Татуіроўка — мода ці самавыяўленне?

Вы заўважалі, як на вуліцах стала шмат людзей з татуіроўкамі? Гэта мода прыйшлася даспадобы неверагоднай колькасці юнакоў і дзяўчат. На дварэ лета, таму можна лёгка пабачыць на адкрытых частках цела чырвоныя ружы, мудрагелістыя руны, гарэзлівых матылькоў і дэльфінаў. Сёння, едучы ў метро, я міжволі прачытала філасофскі надпіс на руцэ юнака, які сядзеў побач са мной: “Не чакай, што сустрэнеш Рай на зямлі”… Што гэта: мода, самавыяўленне, крык аб дапамозе?

На мой погляд, татуіроўкі заўсёды займалі асаблівае месца ў жыцці чалавека. Іх заўсёды было дастаткова. Яны заўсёды былі на прыметных месцах цела, людзі імкнуліся да таго, каб паказваць іх.

Цяжка сказаць, калі чалавек упершыню нанёс малюнак на скуру. Але ўсім вядома, што гісторыя татуіроўкі налічвае не менш за 60 тысяч гадоў. Напрыклад, самыя старажытныя татуіроўкі былі знойдзены пры раскопках егіпецкіх пірамід. Муміям каля 4 тысяч гадоў, але малюнкі на высахлай скуры добра заўважныя.

Кожны чалавек ставіцца да такога роду малюнкаў па-свойму: хтосьці адвяргае іх, кажучы, што гэта непрыгожа, а хтосьці лічыць, што татуіроўка — гэта лепшае, што здаралася з ім у жыцці. Гэтак жа не варта забываць, што татуіроўка носіць характэрныя адметныя рысы, падраздзяляецца на віды, стылі і спосабы стварэння. Пройдземся па самых адметных стылях тату.

“Чыкана”. Гэты стыль бярэ пачатак у 40-х гадах мінулага стагоддзя. У той час такія тату рабілі сабе прадстаўнікі крымінальнага свету, каб паказаць сваю прыналежнасць да якой-небудзь банды. Сёння гэты стыль даволі папулярны сярод моладзі, яго асаблівасць — нанясенне на скуру абліччаў Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі і г.д.

Стыль “Блэк-ворк” мае на ўвазе тату ў чорным колеры, ідэальны выбар для аматараў чорнага і змрочнага, а таксама для жадаючых… схаваць татуіроўку, якая больш не падабаецца.

Моду на тату ў стылі “Олд скул” увялі маракі ў ХІХ стагоддзі — гэта ўсемагчымыя якары, ластаўкі, ружы, сэрцы і г.д. Дарэчы, у майго дзядулі, які ў свой час быў мараком далёкага плавання, была маленечкая татуіроўка якара ў стылі “Олд скул”.

Стыль “Нью скул” пачаў развівацца ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Ён, зразумела, падобны на стыль “Олд скул”, але мае больш гарэзлівы характар. Прыкладам стылю могуць служыць малюнкі герояў мультфільмаў.
Тату ў стылі “Рэалізм” зразумелы ўсім: гэта якаснае выкананне на скуры фотаздымкаў родных і блізкіх людзей, куміраў і г.д.

Не менш папулярны ў маіх равеснікаў і “Кельцкі” стыль тату. Заблытаныя лініі малюнкаў, нявызначанасць карцінкі маюць глыбокі сэнс. Напрыклад, лабірынт, які часта сустракаецца сярод татуіровак у гэтым стылі, сімвалізуе непрадказальнасць і заблытанасць самога жыцця — ні пачатку, ні канца. Тут часта сустракаюцца выявы птушак — сімвала свабоды.

Без сумненняў, стыль тату “Трэш” — адзін з самых выбітных. Ды і як не заўважыць хаатычныя малюнкі ў чырвона-чорным колеры! Людзі, якія наносяць на скуру такія татуіроўкі, часцей за ўсё такім способам выказваюць свой пратэст навакольнаму свету, стандартам і правілам грамадства, жадаюць выдзеліцца з “шэрай масы”.

