Хочаш быць разумным — падарожнічай, хочаш быць прыгожым — падарожнічай, хочаш знайсці новага сябе — таксама падарожнічай. Атрымліваецца, што пошук універсальнай таблеткі для сілкавання душы чалавека скончаны паспяхова? Для большасці людзей станоўчы адказ прагучыць пераканаўча. У Японіі таксама шукалі тое, што мы зараз з вамі назвалі таблеткай для душы. З іх пункту гледжання гэта названа ікігай, што прыкладна можна расшыфраваць як “тое, што надае жыццю сэнс, тое, што прымушае нас прачынацца кожную раніцу з радасцю”. Іншымі словамі, ікігай — гэта па-ўсходняму прыгожае і кампактнае азначэнне вашай галоўнай цікавасці, той справы, якая прыносіць радасць у ваша жыццё. Менавіта цікавасць да жыцця, жаданне неадкладна пачаць сваю справу і выканаць яе самым лепшым чынам дае людзям адчуванне ўласнай значнасці, пачуццё задаволенасці і сэнс жыцця. Тым людзям, якія ведаюць свой ікігай, не знаёмы дэпрэсіі, яны захоўваюць аптымістычныя адносіны да жыцця і не схільны да дэструктыўных звычак. Таму для кожнага чалавека, які хоча пражыць доўгае і асэнсаванае жыццё, так важна знайсці для сябе прычыну ўставаць раніцамі і радавацца жыццю.
У свой час для кожнага з нас такой прычынай становіцца будучае падарожжа або магчымасць яго сублімаваць, абапіраючыся на ўспаміны і артэфакты, прывезеныя адтуль. Сёння мы пазнаёмімся з надзвычай прыемным спосабам захаваць памяць і ўражанні пра падарожжа ў сваім сэрцы і, магчыма, натхніць іншых быць актыўнымі ў гэтай прасторы чалавечых захапленняў.
Паняцце “скетчноўтынг” з’явілася ад слова “скетч” — гэта візуальная нататка, якая складаецца з рукапіснага тэксту, малюнкаў, схем і маляўнічых элементаў, такіх як стрэлкі, рамкі, лініі і інш. Калі гаварыць простай мовай, то скетчноўтынг — гэта візуальныя спосабы фіксавання інфармацыі з невялікай колькасцю запісанага тэксту. Скетчноўтынг — гэта не толькі мастацтва прыгожага афармлення інфармацыі, але таксама і хуткага яе разумення. Зразумеўшы інфармацыю, мы вылучым галоўнае і другараднае. ГАЛОЎНАЕ ВІЗУАЛІЗУЕМ. У стылі скетчноўтынга, творча развіваючы яго, мы прапануем сублімаваць падарожжы, якія запалі ў душу, у такіх модных зараз арт-буках (творчы сшытак, альбом або блакнот) і трэвэл-буках (кніга нататак падарожніка). Часам цяжка вызначыць, што мы афармляем — арт-бук або трэвэл-бук, змяшэнне стыляў нават вітаецца. Галоўнае, каб рабілася гэта з задавальненнем, суправаджалася станоўчымі эмоцыямі, як і ў гасцей нашай рубрыкі Вольгі Цітовай і Яны Янцэвіч. Іх работы ў стылі трэвэл-бука мы можам разгледзець на фотаздымках і пазнаёміцца з іх уражаннямі ад такой творчай справы па душы, бо яна імкліва набірае папулярнасць ва ўсім свеце.
Для Вольгі Цітовай, педагога дадатковай адукацыі, працэс малявання такі ж натуральны, як дыханне. Трэвэл-букі (блакноты падарожжаў) захапілі яе, калі выпадкова ў інтэрнэце адкрыла для сябе блог Наталлі Раткоўскі. У гэтай мастачкі Вольга Цітова вучылася, натхнялася яе работамі. Цяпер многія падарожжы Вольгі, далёкія і не вельмі, аформлены ў стылі трэвэл-бука. Гартаючы старонкі блакнота пра паездку ў Вену, наша суразмоўніца можа ўспомніць і нанава пражыць найдрабнейшыя дэталі і ўражанні ад яе. Напрыклад, пошук самай смачнай кавы ў Вене. Аказалася, што самая-самая — на ўскраіне горада, у кафэ, якое прывабіла нашу падарожніцу прыгажосцю сваёй назвы — “Аіда”. У кафэ было не толькі прыгожа, смачна, але і ўтульна. Захацелася захаваць і ўзяць з сабой уражанне, атмасферу, і гэта ўдалося з дапамогай малюнка, створанага непасрэдна за столікам у кафэ. І мы з вамі, дарагія чытачы, можам, разглядаючы замалёўку, адчуць прыгажосць моманту. Падарожжа ў Лондан таксама лепш успамінаецца Вольгай і яе сям’ёй, калі разглядаюцца развароты альбома пра гэтую паездку. Дарэчы, муж Канстанцін, сыны нашай госці Дзяніс і Лёва вядуць свае альбомы. Так што за блакнотамі і лінерамі (спецыяльныя фламастары-ручкі) у магазін ходзім разам, а часам дорым прылады для скетчноўтынга адно аднаму на святы”, — тлумачыць Вольга. — Гэта могуць быць фігурныя штампы, клей. А ў Канстанціна трэвэл-бук асаблівы — суднавы журнал”.
