Фарбаў у мяне многа — выбірай любую

Свет вялікі і разнастайны. Чалавек можа зразумець і прыняць лепшае з яго як інструкцыю да дзеяння толькі праз трэніраванае і навучанае ўспрыманне, душой, якая працавала, развітым інтэлектам, сэрцам, якое спачувае. Дзе ўсё гэта браць? Узяць не атрымаецца. Такога кшталту багацце можна толькі карпатліва ствараць, паглыбляючы дзіця ў ашаламляльны, эмацыянальны, мудры свет мастацтва. І нават паглыблення недастаткова. Важна надоўга стварыць яму сваю ўтульную жыццёвую прастору побач з творамі мастацтва і людзьмі, якія ў мастацтве разбіраюцца і аддана яго любяць. Ці ёсць такія чароўныя прасторы ў сусвеце? Ёсць!

Для таго каб іх апісаць, трэба выняць самае тонкае і далікатнае пяро і працаваць з пяшчотнасцю і ўдзячнасцю да цудоўнага чалавека і педагога Вольгі Яўгенаўны Брыгаднай, да яе справы па душы — дзіцячай мастацка-адукацыйнай студыі “У госці да Цюбіка”. Цюбік — гэта лялька-мастак. Ён ужо 25 гадоў вітае малышоў у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Прыдумала ляльку і ажывіла Вольга Яўгенаўна Брыгадная, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы музея, а таксама стваральніца, захавальніца, добрая фея і любімы педагог дзіцячай студыі. 12 лістапада 2016 года ў студыі “У госці да Цюбіка” было свята — дзень нараджэння з прыгожай лічбай 25. Усе пакаленні студыйцаў разам адсвяткавалі дату.

Першыя музейныя дзеці Вольгі Яўгенаўны — Даніла Краўчанка, Воля Скрабнеў­ская, Ала Маголіна, Наташа Мароз — і сёння побач з ёй, прыйшлі адсвяткаваць юбілей. Алена Масла, мама Хрысціны і Косці Пержуковых, а таксама таленавітая дзіцячая пісьменніца, усклікае: “Цяпер дзяцей з нашай групы можна пазнаць толькі па бацьках!” Усеагульная мама “цюбікаўцаў” Вольга Яўгенаўна паспявае многім усміхнуцца, назваць па імёнах, удакладніць, каму і што трэба зараз зрабіць. Студыйцы са стажам гавораць, што Вольга Яўгенаўна па-ранейшаму прыгожая, добрая, энергічная, вясёлая. Ва ўсіх прыўзняты настрой ад сустрэчы адно з адным, са сваімі малюнкамі ў залах музея, успамінамі. Малодшыя прыціхлі ад урачыстасці атмасферы, прыгажосці белай залы музея і чакання 25-га дня нараджэння сваёй студыі. Напэўна, гэтая лічба ім здаецца велізарнай і неспасціжнай, як і ўзрост іх аднакашнікаў па музейным гуртку, якім 20, 25, 30 гадоў.

На дні нараджэння студыі ўзнагаро­джваюць гасцей, дзеляцца ўспамінамі, дэманструюць відэаролікі, сцэнкі, музычныя і гімнастычныя нумары, уручаюць памятныя падарункі і шарыкі дзецям, кветкі — Вользе Яўгенаўне і гавораць бясконцыя словы ўдзяч­насці ёй. У завяршэнні дня нараджэння здараецца немагчыма-неверагодная, выключна рэдкая з’ява ў мармуровых сценах музея сярод твораў дзіцячага мастацтва — торт з выявай мастака Цюбіка. Дырэктару музея Уладзіміру Іванавічу Пракапцову, Вользе Яўгенаўне, іншым супрацоўнікам не страшна дазволіць дзецям есці святочны торт, таму што музейныя дзеці асаблівыя, яны ведаюць добрыя манеры.

Свята адшумела — і можна падрабязней разгледзець выставу работ студыйцаў розных гадоў. Малюнкі самых маленькіх прыцягва­юць яркасцю, смеласцю бачання. Напрыклад, знакаміты і любімы ўсімі ў студыі малюнак Вані Прановіча, зроблены ім у 5 гадоў, “Тата чытае газету”. На ім ёсць толькі галава і рука таты, усё астатняе — газета. Таццяна Іванаўна, мама Вані, успамінае, як хвалявалася, што малюнкі яе сыноў Вані і Лёшы не падобны да работ іншых дзяцей. І дарэмна, бо арыгінальнасць — гэта толькі плюс. Дарэчы, у сям’і Таццяны Іванаўны ёсць у каго быць таленавітым, бо яна — дачка беларускага пісьменніка Івана Чыгрынава, а Ваня і Лёша — яго ўнукі. Аляксей Прановіч зараз прафесійна займаецца скульптурай. На выставе прадстаўлена некалькі яго работ. Многім спадабалася фігурка “Лясун”, работа, прадстаўленая на міжнародны конкурс — эскіз мемарыяла для Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Маю ўвагу прыцягнулі работы Хрысціны Пержуковай. Яна зараз вучыцца на 5 курсе акадэміі мастацтваў. Карціны з выявай любімых мясцін Мінска прывабліваюць лёгкасцю, яркасцю, свежасцю. Я адчула ў іх многа паветра і пяшчоты да роднага горада. Побач экспануецца дзіцячы малюнак Хрысціны “Багіня шчасця”, які яна намалявала па матывах выставы кітайскай керамікі ў 9 гадоў, калі яшчэ была “цюбікаўцам”.