Назва стылю тату “Мінімалізм” гаворыць сама за сябе. Аднак мінімалістычныя тату не абавязкова маленькія па памеры, яны могуць займаць і ўсю спіну, але малюнак будзе лёгкім, контурным, без буянства адценняў. А тату ў стылі “Акварэль” найбольш падыдуць дзяўчатам, бо малюнак на целе выглядае, быццам акварэльная карціна — пяшчотная і рознакаляровая.

Стыль “Арыентал” карыстаецца шалёнай папулярнасцю. Такія тату дэманструюць прыгажосць усходняй культуры (часцей за ўсё японскай і кітайскай). Хто з нас не сустракаў на гарадскіх вуліцах людзей з выявамі на скуры тыграў, цмокаў, квітнеючай сакуры і лотаса?!

Для многіх людзей татуіроўка — гэта мастацтва. Праз столькі гадоў магія малюнка на целе мае сваю аўру. Часта чалавек перад тым, як зрабіць сабе тое ці іншае тату, правярае яго значэнне ў інтэрнэце або ў спецыяльнай літаратуры. Некаторыя дзеці ўжо з ранняга ўзросту мараць пра яе, пра тую самую невялічкую татуіроўку, якую калі-небудзь мама ўсё ж такі дазволіць зрабіць. Са мной так і адбылося.

Дык усё ж татуіроўка — гэта мода ці самавыяўленне? На гэтае пытанне дапамагла адказаць Дар’я Станіславаўна Зяленка, педагог-псіхолаг псіхалагічнай службы БДПУ імя Максіма Танка: “На мой погляд, каб разважаць на гэтую тэму, трэба раздзяліць падлеткаў і моладзь. І калі мы маем на ўвазе падлеткаў, то татуіроўкі ў іх — гэта хутчэй самасцвярджэнне і доказ знешняй даросласці. А калі казаць пра моладзь, то для яе гэта спосаб самавыяўлення, дэманстрацыі ўнутраных якасцей асобы і характару. Можна сказаць, што цяпер модна самавыяўляцца такім чынам”.

Я лічу, што чалавек вольны маляваць на сваім целе тое, што яму хочацца, і не бачу ў татуіроўках нічога страшнага. Калі гэта спосаб праявіць сябе, захаваць у памяці якую-небудзь важную падзею або напісаць нешта пра жыццё і мэты — то чаму б і не.

А калі разважаць пра ўзрост (у колькі гадоў пачынаць і ці варта наогул) і небяспеку (для здароўя), гэта хутчэй пытанне да ўрачоў. Ад сябе толькі дадам, што кожны чалавек, які вырашыў зрабіць тату, павінен памятаць простыя і важныя рэчы аб бяспечнасці такой аперацыі.

1. Нанясенне тату — інвазіўная маніпуляцыя, пры якой адбываецца пранікненне ў скуру і кантакт з крывёй. Таму рабіце тату толькі ў салоне, які мае ўсе неабходныя ліцэнзіі на гэтыя маніпуляцыі. Перад нанясеннем малюнка ўпэўніцеся, што ў салоне гэтак жа чыста, як і ў кабінеце ўрача, што іголкі для маніпуляцыі стэрыльныя (іх дасталі пры вас са стэрыльных аднаразовых упаковак), што ў салоне ёсць абсталяванне для стэрылізацыі інструментаў, а майстар мые рукі і надзявае пальчаткі перад работай з вашай скурай.

2. Пасля нанясення тату дакладна выконвайце рэкамендацыі па зажыўленні скуры, выкарыстоўвайце патрэбныя лекавыя сродкі.

3. Памятайце пра тое, што на пігмент фарбы можа быць алергічная рэакцыя, што пасля нанясення тату могуць сфарміравацца рубцы на скуры, а таксама гранулёмы. Памятайце, што некаторыя людзі могуць адчуваць дыскамфорт на месцы татуіроўкі падчас правядзення МРТ.

А напрыканцы хацелася б сказаць, што добра б мець у арсенале розны запас спосабаў самавыяўлення. Тады татуіроўка не будзе адзіным спосабам заявіць пра сябе.

Лізавета КАСТЭНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*