Таўсцянка нічым не ўступае альясу. Калі на вашым падаконніку яшчэ няма грашовага дрэва, абавязкова яго прыдбайце. Яно непатрабавальнае і лёгкае ў доглядзе.
Заўважана многімі, што таўсцянка — добры паказчык здароўя. Калі ў доме, дзе яна расце, хтосьці сур’ёзна хварэе, то расліна пачынае вянуць, лісце яе жаўцее ці чарнее. Здаецца, што расліна ўбірае ў сябе негатыўную энергетыку. А калі чалавек папраўляецца, грашовае дрэва зноў ажывае.
Тэмпературны рэжым
Таўсцянка добра сябе адчувае пры тэмпературы паветра каля +20—25°С. У зімовы час тэмпературу можна панізіць да +4—15°С, але ніжэй за +4°С апускаць тэмпературу не варта, бо расліна можа загінуць.
Асвятленне
Расліна добра пераносіць цень і паўцень і цудоўна расце, а вось залішне моцныя сонечныя промні могуць ёй нашкодзіць. Ад яркага сонечнага святла лісце таўсцянкі пачынае чырванець, сохнуць і ападаць.
Паліў
Паліваюць расліну 1—2 разы на тыдзень, у зімовы перыяд палівы можна скараціць да аднаго разу ў два тыдні. Паліваць лепш цёплай адстоенай вадой. Нельга моцна пераўвільгатняць земляны камяк ці дапускаць яго перасыханне.
Грунт
Перавагу лепш аддаваць земляной сумесі для кактусаў ці любой іншай багатай пажыўнымі рэчывамі, але рыхлай і не вельмі цяжкай глебе.
Прычыны ападання лісця
- Няправільна арганізаваны рэжым паліву
Таўсцянка — гэта расліна, якая можа назапашваць і захоўваць дастатковую колькасць вільгаці ў лісці, а па неабходнасці падсілкоўвацца гэтай вільгаццю. Калі таўсцянку паліваць празмерна, то ў хуткім часе ў яе пачынае ападаць абсалютна здаровае лісце. З такой праблемай часта сутыкаюцца нявопытныя кветкаводы-аматары. Заўважыўшы, што глеба крыху падсохла, яны тут жа кідаюцца паліваць расліну.
Таксама нельга дапускаць і доўгія перапынкі паміж палівамі, паколькі гэта можа нанесці шкоду дрэўцу. Калі грунт моцна высахне, то, як і ў выпадку з празмерным палівам, лісце нашай прыгажуні пачне жаўцець, вянуць і асыпацца.Неабходна граматна стварыць рэжым паліву, што крайне важна ў халодную пару года, калі таўсцянка знаходзіцца ў стане спакою. Неабходна сачыць, каб у паддоне не застойвалася вада, бо гэта можа прывесці да загнівання каранёвай сістэмы, што негатыўна адаб’ецца на лісці.
Сутыкнуўшыся з такой сітуацыяй, не панікуйце. Таўсцянку яшчэ можна выратаваць. Для гэтага неабходна перасадзіць кветку ў новы грунт, ачысціўшы пры гэтым ад старой глебы і выдаліўшы пашкоджаныя карэньчыкі.
Каб у далейшым вас не турбавалі такія праблемы, зрабіце ў гаршку добрае дрэніраванне (таўшчынёй не менш за 2 см). Для гэтага можна скарыстаць керамзіт.
- Прамыя сонечныя промні
Ападаць лісце можа з-за прамых сонечных промняў, якія трапляюць на кветку. Лісцікі моцна награваюцца, і на іх з’яўляюцца карычневыя плямы. Потым лісце ападае.
Калі расліна стаіць на паўднёвым акне, то існуе верагоднасць, што яна атрымае апёкі. Акрамя гэтага, калі дрэўца стаяла доўгі час у закрытым пакоі, а потым гаспадары вырашылі вынесці яго на вуліцу, то ў гэтым выпадку расліна таксама можа атрымаць апёкі і ў выніку скінуць лісце.
На моцным яркім сонцы таўсцянку лепш накрываць паперай ці газетай.
Тое ж пагражае і раслінам, якія знаходзяцца каля награвальнікаў або радыятараў.
- Лішак угнаенняў
Пры залішняй падкормцы ў расліны таксама можа ападаць лісце.
Справіцца з гэтай задачай дапаможа перасадка дрэўца ў новую зямлю. Каб не было закіслення грунту і лішку солі, неабходна выкарыстоўваць драўняны вугаль, які дабаўляецца ў глебу.