Сярод малюнкаў малышоў, якія цяпер жы­вуць студыяй, заўважаю міні-выставу фотаздымкаў. Работы выкананы творчай прафесійнай рукой. У майстра добры густ, арыгінальныя ідэі. Героі зняты то ў палёце перад Нацыянальным тэатрам оперы і балета, то ў вобразах з класічных карцін, то ў незвычайным інтэр’еры. Аўтар работ — Даша Каляда. На плакаце — візітоўцы студыі “У госці да Цюбіка” яна яшчэ малышка з коскамі, але твар сур’ёзны, натхнёны. Зараз Даша — дыпламаваны выпускнік аператарскага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У свой дзень нараджэння студыя дэманструе не толькі малюнкі дзяцей, але і касцюмы розных эпох да спектакляў, у якіх дзеці ігралі ролі. Сярод пастановак — “Песня пра Нібелунгаў”, “Каханне — дасканалы майстар”, “Ноч перад Калядамі”, “Дванаццатая ноч”, “Чайка”.

* * *

— Заняткі, выставы, спектаклі, паездкі-экскурсіі, пленэры, святы — сапраўднае творчае жыццё! Як вы, Вольга Яўгенаўна, паспяваеце арганізаваць і напоўніць зместам такія розныя віды дзейнасці дзяцей?

— Мае галоўныя памочнікі — бацькі, якія любяць сваіх дзяцей і зацікаўлены ў іх развіцці. Наша творчае музейнае асяроддзе для іх таксама цікавае. Дзе яшчэ можна быць татам Рафаэля, калі не ў нас?!

— Калі ласка, раскажыце гэтую гісторыю.

— У спектаклі “Ажыўшыя партрэты” Віця Гарбачук іграў ролю Рафаэля, мастака эпохі Адраджэння. На адных з заняткаў мы знаёмілі бацькоў з Дзедам Марозам, і тата Віці, прадстаўляючыся, паведаміў: “Я — Дзмітрый, тата Рафаэля”.

— Вольга Яўгенаўна, як жывуць “цюбікаўцы” сёння? Якія традыцыі пераймаюць, што новага перажываюць?

— Мы з дзецьмі вывучаем мову мастацтва, каб зразумець яго мудрасць. Звяртаемся да міфалогіі, біблейскіх сюжэтаў, вывучаем мастацтва Грэцыі, Егіпта, Кітая, Японіі, Індыі, Месапатаміі і, канечне, Беларусі. “Песню пра Нібелунгаў” мы разыгрываем з году ў год. Студыя можа пахваліцца ўжо некалькімі пакаленнямі Крэмхільд і Брунгільд. Старэйшым Крэмхільдзе і Брунгільдзе — Ані Каберавай і Праславе Малец — па 25 гадоў. Потым гэтыя ролі ігралі Каця Сідарчэнка і Паліна Казакова, Алеся Стараселіца і Каця Кашнікава. Па маіх назіраннях, група, якая займалася ў музеі ў 90-х гадах, была самай артыстычнай. Запомніліся яркія ролі ў спектаклі “Ноч перад Калядамі” Леры Кішкінай (Вакула), Вікенція Пяржынскага (Аксана), Аляксея Прановіча (Салоха). Так, у гэтай пастаноўцы дзяўчатам дасталіся мужчынскія ролі, а хлопцам — жаночыя. Спектакль мы разыгрывалі ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

Наведваем з дзецьмі ўсе выставы музея і ўдзяляем увагу персаналіям мастакоў. Калі экспанаваліся творы Леанарда да Вінчы, мы з дзецьмі разглядалі іх у старажытных касцюмах (напярэдадні студыйцы ігралі спектакль паводле В.Шэкспіра “Дванаццатая ноч”). У такіх касцюмах дзеці ярчэй адчувалі эпоху. У іх была магчымасць паглядзець фільм і абмеркаваць творчасць Леанарда да Вінчы ў рамках нашых звычайных заняткаў. Разам з бацькамі мы набылі кнігі “Вынаходкі Леанарда да Вінчы” і падарылі іх студыйцам на памяць пра выставу.

