Ураджайныя соткі

Мельніцкая базавая школа — невялікая сельская ўстанова адукацыі на Маларытчыне, 83 вучні якой не толькі старанна вучацца, адпачываюць і дружна падарожнічаюць, але і ахвотна працуюць на вучэбна-доследным участку.


— Плошча ўчастка — 30 сотак, — расказвае дырэктар школы Іван Шышук. — Штогод вучні і настаўнікі вырошчваюць на ім садавіну і агародніну, якая з’яўляецца добрай крыніцай пазабюджэтных сродкаў.

На ўчастку знайшлося месца не толькі кветкам розных гатункаў, але і бульбе, моркве, агуркам, буракам… Асабліва радуе вока сёлетні ўраджай гарбузоў. Нягледзячы на спякотнае і засушлівае лета, установа адукацыі плануе здаць некалькі тон гэтай карыснай вітаміннай прадукцыі.

— Праблем са збытам гарбузоў няма, — гаворыць дырэктар. — Школа заключыла дамову з Маларыцкім кансерваваагароднінасушыльным камбінатам, з якім працуе не адзін год. Усе гарбузы пойдуць на перапрацоўку. Атрыманыя за рэалізацыю сельгаспрадукцыі грошы будуць выкарыстаны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.

— Каб вырасціць добры ўраджай, трэба добра працаваць не толькі летам, — упэўнена загадчык вучэбна-доследнага ўчастка Наталля Ківачук. — На ім вучні шчыруюць з красавіка па кастрычнік, а таксама праходзяць летнюю практыку. Пасільная работа вучыць з павагай ставіцца да працы і тых, хто заняты на зямлі. Вучэбна-доследны ўчастак надзвычай неабходны вясковай школе, паколькі адначасова вырашае адукацыйныя, выхаваўчыя і вытворча-эканамічныя задачы.

Настаўнікі і вучні плячо ў плячо старанна працуюць і на школьнай тэрыторыі, на 2,5 га якой заўсёды пануюць чысціня і парадак. Усюды адчуваецца рука руплівага, клапатлівага і дбайнага гаспадара. Гэта заслуга кожнага — пачынаючы ад дырэктара і заканчваючы дзецьмі. Шматлікія кветкі прыемна радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені. Не пакідаюць раўнадушным і малыя архітэктурныя кампазіцыі, вырабленыя на ўроках працоўнага навучання.

Школьнікі, якія лепш за ўсё працавалі на вучэбна-доследным участку, будуць заахвочаны грашовымі прэміямі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

У Баркоўскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна плошча школьнага агарода складае 23 соткі. Размешчаны ён на сядзібе аднаго з апусцелых сялянскіх дамоў.

Школа некалькі гадоў запар супрацоўнічае з галандскім дабрачынным фондам “Дапамажы людзям”, які дапамагае насеннем. Вясной школа атрымлівае неабходную колькасць насення агародніны, якое навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Мікалая Аляксеевіча Чэба высаджваюць на школьным агародзе. Тут растуць капуста, фасоля, агуркі, сталовыя буракі. Даглядаюць іх усе: настаўнікі, тэхнічныя работнікі, навучэнцы.


Школа падтрымлівае цесную сувязь з ААТ “Баркоўскае” пад кіраўніцтвам Мікалая Іосіфавіча Дземідовіча. Сельгаспрадпрыемства дапамагае арганічнымі ўгнаеннямі, выдзяляе тэхніку на пасадку бульбы і яе ўборку.

Уся прадукцыя, вырашчаная на агародзе, завозіцца ў школьную сталовую. Лішкі школа прадае насельніцтву, а атрыманыя за гэта грошы ідуць на патрэбы школы.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*