Што значыць раніца для вас? Ці важна вам, як яна пачынаецца? Выберыце, як апісаць вашу раніцу: супакойваючая, павольная, лянівая, асвяжаючая, летаргічная, мітуслівая, дынамічная, шалёная, арганізаваная, стрэсавая, прыемная, радасная, неарганізаваная. Наколькі вы верыце выказванню “Як раніца пачнецца — так і дзень пройдзе”? Калі зараз раніца, то што вы адчуваеце, пра што думаеце, што бачыце перад сабой? Менавіта так і тое вы хацелі б адчуваць, зазнаваць, бачыць? Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць паглядзець на канкрэтную і будучыя раніцы больш усвядомлена, па-новаму, выклікаючы жаданне пакінуць усё як ёсць ці мяняць, шукаць, эксперыментаваць з гэтымі важнымі першымі гадзінамі дня. Правядзём пазітыўную інвентарызацыю. Што падабаецца вам у бягучай раніцы ўжо зараз? Можа, від з акна ці ласунак, які вы прызапасілі з вечара да ранішняга кубка чаю, кавы? А можа, менавіта сёння вы надзенеце новую сукенку, касцюм, скарыстаецеся першы раз аксесуарам, тэхнічнай прыладай? Магчыма, вы проста абдумваеце, успамінаеце калізіі дзівоснага сну? Перабірайце-перабірайце дэталі, і вы абавязкова адшукаеце ўжо існуючае добрае.
Магчыма, суадносіны прыемна-прыкра ці цярпіма-нязносна здарацца не на карысць жаданага, тады давайце прапаноўваць сабе новаўвядзенні, якія маглі б упрыгожыць менавіта вашу раніцу. А калі пачынаць яе з дзясятка мінут цішыні, зручна размясціўшыся ў крэсле? Ці, наадварот, з праслухоўвання любімых мелодый, аўдыякніг, праграм па радыё і тэлебачанні? Не ваша? Тады з порцыі свежага паветра на балконе ці на вуліцы? Таксама не ў тэму? Ці спадабаецца вам ранішнія назіранні за дамашнім гадаванцам, сузіранне яго радасці ад вашага абуджэння? Прапануем планаваць на дзень і візуалізаваць у пасцелі з яшчэ заплюшчанымі вачамі астраўкі адпачынку: абеду ў кафэ, перакусу з калегамі ў настаўніцкай, прыпраўленага абменам навінамі, прагулкі ў сярэдзіне дня, у час “форткі” з заходам у кнігарню, парфумерны, тэхнічны магазін ці сядзенне ў сонечным скверы на лаўцы. Ужо цяплей, бліжэй да вас? Магчыма, некаму з чытачоў спатрэбіцца алгарытм, ад якога можна адштурхнуцца кожнаму для лёгкага абуджэння:
1. Усім вядомы просты прыём для абуджэння — паставіць будзільнік далей ад ложка. Нам прыйдзецца ўстаць, каб выключыць яго, а значыць, абуджэнне ссунецца з нулявой адзнакі на пару адзінак.
2. Займіцеся бяздумнай дзейнасцю — пачысціце зубы, чым яшчэ дабавіце энергіі да абуджэння.
3. Выпіце вады.
4. Зарабіце ранішні душ фізічнымі практыкаваннямі.
5. Прыміце душ.
Далей ужо няцяжка падтрымліваць настрой на няспанне і дзейнасць. Працягвайце самастойна пошукі ідэй для лепшага ранішняга абуджэння. Пакуль не атрымліваецца? Тады слухайце новыя падказкі. Любіце чытаць? Пачніце раніцу са старонкі-другой прывабнай ці жыццесцвярджальнай кнігі, прыдумвання афірмацыі на сённяшні дзень. Напрыклад, гэты дзень майго жыцця непаўторны, мне цікава, якія падзеі адбудуцца сёння! Махамед Алі выкарыстоўваў такую афірмацыю: “Я — найвялікшы на ўсе часы”. Кожны з нас можа сказаць пра сябе такія словы пра тое ці іншае сваё ўменне. Афірмацыя — адзін з эфектыўных інструментаў, якія дазваляюць даволі хутка дасягнуць у жыцці пастаўленай мэты, магутны інструмент трансфармацыі.
