5 асноўных памылак пры выбары прафесіі

Кім быць? Гэта першы па-сапраўднаму важны выбар у жыцці кожнага чалавека. Раней, гадоў 200 назад, у большасці выпадкаў дзеці проста працягвалі займацца тым, чым займаліся іх бацькі. Зараз зусім не так. Значна больш свабоды выбару, але і адказнасці таксама больш. Можна сказаць, што, выбіраючы прафесію, кожны з нас у нейкай ступені выбірае свой лёс.

На рабоце чалавек праводзіць прыкладна 30% свайго часу няспання. І сама прафесія накладае адбітак, яна прымушае чалавечы арганізм прыстасоўвацца як псіхалагічна, так і фізічна. Напрыклад, па хісткай паходцы можна вызначыць марака, па выпраўцы — ваеннага. Акрамя таго, што работа з’яўляецца крыніцай даходаў, яна яшчэ ўплывае на працэс фарміравання асобы.

Унутрыасобасны канфлікт

Калі ад прыроды чалавек надзелены адным наборам якасцей, а яго прафесія патрабуе іншых якасцей, можа быць, нават супрацьлеглых, то ўзнікае ўнутрыасобасны канфлікт. Гэты канфлікт у адрозненне ад міжасобаснага часта не ўсведамляецца. У той жа час ён выяўляецца ў выглядзе прыгнечанага стану, расчаравання, пастаяннай стомленасці, бяссонніцы, перыядычнай трывожнасці, зласлівасці, нематываванай агрэсіўнасці і інш.

Прыметы эмацыянальнага недабрабыту часам падбіваюць людзей на такія сродкі зняцця псіхалагічнага напружання, як алкаголь ці наркотыкі.

Псіхалагічныя прычыны вельмі ўплываюць на развіццё гіпертаніі, ішэмічнай хваробы сэрца, язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, цукровага дыябету і іншых хвароб.

Дапусцім, школьны настаўнік лічыць сябе праграмістам, але вымушаны весці інфарматыку ў старшых класах. Безумоўна, гэта прывядзе да ўзнікнення ўнутрыасобаснага канфлікту. Калі настаўнік адважыцца на звальненне і паспрабуе рэалізаваць сябе ў стварэнні праграмных прадуктаў, то гэта добры варыянт для развіцця асобы. А калі ў яго не хопіць рашучасці рэзка змяніць сваё жыццё, то ён будзе пакутаваць сам і мучыць дзяцей з усімі наступствамі, што вынікаюць.

Сучасны свет мяняецца вельмі хутка, часам імкліва. У такім адказным пытанні, як выбар прафесіі, наша грамадства часта працягвае думаць старымі стэрэатыпамі:

1. Канечне, зарплата мае вялікае значэнне, але выбіраць прафесію, арыентуючыся выключна на яе, будзе вялікай памылкай. Напрыклад, зараз у нас больш за ўсіх зарабляюць праграмісты. Чалавек паступае вучыцца на праграміста, атрымлівае дыплом, і тут становіцца зразумела, што далёка не кожны праграміст зарабляе вялікія грошы.

Высокія заробкі ў вопытных праграмістаў. Калі першапачаткова мэта была ў высокай зарплаце, а да самой прафесіі чалавек абыякавы ці нават злёгку недалюблівае яе (добра, калі злёгку), то шансаў стаць класным спецыялістам не многа.

Дарэчы, шахцёры таксама добра зарабляюць, але большасць людзей наўрад ці захочуць зарабляць такой працай.

2. Маладыя людзі і іх бацькі выбіраюць прафесію па тым, наколькі яна запатрабавана і цэніцца ў грамадстве, якія дае прывілеі. Але бывае так, што чалавек арыентаваўся на элітарнасць, а апынуўся сярод незапатрабаваных спецыялістаў.

У сродках масавай інфармацыі часта публікуюць спісы самых запатрабаваных прафесій. Аднак мы жывём у такі час, што эканамічная сітуацыя можа хутка змяніцца і патрэба ў тых ці іншых спецыяльнасцях вельмі зменшыцца.