— Значыць, і выстава Льва Бакста не прайшла не заўважанай для “цюбікаўцаў”?

— Канечне, не прайшла. Мы агледзелі выставу, гутарылі пра афішы, праграмкі, эскізы касцюмаў, пра ўсе дэталі, якія складаюць цуд тэатральнага мастацтва. Акрамя таго, дадаткова звадзілі дзяцей у тэатр оперы і балета на спектаклі “Жар-птушка”, “Шахеразада”, бо да гэтых балетаў у свой час Леў Самойлавіч Бакст ствараў эскізы касцюмаў. Паказалі студыйцам і абмеркавалі фільм “Ганна Паўлава”.

Новае ў рабоце студыі — гэта сустрэчы з бацькамі — прафесіяналамі ў галіне мастацтва, сустрэчы з беларускімі мастакамі, больш актыўныя, чым раней, паездкі за мяжу па мясцінах, звязаных з гісторыяй мастацтва.

— Якія сустрэчы апошніх гадоў і падарожжы запомніліся дзецям як найбольш уражальныя, эмацыянальныя?

— Сустрэча з мастаком Паўлам Татарнікавым. Павел часта ілюструе дзіцячыя гістарычныя кнігі. Ён правёў для дзяцей майстар-клас па гістарычнай ілюстрацыі. Мастак расказаў, як рыхтуецца да нараджэння малюнка, і пры дзецях стварыў яго.

Спадабаліся студыйцам сустрэчы з пісьмен­ніцай Аленай Масла, Наталляй Бучынскай.

Таксама была арганізавана сустрэча з заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі мастаком Васілём Фёдаравічам Сумаравым, які выстаўляў свае работы ў музеі. Папярэдне “цюбікаўцы” пазнаёміліся з работамі майстра. На занятках студыі дзеці намалявалі копіі карцін мастака і падарылі іх яму. Васіль Фёдаравіч прымаў падарункі і развешваў іх на бялізнавай вяроўцы, прымацоўваючы прышчэпкамі. Атрымалася міні-выстава дзіцячых копій. Гэта стала эмацыянальнай падзеяй для мастака і студыйцаў.

З падарожжаў па Беларусі больш запомніліся Жылічы, Стрэшань, Красны Бераг (Гомельскі напрамак), Паўлінава, Рэпіхава, Савейкі, Заказель (Брэсцкі напрамак). Сярод замежных мастацтвазнаўчых вандровак яркія ўражанні пакінулі паездкі ў Польшчу, Славакію, Германію. Вільнюс разам з музеем у палацы Радзівілаў таксама стаў яркім уражаннем. Вялікі Ноўгарад уразіў царквой Спаса Праабражэння на Ільіне вуліцы, якая захоўвае фрэскі Феафана Грэка, а таксама Уладычнай палатай. Спадабаўся ўсім студыйцам і музей драўлянага дойлідства “Вітаслаўліцы”. Там нам прапанавалі два заняткі. Першы быў прысвечаны рускім гульням, на другім адбылася вечарына ля лучыны, дзе “цюбікаўцы” знаёміліся з абрадамі, пралі нітку, петлі. Па ўражаннях ад паездак дзеці ствараюць малюнкі.

— Вольга Яўгенаўна, чым адрозніваецца цяперашняе пакаленне студыйцаў ад папярэдніх?

— З часам мае студыйцы становяцца ўсё маладзейшымі. Даніла Міхалко, Саша і Ліза Шапашнікавы — “цюбікаўцы” практычна з 2 гадоў. Зараз “У гасцях у Цюбіка” хлопчыкаў больш, чым раней, і яны яшчэ больш шустрыя, актыўныя і цікаўныя. Магчыма, больш непасрэдныя і раскаваныя. Такія высновы раблю, успамінаючы Ёэля і Яная Юроўскіх, Фёдара Марчанку. Пра царкву ў Ноўгарадзе Федзя неяк сказаў: “Яна мяне ўразіла сваёй міласцю”.

— Ці пытаецеся ў дзяцей, навошта яны ходзяць у студыю?

— Часам мы з бацькамі цікавімся гэтым і атрымліваем добрыя адказы. Дзеці пры­ходзяць любавацца прыгажосцю, сябраваць, пазнаваць новае, падарожнічаць, маляваць. Машы Ігнаценка, напрыклад, падабаецца, што пасля заняткаў у студыі яна можа расказаць аднакласнікам тое, чаго яны не ведаюць.

* * *

Для ўсіх дзяцей Вольгі Яўгенаўны, якія ў розны час займаліся ў мастацка-адукацыйнай студыі “У госці да Цюбіка”, вельмі хораша бачыць свет рознакаляровым і яркім, разнастайным і прыгожым, добрым, мудрым і напоўненым сэнсам.

Святлана РАДЗЬКОВА.