Каб пазбегнуць такіх праблем у будучыні, добра вывучайце інструкцыю і прытрымлівайцеся неабходных дазіровак.
- Халодная вада
Не рэкамендуецца выкарыстоўваць для паліву ледзяную ваду, бо гэта можа знішчыць расліну. Неабходна паліваць адстоенай вадой хатняй тэмпературы.
Калі ж пачынае ападаць лісце, то можна абмываць крону цёплай вадой, але сачыце пры гэтым, каб вада не трапляла ў гаршчок з раслінай.
Зімой паліў таўсцянкі скарачаюць да 1—2 разоў на месяц — чым ніжэй тэмпература паветра, тым радзей трэба паліваць. Пажадана і тэмпературу ў памяшканні паменшыць да +15°С, бо ў гэты час і на радзіме грашовага дрэва халоднае засушлівае надвор’е.
- Вялікая розніца ў тэмпературным рэжыме
Скразнякі, санцапёк, перастаноўка гаршка з месца на месца, дзе ў адным — холадна, а ў другім — цёпла, — усё гэта можа адмоўна паўплываць на здароўе таўсцянкі.
Калі расліна прастаяла доўгі час на халодным падаконніку і каранёвая сістэма замерзла — вашу прыгажуню ўжо не выратаваць. Можна абрэзаць чаранкі і потым выгадаваць з іх новае грашовае дрэва.
- Хваробы
Гэта можа быць грыбковая хвароба, а таксама розныя шкоднікі.
У некаторых выпадках выявіць асноўную прычыну не заўсёды ўдаецца, з-за гэтага прафесіяналы раяць час ад часу апрацоўваць расліну супрацьгрыбковымі прэпаратамі і фітавермам.
Фарміраванне кроны расліны
Калі вы хочаце сфарміраваць прыгожую крону таўсцянкі, неабходна займацца гэтым з самага пачатку. Для таго каб прыступіць да фарміравання кроны, варта дачакацца з’яўлення першых лісточкаў. Пры з’яўленні новай пупышкі яна прышчыпваецца. Можна палічыць, каб кожная галінка мела не больш як 3—4 парныя лісты. Зрэзы абавязкова апрацоўваюцца актываваным вугалем. Кожны аматар, кіруючыся сваёй фантазіяй, зможа сам сфарміраваць патрэбную форму расліны. Часам удаецца дасягнуць унікальных вынікаў.Чаго не варта рабіць:
* не пераўвільгатняйце таўсцянку;
* не высаджвайце ў вельмі глыбокія гаршкі;
* выкарыстоўвайце лёгкі грунт;
* не перастарайцеся з падкормкай;
* не перасаджвайце вельмі часта;
* не давайце расліне свавольна разрастацца;
* не стаўце таўсцянку ў цяністых месцах.
Гаючыя ўласцівасці грашовага дрэва
Лёгкія апёкі, парэзы, сінякі, расцяжэнні, раны
Натрыце некалькі лісцікаў на тарцы і прыкладзіце на пашкоджанае месца. Забінтуйце. Мяняйце павязку кожныя 5 гадзін.
Дапамога пры ўкусах насякомых
Змазвайце месцы ўкусаў насякомых 4 разы на дзень сокам з лістоў гэтай карыснай расліны.
Піеланефрыт і цыстыт
Здрабніце 5 лісцікаў таўсцянкі, заліце 200 мл гарачай вады. Настойвайце адну гадзіну і працадзіце. Прымайце па 1 ст.л. за 20 хвілін да ежы 2 разы на дзень.
Болі ў горле
Выцісніце сок з 10 лістоў, змяшайце з 300 мл цёплай вады. Палашчыце горла 3 разы на дзень пасля ежы.
Язва страўніка і дванаццаціперснай кішкі
За гадзіну да першага прыёму ежы з’ешце 2 лісцікі таўсцянкі, старанна перажоўваючы.
Герпес на губах
Выцісніце сок з некалькіх лісцікаў. Змазвайце герпесныя высыпанні кожную гадзіну. Калі ў вас няма на гэта часу, проста прапітайце сокам ватны дыск, прыкладзіце да высыпанняў і заклейце пластырам. Рабіце гэтую працэдуру на працягу двух дзён, але не болей.
Артрыт, артроз
Выцісніце сок з 13—15 лісцікаў, змазвайце ім хворыя суставы нанач.
У грашовым дрэве ўтрымліваецца мыш’як, таму не рэкамендуецца злоўжываць прыёмам унутр настояў і соку з яго. Перад ужываннем абавязкова пракансультуйцеся з урачом.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.