3. Сям’я служыць мадэллю пэўнага ладу жыцця і з’яўляецца для дзіцяці крыніцай жыццёвых каштоўнасцей і перакананняў. Часта бацькі, канечне, з самых лепшых меркаванняў, выбіраюць прафесію дзіцяці, арыентуючыся на знаёмствы, на свае няспраўджаныя мары ці на іншыя меркаванні, але не ўлічваючы пры гэтым яго здольнасці і жаданні.

Аўтар матэрыялу ў свой час зрабіў такую ж памылку, адправіўшы сына вучыцца ва УВА з меркаванняў прэстыжнасці і зарплаты. Ён атрымаў дыплом, але па спецыяльнасці не працаваў, выбраў зусім іншы від дзейнасці, у якім праз некаторы час стаў каштоўным спецыялістам, работа якога належна аплачваецца. Добра, што малады чалавек знайшоў сябе, але было б лепш, калі б яго адразу накіравалі, улічваючы яго інтарэсы і патрэбы.

4. Сустракаецца і такое, калі маладыя людзі ідуць паступаць разам з сябрамі за кампанію. Так бывае, калі яны няясна ўяўляюць свае схільнасці, да чаго іх больш цягне. Аднак зусім не абавязкова, што захапленне сябра ці сяброўкі будзе таксама цікава для цябе.

Аўтар гэтых радкоў сам некалі пайшоў паступаць у тэхнікум за кампанію з сябрам, таму што не ведаў толкам, кім хоча стаць. Да экзаменаў не рыхтаваўся, але паступіў, а сябар, на жаль, не.

5. Нярэдка бываюць выпадкі выбару адукацыі і прафесіі па прынцыпе “куды прасцей паступіць”. Атрымліваецца, што тут людзі ахвяруюць сваімі стратэгічнымі задумамі дзеля неадкладных мэт.

Уся справа ў тым, што многія проста не ведаюць і не адчуваюць сваіх прыярытэтаў.

Перш чым шукаць прафесію, якая падыходзіць, трэба ведаць свае найбольш выяўленыя цікавасці і патрэбы. Толькі маючы дакладнае -ўяўленне пра сваё прызванне, можна ўсвядомлена падабраць адукацыю і кірунак прафесійнай дзейнасці, якія найбольш падыходзяць. Якія спосабы вырашэння гэтай задачы існуюць?

Псіхалагічныя тэсты

Адной з задач школьнай прафарыентацыі з’яўляецца даследаванне схільнасцей, інтарэсаў і асаблівасцей навучэнцаў. Для яе вырашэння прымяняюцца розныя апытальнікі, карты інтарэсаў і іншыя методыкі. Наколькі яны эфектыўныя?

На думку вядомага расійскага псіхолага Галіны Уладзіміраўны Разапкінай, “псіхолагі, якія займаюцца прафдыягностыкай, кіруюцца мадэллю, прапанаванай у 1908 годзе амерыканскім вучоным Ф.Парсансам. У школьнай прафарыентацыі мадэль Парсанса прадстаўлена ў выглядзе трох кругоў: “хачу”, “магу”, “трэба”. Яе логіка бездакорная: будучая прафесія павінна падабацца (“хачу”), адпавядаць магчымасцям чалавека (“магу”) і быць запатрабаванай у грамадстве (“трэба”). І самай сучаснай дыягностыцы тут не па сілах дапамагчы, таму што, па-першае, яна не закранае светапогляд чалавека, яго матывы і каштоўнасці, той самы загадкавы чалавечы фактар, які не зводзіцца да набору прафесійных кампетэнцый, ведаў, уменняў і навыкаў, але мае вырашальнае значэнне для прафесійнай паспяховасці”.

Ёсць і больш радыкальныя меркаванні, што рознага роду тэсты, а таксама падобныя праверкі, у якіх прысутнічае сацыяльны фактар, не могуць расказаць, як выбраць прафесію. Адзінае, чаго можна дабіцца ў размове з псіхолагам, дык гэта высветліць цікавасць да нейкага роду дзейнасці.

Але цікавасць можа быць сапраўднай, а можа быць несапраўднай.