Рух стварае эмоцыі! Паспрабуем парухацца пад музыку ці без яе. Адбываецца цуд нараджэння энергіі? Магчыма, ваш сродак для радаснага пачатку дня — гэта думкі пра тое, колькі карыснага вы можаце зрабіць сёння для сябе і людзей? Успомніце раніцу, а такая абавязкова адшукаецца, калі вы прачнуліся шчаслівым. Што іменна падахвочвала вас перажываць шчасце? У гэтым напрамку ідзіце зноў і зноў.
Нішто вас не натхняе і не будзіць? Тады ёсць магчымасць таго, што вы “спіце” кругласутачна і нават тады, калі вашы вочы расплюшчаны і рукі-ногі-галава дзейнічаюць, прывычна выконваючы работу па прафесіі, па доме. У гэтым выпадку вам патрабуецца духоўнае і асобаснае абуджэнне. Усвядомце, што ў жыцці прыносіць дыскамфорт: ці маеце зносіны не з тымі людзьмі, займаецеся не сваёй справай, перажываеце ўзроставы крызіс, ператамляецеся, асобасна не развіваецеся? Пачынайце выхоўваць у сабе чалавека (кожны, хто з радасцю ўстае раніцай, гэта зрабіў), здольнага ствараць жыццё, якое прыносіць задавальненне! Галоўнае — дзейнічаць! Можна пачаць з жарту, што раніца б падабалася вам значна больш, калі б пазней пачыналася ці “Рана ўставаць мне няма калі!”. Развівайце ў сабе пачуццё гумару — спадабаецеся больш іншым людзям і самому сабе. Цудоўны старт на шляху да сапраўднага абуджэння радасці жыцця. І не толькі раніцай. Кожны дзень рабіце ў гэтым напрамку хаця б адзін крок — і прыйдзеце да жаданай мэты. Знешні свет — адлюстраванне ўнутранага. Прымяняйце свае здольнасці ствараць новыя пачуцці, погляды, перакананні, настрой у сваім унутраным свеце, і вы зможаце змяняць сітуацыю, узаемаадносіны, вынікі вашага знешняга жыцця.
Вопыт чалавецтва на няпростым шляху самаразвіцця як абуджэння да жыцця прапануе нам інструменты, з дапамогай якіх можна замацоўвацца і падцягваць сябе да мэты. Для апісання інструмента нам падыдзе параўнанне з альпінісцкім ледасекам. Адзін з іх — стваральная цішыня, на фоне якой можна медыціраваць, разважаць, выказваць удзячнасць і проста дыхаць глыбей. Другі ледасек — практыка візуалізацыі. Гэта разумовая прапрацоўка, рэпетыцыя пазітыўных вынікаў у знешнім свеце з дапамогай уяўлення, фарміраванне разумовых карцін мадэлей паводзін. Візуалізацыя каштоўная тым, што праграмуе на поспех. Папулярная і практычная методыка “Дошка візуалізацыі”. Прымяняць такую дошку вельмі проста. Вазьміце ліст ватману, фанеры, купіце ў магазіне магнітную дошку і дзейнічайце. Наклейце ў сярэдзіну свой фотаздымак, які вам падабаецца. Лепш такі, дзе вы ўсміхаецеся ці знаходзіцеся ў выдатным настроі. Вакол сябе размяшчайце выявы жаданага — проста прымацоўваеце на дошку. Вы можаце апісаць сваё жаданне, выбраўшы для запіскі месца на дошцы адвольна. Акружыце сябе вобразамі мары і памятайце, што важныя падрабязнасці, дэталі. Рэкамендуючы методыку, мы маем на ўвазе не столькі жаданні — рэчы, колькі жаданні — сітуацыі. У гэтым выпадку яшчэ эфектыўней стварыць калаж, які адлюстроўвае жаданую сітуацыю. Іншымі словамі, дошка візуалізацыі — гэта збор вобразаў таго, чаго жадаеце, чаго чакаеце. З пункту гледжання псіхалогіі дошка з выявамі дапамагае дакладна зразумець тое, чаго мы чакаем, сфарміраваць гатоўнасць атрымаць гэта, не ўпускаючы магчымасці для дасягнення жаданага. Натуральна, дошка візуалізацыі без вашых актыўных дзеянняў бяссільна.
