Важней за ўсё святочнае надвор’е ў доме

Многія дарослыя ведаюць, а дзеці яшчэ толькі здагадваюцца, што чаканне Новага года, падрыхтоўка да яго пашыраюць межы святочных дзён, павялічваюць колькасць станоўчых эмоцый і нават могуць аказацца больш яркімі і запамінальнымі, чым само свята.

Чакаць свята, рыхтаваць падарункі, упрыгожваць свой дом, падбіраць прадметы для варажбы можна пачынаць і за некалькі тыдняў да Новага года. Чароўны час пачаўся. Не ўпусціце яго. Калі ў вашай сям’і традыцыі падрыхтоўкі да сустрэчы Новага года ёсць, то, прытрымліваючыся іх, не забывайце ўносіць штосьці новае, рэалізоўваць свежыя ідэі. А калі такіх няма, то спрабуйце ўбудоўваць іх у сваё жыццё, выбіраючы найлепшае з упадабанага ў дзяцінстве і з таго, што ўразіла ў дарослым жыцці.
Сёння мне хочацца падзяліцца тым, як у маёй сям’і рыхтуюцца да Новага года. Дзякуючы дачцэ Ганне, у гэты раз пасядзелкі па вырабе навагодніх упрыгажэнняў зоймуць дзве суботы. Адна ўжо адбылася. Другая, самая грандыёзная, субота яшчэ наперадзе. У стварэнні навагодніх упрыгажэнняў удзельнічаюць не толькі члены сям’і, але і сябры, суседзі.
Што і як рыхтуецца да сустрэчы ў імправізаванай майстэрні ўпрыгажэнняў і падарункаў? Сушым апельсіны і грэйпфруты. Высушаныя, яны выкарыстоўваюцца як упрыгажэнні ў навагодніх кампазіцыях. Рэжам іх на долькі, укладваем на кардон (на кардоне важна зрабіць маленькія адтуліны, каб лішняя вільгаць праз іх сыходзіла), зверху таксама накрываем кардонкай. Абедзве кардонкі важна сашчапіць паміж сабой, каб долькі апельсінаў высыхалі роўна, не выгінаючыся.
У гэты раз у нас была прыемная працэдура нарыхтоўкі шышак. Мы сабралі ў лесе яловыя і сасновыя шышкі, вымылі іх, а затым прасушылі ў духоўцы. Пры сушцы па кватэры распаўсюдзіўся цудоўны водар лесу, ігліцы, смалы. Аня з сяброўкай Ірай аэразольнай фарбай пазалацілі арэхі. Мы вырашылі, што сабраныя ў верасні і высушаныя чырвоныя вострыя перцы таксама пойдуць у ход. Аня з Ірай дасталі падрыхтаваныя загадзя стужкі, гронкі пластыкавай рабіны, жалуды, галінкі яліны. Ірына за горадам зрэзала пруты лазы, вымачыла іх, звязала ў вянок. Першая пераднавагодняя майстэрня пачала сваю работу. Аня рыхтавала кампазіцыю з шышак для ўпрыгожвання кухні, Ірына дэкарыравала вянок з лазы. Наш госць Сярожа рабіў выкрайку (разгортку) хаткі, каб потым склеіць яе і ўпрыгожыць. Я паіла дзяцей гарбатай і забяспечвала неабходнымі інструментамі. Амаль адначасова з дзяўчынкамі Анін тата Валерый Леанідавіч Кабераў зрабіў прыстасаванне з падсветкай для малявання пяском. Усе дзеці, у тым ліку і малодшыя Лёша і Пашка, апрабавалі яго, малюючы маннымі крупамі.
Яшчэ адна перадсвяточная змена ў навагодняй майстэрні з пашыраным складам удзельнікаў яшчэ адбудзецца. Таму ўспомнім, што ў мінулыя гады запомнілася нам з зімовых забаў і падарункаў, зробленых сваімі рукамі. Вядома, гэта снежнае іглу (зімовае жыллё эскімосаў), пабудаванае Валерыем і Аляксеем Каберавымі, і лук для пускання -стрэл са старых лыж. Іглу рабілі з блокаў, якія выпілоўвалі прама са снегу звычайнай пілой. Складвалі на роўную снежную пляцоўку так, каб утварыўся снежны купал. Кожны наступны блок укладвалі пад вуглом да папярэдняга. Затым снегам умацоўвалі месцы злучэння. Лёша з усмешкай успомніў, што адзін са снежных блокаў паставіў для пераноскі на галаву, а ён у яго там і разваліўся, абсыпаўшы хлапчука снежным душам. Самыя галоўныя мужчынскія ўражанні былі звязаны з начлегам у пабудаваным іглу. Лук з лыжаў больш запомніўся тату Валерыю. Цікава было яго задумаць і зрабіць. Праўда, страляў лук не вельмі дакладна, але выглядае і да гэтага часу выдатна. Дзве старыя лыжы сталі дэталямі лука. Ад кожнай лыжы папярэдне адпілавалі частку, куды мацуецца нага. Злучылі пераўтвораныя лыжы. Замест цецівы нацягнулі звычайную вяроўку, замест стрэл — проста галінкі або палачкі. Прыстасаванне няхітрае, а ў гісторыі свят сям’і застанецца назаўсёды.
Асабіста я люблю фатаграфаваць пераднавагоднія і навагоднія падзеі ў жыцці сям’і і не толькі. Гэтая справа па душы ў мяне ад майго таты Уладзіміра Фёдаравіча Радзькова. Яны з мамай Тамарай Ігнацьеўнай і бабулямі Валянцінай Пятроўнай і Яўгеніяй Паўлаўнай таксама стараліся зрабіць Новы год традыцыйна чароўным, цудоўным святам для мяне і маёй сястры Наташы. Мне, як і нашым дзецям, ёсць што ўспомніць: навагоднія касцюмы ноткі, калінкі, рускай прыгажуні, Снягуркі, сняжынкі; аздобленыя ёлкі; білеты на дзіцячыя спектаклі, настольныя гульні, прысмакі і шмат прыгожых лялек. Некаторыя з іх яшчэ да гэтага часу са мной. Часта ўспамінаю, як кожны год бабуля Валя (яна перажыла вайну з пяццю дзецьмі і ўмела ў гэтым жыцці рабіць усё) па-майстэрску рабіла для мяне дзіцячую драўляную лапатку для снегу. Разам з ёй мы будавалі горку. Атрымлівалася маленькая, але ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі з нашага двара з задавальненнем яе павялічвалі, а потым каталіся. Вельмі падабалася, што дарослыя займаюцца намі і нашымі дзіцячымі справамі. Мама і тата хадзілі са мной катацца з вялікай сапраўднай горкі на беразе ракі Дняпро. Калі мама не адважвалася з яе з’язджаць, то тата бясстрашна рызыкаваў.
Дарагія дарослыя! Не будзем забываць, што мы з вамі таксама дзеці, з зусім яшчэ не такога далёкага мінулага. Новы год — ідэальны час пра гэта ўспомніць і падзяліцца ўспамінамі са сваімі дзецьмі, а можа, і ўнукамі. Будзем актыўнымі і вынаходлівымі, каб пераход у новы 2015-ы для нас і нашых дзяцей па-сапраўднаму запомніўся феерверкам эмоцый, нараджэннем новых традыцый, стаў нагодай для важных сустрэч, добрых спраў. Добрыя справы аб’ядноўваюць тых, хто ў іх удзельнічае, застаюцца ў памяці надоўга і ў нейкім сэнсе робяць нас несмяротнымі.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.