл кутка жывой прыроды, аквакласа.


Калекцыя жывёл Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі налічвае больш за 30 відаў. Ёсць сярод іх і тайландскія палачнікі, сярэднеазіяцкая і чырванавухая чарапахі, маісавы полаз, гекон токі, плямісты эўблефар, а таксама звычайныя насельнікі жывога кутка: карлікавыя трусы, марскія свінкі, джунгарскія і сірыйскія хамячкі, мангольскія пясчанкі.

Птушкі кутка жывой прыроды прадстаўлены ярка афарбаванымі прадстаўнікамі тропікаў і субтропікаў: аўстралійскімі карэламі, вясёлымі амадзінамі, хвалістымі папугайчыкамі розных адценняў, пацешнымі афрыканскімі папугаямі-неразлучнікамі. Некаторыя з іх маюць выдатныя вакальныя здольнасці, радуюць сэрца сваім спевам.
Акваклас прызначаны для знаёмства з асновамі акварыумнага рыбаводства, прывіцця ўменняў і навыкаў па доглядзе насельнікаў падводнага свету, вывучэння флоры і фаўны вадаёмаў, правядзення вопытніцка-даследчай працы з дзецьмі. Тут можна назіраць дзіўную разнастайнасць фарбаў і форм жывёл, розныя іх паводзіны, дзіўную прыстасаванасць да тых ці іншых умоў жыцця. У акварыумах цэнтра жывуць пірання паку, скалярыі, цыхліды, акары, гупі.

Лета ў экалагічным цэнтры пачалося з новага гадаванца. У нас з’явілася бясшэрсная марская свінка пароды скіні. Само цела жывёлы голае, валасы толькі на носе і на лапах. Скіні вельмі падобныя на маленькіх бегемоцікаў. Цёплыя і аксамітныя навобмацак, вельмі прыемныя ў зносінах і з выдатным характарам.

Куток жывой прыроды працуе кожны будні дзень з 9.00 да 17.00. На яго базе праводзяцца заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах, аглядныя і тэматычныя экскурсіі, лекцыі, гутаркі з дэманстрацыяй відэафільмаў для навучэнцаў устаноў адукацыі горада і вобласці. Самых ручных нашых гадаванцаў можна нават пакарміць і вывесці на прагулку.

Лета — гэта час адкрыццяў, магчымасць акунуцца ў разнастайны свет насельнікаў кутка жывой прыроды, дакрануцца да казачнай атмасферы акварыумаў і тэрарыумаў. Зносіны з гадаванцамі эколага-біялагічнага цэнтра аказваюць моцнае эмацыянальнае ўздзеянне, выклікаюць захопленае стаўленне да прыроды, здзіўленне, дапамагаюць актыўна ўспрымаць прыроду.

Марына ЧЫЧКАН,
метадыст Гродзенскага дзяржаўнага абласнога
эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Фота аўтара.