Навагодні настрой патроху авалодвае нашымі думкамі і пачуццямі, падахвочвае чакаць свята, рыхтавацца да яго, убіраць флюіды святочных эмоцый, якія ідуць ад іншых людзей. І, нарэшце, у адзін цудоўны момант усе мы пачынаем жыць ва ўнісон, падпарадкоўваючыся рытму чаканай навагодняй урачыстасці, чароўнай і запамінальнай, якая ўпрыгожвае зіму і натхняе на добрыя ўчынкі на карысць іншых. Святкаванне Новага года смела назавём штогадовай экскурсіяй у дзяцінства. Давайце выкарыстаем чароўныя парталы, якія адкрываюцца толькі напрыканцы снежня, і ўвойдзем у іх, атрымліваючы асалоду ад казачнага свята. Зробім падрыхтоўку да яго справай па душы для сябе і блізкіх, далёкіх і выпадковых, родных і нарачоных, аднадумцаў і апанентаў. Калі мы рыхтуемся да свята, то час радасці павялічваецца і расцягваецца, канцэнтруецца і запамінаецца.
Што нам можа спатрэбіцца для свята? Безумоўна, гульні і забавы, уменне гаварыць добрыя словы, тосты для дамачадцаў, калег, гасцей. А каб усё “клеілася”, важна падтрымаць свой творчы настрой, чым мы сёння і зоймемся разам. Пачаруем над конкурсамі і гульнямі, якія могуць парадаваць і павесяліць, паспрабуем разбудзіць фантазію і крэатыў усіх без выключэння. Чытайце, прымярайце вясёлыя вобразы, выбірайце!
Конкурс “Ёлачка”
Для конкурсу “Ёлачка” патрэбны ахвотнікі ўпрыгожваць і быць упрыгожанымі. Першыя становяцца дызайнерамі, а другія — ёлкамі. Для навагодняга афармлення “ёлак” падыдзе ўсё, што трапіцца пад руку. Пераможа той, хто праявіць больш фантазіі і кемлівасці. Дазваляецца браць у балельшчыкаў атрыбуты для ўпрыгожвання “ёлкі”: гальштукі, гадзіннікі, біжутэрыю, хусткі. Можна спецыяльна падрыхтаваць якія-небудзь прадметы, а можна ўзяць і зусім нетрадыцыйныя для святочнай ёлкі. Знайдзіце адметнасці ў кожнай упрыгожанай “ёлцы” і пахваліце дызайнераў.Конкурс “Навагоднія малюнкі” добры для кампаніі любога ўзросту. Двум удзельнікам прапаноўваюць намаляваць, стоячы спінай да мальберта, сімвал надыходзячага года. Астатнія могуць падказваць: правей — лявей, вышэй — ніжэй. Абавязкова ўзнагародзьце мастакоў і сфатаграфуйце іх разам з творамі.
Паспрабуйце на пяць хвілін адкрыць “Школу кампліментаў”. Жартоўнае навучанне дапаможа і ў святочным жыцці, і ў звычайным. Нязменныя госці навагодніх урачыстасцей — Дзед Мароз і Снягурка. Каб развесяліць тых, хто радуе нас, прапануйце сказаць галоўным навагоднім персанажам кампліменты. Гэта могуць быць прыметнікі на якую-небудзь адну літару алфавіта, напрыклад, на В: вясёлы, ветлівы, высакародны, выбітны… Ці цэлыя фразы.
Новы год — час не толькі віншаванняў, але і варажбы. Можна прапанаваць гасцям навагодняй вечарыны даведацца, што адбудзецца з імі ў надыходзячым годзе. Навагодняе прадказанне на падносе можна падаць як расфарбаваны пад пірог аркуш шчыльнай паперы, які складаецца з маленькіх квадрацікаў — кавалкаў пірага. На ўнутраным баку квадрата — малюнкі, тое, што чакае ўдзельнікаў: сэрца сімвалізуе каханне, кніга — веды, 1 капейка — грошы, ключ — новую кватэру, сонца — поспех, пісьмо — добрыя весткі, машына — набыццё аўтамабіля, твар чалавека — новае знаёмства, страла — дасягненне мэты, гадзіннік — перамены ў жыцці, дарога — паездку, падарунак — сюрпрыз, маланка — выпрабаванні, келіх — святы і г.д. Кожны прысутны “з’ядае” свой кавалак пірага і даведваецца пра будучыню. Бутафорскі пірог можна замяніць сапраўдным.
Навагоднія загадкі. Запоўніць паўзу дапамогуць загадкі. Іх лёгка могуць адгадваць і дарослыя, і дзеці. Можна загарнуць у аркушы з загадкамі цукеркі і павесіць іх на ёлку, кожны госць выбірае загадку і атрымлівае салодкі прыз. Можна выразаць са шчыльнай паперы сняжынкі, напісаць на іх загадкі і развесіць на ёлцы. Можна зрабіць снегапад, рассыпаўшы сняжынкі на гасцей. Хто зловіць, той і адгадвае.
Добрая ідэя для свята — навагодняя насценная газета. На бачным месцы павесьце аркуш ватмана, на якім любы госць можа напісаць віншаванні, прысвячэнні, вершы, што было добрага ў мінулым годзе, а таксама што-небудзь намаляваць.