Вольга пастаянна павышае сваю кваліфікацыю па афармленні не толькі блакнотаў падарожніка, але і арт-блакнотаў. У інтэрнэце ёсць магчымасць абменьвацца вопытам з аднадумцамі або ўдзельнічаць у майстар-класах. Адзін з іх быў прысвечаны маляванню насякомых. З усмешкай Вольга ўспамінае, што ў тралейбусе ў гэты час убачыла на акне засохлую пчалу. Акуратна закруціла яе ў паперу і паклала ў сумачку, каб дома падрабязна яе намаляваць. “І яшчэ быў забаўны выпадак, калі ў медыцынскім цэнтры папрасіла крыху ў іх пасядзець. Супрацоўнік захвалявалася, пачала пытацца, ці не дрэнна мне. Прыйшлося растлумачыць, што хачу зрабіць замалёўку ў свой арт-бук. Ужо вельмі ў іх кава-машына прыгожая”, — скончыла свой расказ Вольга.
Мастак і дызайнер Яна Янцэвіч з дзяцінства памятала сваё чароўнае ўражанне пра храмы Індыі. Ці то гэта былі малюнкі ў дзіцячых кнігах, ці то карціны ў альбомах мастакоў, ці то эпізоды мультфільмаў. Зараз ужо і не вызначыцца, адкуль гэтае ўражанне, галоўнае, што яно жыве ў яе душы з дзяцінства. Падарожжа ў Індыю ў 2015 і 2016 гадах дало нагоду нанава звярнуцца ў сваім дарожным арт-альбоме да гэтай тэмы. І не толькі да гэтай. Яна ўспамінае, што Індыя толькі фармальна адна краіна, таму што кожны штат уражвае своеасаблівасцю і здаецца новай краінай. “Індусы адкрытыя, добразычлівыя, шчодрыя і прыязныя. Нават не ведаючы мовы, на якой бы ты іх зразумеў, яны маюць зносіны з падарожнікам і заўсёды гатовы адкрыць свой дом і прысвяціць свой час”, — успамінае Яна Янцэвіч. — Малявала ўсё, таму што ўражанняў вельмі многа: горы Гімалаі, Тыбет, запаведнікі з дзікімі сланамі, рака Брахмапутра, свой унутраны свет у падарожжы. Атрымалася шмат малюнкаў. У даліне ракі Парваці, недалёка ад горада Манікаран, дзе мы жылі ў сельскай мясцовасці ў доме сябра, я зрабіла сваю выставу, якую наведала за 4 дні каля 40 турыстаў і мясцовых жыхароў. Цяпер усе ўражанні пасля вяртання дадому магу скласці ў арт-альбом, зноў асэнсаваць і падзяліцца з сябрамі”.
Адрозненне арт-бука ад звычайнага дзённіка ў тым, што ў ім побач з прывычнымі запісамі свабодна суседнічаюць малюнкі і памятныя прадметы. Гэта яшчэ называюць мемарабіліяй: фота, білецік з кінатэатра, засушаная кветка з паездкі, часопісная выразка або прыгожая этыкетка. Галоўнае, каб гэтыя часткі аплікацыі выклікалі ў вас пэўныя эмоцыі і думкі, ствараючы нейкія вобразы. Старонка арт-бука можа нараджацца спантанна, напрыклад, у час падарожжа, уяўляць сабой прадуманую кампазіцыю. Для арт-бука падыдзе любы блакнот, нататнік і нават старая кніга. Галоўнае, каб ён вам падабаўся і быў зручны.
У вядзенні трэвэл-букаў, арт-букаў, проста дзённікаў жыцця няма ніякіх строгіх правіл і канонаў, мы робім іх выключна для свайго задавальнення, а значыць, іх нельга зрабіць дрэнна або няправільна. Мы можам захоўваць іх у шуфлядзе, нікому не паказваючы, а можам дзяліцца сваімі ўражаннямі і візуальнымі вобразамі з блізкімі людзьмі, сябрамі, чытачамі або ўдзельнікамі тэматычных суполак у інтэрнэце, атрымліваючы парады і падтрымку. Многія вядомыя псіхолагі і аўтары папулярных кніг аб прыродзе творчасці і не толькі лічаць, што вядзенне дзённіка на працягу паўгадзіны кожны дзень будзе надзвычай карыснай практыкай самапазнання і пошуку душэўнай гармоніі для людзей усіх узростаў і прафесій.
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота з архіваў Вольгі ЦІТОВАЙ і Яны ЯНЦЭВІЧ.