Прыкладам выкарыстання візуалізацыі можа служыць методыка “Кітайскі храм”. Заплюшчыце вочы і ўявіце, як вы падымаецеся на вяршыню высокай гары. Вас чакае доўгае ўзыходжанне па пакатым, бясконцым схіле. Расліннасць яго бедная, месца вам незнаёмае. На вашым шляху ляжаць перашкоды з вялікіх імшыстых валуноў. Вакол сцелецца шэрая смуга і клубіцца туман. Абрысы мясцовасці невыразныя. Навокал — цішыня. Яе парушаюць толькі гукі вашых крокаў. Праз нейкі час у цішыні вы чуеце голас. Што ён гаворыць? Усе прадметы, якія трапляюцца па дарозе, маюць значэнне. Узірайцеся ў іх. Што гэта за прадметы? Вы ідзяце далей. Вы падняліся на вяршыню гары. Неба стала светлае і высокае. Вы паглядзелі ў неба. Што вы там убачылі? Нарэшце, вы апусцілі вочы ўніз і ўбачылі кітайскі храм. Кожны з чатырох яго бакоў мае скразны дзвярны праём, але дзвярэй няма. Над кожным дзвярным праёмам выразаны чатыры драконы. У якія колеры яны размаляваны?
Уваходзьце ў любы партал. На падлозе ўнутры кітайскага храма ляжаць кучы скруткаў. Выберыце адзін з іх. Перанясіце яго ў цэнтральную частку залы, дзе з адтуліны ў столі ліецца яркае святло. Разгарніце скрутак. Чытайце — у ім знаходзіцца адказ на ваша пытанне.
Наступны ледасек — фізічныя практыкаванні. Калі не можам знайсці час для фізічных практыкаванняў, то прыйдзецца знайсці час для лячэння хвароб. Ранішняя зарадка на працягу некалькіх мінут павысіць колькасць энергіі, узмоцніць эмацыянальны дабрабыт, дазволіць эфектыўней думаць. Практыкаванні на расцяжку таксама заменяць ранішнюю гімнастыку. Выбірайце спосаб фізічных практыкаванняў у залежнасці ад стану здароўя і асабістых пераваг.
Чарговы ледасек — гэта чытанне кніг па паляпшэнні любога аспекту жыцця: ці хочаце вы закахацца, стаць багацейшым, прафесіяналам, палепшыць эмацыянальны фон, пераадолець залежнасць. Чытайце выбраную кнігу для змянення любога аспекту жыцця не адзін раз. Перачытваючы, вы будзеце адкрываць тое, што раней прапусцілі.
Заключны ледасек у нашых рэкамендацыях (адкрываць новыя для сябе вы можаце, колькі хочаце) — вядзенне запісаў. Адзначайце свае думкі наконт працэсу і вынікаў змяненняў, апісвайце настрой у той ці іншы момант, запісвайце высновы, апісвайце асабістыя адкрыцці. Гэта карысна само па сабе для замацавання вынікаў. І ў той жа час, хто ведае, можа, вашы запісы з часам стануць кнігай. І неабавязкова для шырокай грамадскасці, можа, для сваёй сям’і.
Кожны новы вопыт спачатку можа стварыць нязручнасці, а потым становіцца звычайным і прыемным. Часта мы адсоўваем практыку новага вопыту, спасылаючыся на недахоп часу. Калі вас цікавіць, колькі часу трэба для прымянення апісаных інструментаў, то вы можаце звесці ўсё да 6—10 мінут на дзень. Няцяжка, праўда?
З простых ісцін, якія ва ўсіх на вачах
(і з-за гэтага часта непрыметных), вылучым адну важную пра тое, што апошняя вячэрняя думка — першая ранішняя. Значыць, трэба ўважлівей паставіцца, а можа, папрацаваць над пазітывам вячэрніх думак спецыяльна. Не лянуйцеся фарміраваць станоўчыя чаканні ад кожнай раніцы.
Дарагія чытачы, калі хочаце вечарам класціся з пачуццём задавальнення, то прачынайцеся раніцай з пачуццём рашучасці!
Жадаем вам спакойнай і асвяжаючай раніцы кожны дзень! Няхай кожная ваша раніца будзе цікавай і камфортнай!
Святлана РАДЗЬКОВА.