Тэлебачанне даказала нам, якой вясёлай і захапляльнай можа быць гульня “Кракадзіл”. На навагодняй вечарыне яна таксама дарэчы. Усе ўдзельнікі дзеляцца на дзве каманды. Першая каманда прыдумвае якое-небудзь слова, а потым гаворыць яго аднаму з гульцоў другой каманды. Задача выбранага — толькі жэстамі, мімікай і пластыкай руху паказаць загаданае слова так, каб яго каманда змагла яго адгадаць.
Гульня “Фразы-віншаванні”. Удзельнікам свята прапаноўваецца прамовіць навагодні тост па чарзе. Кожны прысутны пачынае фразу-віншаванне з літары А, і далей — па алфавіце. Напрыклад: А — абсалютна шчаслівы, таму што прыйшоў Новы год! Б — будзьце ўважлівыя, хутка — Новы год! В — вясёлага Новага года! Асабліва весела, калі гульня даходзіць да Ы, Ь. Прыз атрымлівае той, хто прыдумаў самую смешную фразу.
Той, хто гаворыць тост, дастае з мяшка рэчы, якія могуць належаць розным казачным персанажам. Напрыклад, каўпак Гнома, нос Бураціна, чалму Хатабыча, туфлік Папялушкі, шапачку Чырвонай Шапачкі, блакітны парык Мальвіны. Госць у адпаведным абліччы павінен павіншаваць усіх з Новым годам.
Важна ўлічыць, што тост — гэта від публічнага выступлення. А публічнае выступленне часта выклікае вялікае хваляванне. Дапамагчы пераадолець хваляванне падчас прамаўлення тоста вам дапаможа асэнсаванне наступнага:
1. Ваша кампанія добразычлівая і настроена на ўдзячнасць. Вам важна выказаць свае адносіны, падзяліцца сімпатыяй, даць параду — па магчымасці арыгінальна і коратка.
2. Перад прамаўленнем тоста ўявіце, што вы ўжо сказалі вельмі ўдалы тост. З гэтым адчуваннем пачынайце гаварыць.
3. Спадзявайцеся на натхненне, але ўсё ж майце некалькі дамашніх загатовак.
4. Для прамаўлення тоста выкарыстайце радкі з любімых вершаў, вясёлыя выпадкі з жыцця, анекдоты на тэму сустрэчы.
5. Будзьце сабой. Поспех ваш і тоста залежыць ад ступені шчырасці, сардэчнасці, з якой вы яго прамаўляеце.
6. Гаварыце павольна, разборліва, кароткімі сказамі. Не забудзьцеся, што тосты, як правіла, прамаўляюць не часцей чым раз у 10—15 хвілін.
7. Лепш прыдумвайце тост самі, а калі бераце гатовы, то абавязкова дабаўляйце ў яго ўласную іскрынку.
Не забудзьце аб квестах — прыгодніцкіх гульнях, якія спадабаюцца і дарослым, і дзецям. Квест — гэта пазнавальна-забаўляльная гульня, якую можна арганізаваць і правесці дзе заўгодна, нават ва ўласнай кватэры, на дачы, у школе. У снежні квест, вядома, прапаноўвае дзейнічаць у чароўнай навагодняй атмасферы. Ідэяй навагодняга квеста можа быць пошук падарункаў, якія пакінуў дзецям ці дарослым Дзед Мароз. На Новы год усе атрымліваюць падарункі. Вось і сёлета на імя вашай школы ці сям’і прыйшоў важкі скрутак. Падарунак упакаваны ў сейф з кодавым замком. Да падарунка прыкладаецца інструкцыя, як сейф адкрыць. Зрабіць гэта не так проста, бо код замка зашыфраваны. Акрамя таго, што неабходна расшыфраваць код, трэба яшчэ і знайсці гэты сейф. Яго шукаюць пры дапамозе паслядоўна схаваных запісак. У кожнай знойдзенай запісцы вобразна, пры дапамозе загадкі, намёку, шыфроўкі ўказваецца месца, дзе знаходзіцца наступная інфармацыя-падказка. У апошнім пасланні ўказана месца размяшчэння сейфа ці іншага аб’екта, які неабходна знайсці. Першая запіска выдаецца камандзе шукальнікаў вядучым.
Дарагія чытачы, Новы год — нагода для весялосці і творчасці! Напэўна, ні для каго з нас не сакрэт: чым больш творчасці, тым больш весялосці і радасці, чым больш мы радуем іншых, тым больш шчаслівыя самі. Кіруючыся гэтай логікай, мы можам зрабіць выснову, што самыя шчаслівыя сем’і — тыя, дзе ёсць маленькія дзеці. Не будзем засмучацца, калі ў нас іх яшчэ няма ці яны ўжо дарослыя. Радуйце і радуйцеся, выпадкова сустрэўшы дзяцей у магазіне, трамваі, проста на вуліцы. Няхай дзеці вераць, што свет добры і справядлівы. У нашых сілах зрушыць яго хоць крыху ў гэтым жаданым кірунку!
Вядучая рубрыкі Святлана РАДЗЬКОВА, дацэнт кафедры псіхалогіі
і прадметных методык Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.