Сапраўдная цікавасць і патрэбы закладзены ў чалавеку з нараджэння. Рэалізоўваючы іх, ён будзе хутка прагрэсіраваць у выбранай прафесіі. Несапраўдныя інтарэсы ўзнікаюць пад уплывам знешніх фактараў: сродкаў масавай інфармацыі, кніг, фільмаў, меркавання бацькоў, настаўнікаў ці аднакласнікаў. Калі чалавек паспрабуе іх ажыццявіць, то невялікія вынікі і сустрэча з першымі праблемамі на выбраным шляху пакажуць памылковасць выбару прафесіі.

Сацыёніка і прафарыентацыя

Сацыёніка — гэта навука, якая вывучае, як людзі ўспрымаюць, перапрацоўваюць і выдаюць інфармацыю. Кожнага чалавека можна аднесці да аднаго з 16 сацыянічных тыпаў і на гэтай аснове правільна ацаніць яго патэнцыял, каб знайсці шляхі прафесійнай самарэалізацыі.

Існуе некалькі асноўных падыходаў да вызначэння сацыятыпу:
 тэсты;
 інтэрв’ю;
 эксперымент;
 назіранне;
 збор дасье.

Па некаторых даных, сацыянічныя тэсты добра зарэкамендавалі сябе пры падборы персаналу. У той жа час некаторыя вучоныя лічаць сацыёніку псеўданавукай.

Ведычны тэст

Згодна з рэкамендацыямі старажытнасці, перад маленькім дзіцем кладуць на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго чатыры прадметы: кнігу, цацачку ці сапраўдную зброю (меч, лук, пісталет і г.д.), манеты ці каштоўнасці і які-небудзь інструмент (малаток, сякерку).

Прадмет, які возьме дзіце, уяўляе катэгорыю прафесій, якая найбольш для яго падыходзіць. Калі дзіця выбрала кнігу — стане чалавекам разумовай працы, зброю — ваенным ці кіраўніком, грошы — прадпрымальнікам, малаток — спецыялістам ручной працы. Лічыцца, што свядо-масць малыша яшчэ не зашорана грамадскай думкай, ён шчыра выбірае тое, што яму даспадобы.

Біяметрычнае тэсціраванне

У цяперашні час прымяняецца вялікая разнастайнасць падыходаў у вывучэнні чалавека. Біяметрычная дыягностыка па ўзорах на пальцах — гэта вынік такога інавацыйнага падыходу да праблемы самапазнання асобы і яе прафесійнага выбару. Яна заснавана на навуцы дэрматагліфіцы, якая з’яўляецца раздзелам марфалогіі чалавека, што вывучае скурны рэльеф далоневых і падэшвенных паверхняў, пакрытых папілярнымі грабянямі.

У адрозненне ад псіхадыягнастычных тэстаў, тут падыспытнаму не трэба адказваць на шматлікія пытанні тэстаў ці інтэрв’ю. Ён па чарзе пракладае ўсе 10 пальцаў да спецыяльнага сканера, каб вывесці на дысплэй камп’ютара выяву пальцавых узораў (адбіткаў пальцаў). Па іх аператар вызначае тып узору на кожным пальцы і ўводзіць у праграму, якая аналізуе ўведзеныя тыпы і выдае справаздачу аб індывідуальных асаблівасцях таго, хто тэсціруецца.

Галоўная перавага гэтай методыкі ў тым, што тут цалкам выключаны скажаючы ўплыў сацыяльнага фактару. Іншыя перавагі:

 хуткасць біятэсціравання, не больш за 5—7 мінут;
 дадаткова ў справаздачы змяшчаецца інфармацыя пра спартыўныя здольнасці, псіхафізіялагічныя характарыстыкі, магчымыя праблемы са здароўем;
 можна тэсціраваць дзяцей з 2—3-гадовага ўзросту.

Да недахопаў можна аднесці тое, што для правільнага разумення атрыманай інфармацыі крытычна важны каментарый спецыяліста. Акрамя таго, часам бывае складана вызначыць тып пальцавага ўзору, у гэтым выпадку дакладнасць выніку залежыць ад кваліфікацыі аператара, які праводзіць тэсціраванне.

Існуюць розныя ацэнкі біяметрычнага тэсціравання, як станоўчыя, так і адмоўныя.

За 3 гады работы аўтар асабіста пераканаўся ў высокай ступені дакладнасці біядыягностыкі. Вынікі тэсціравання яго наследніка паказалі, што спецыяльнасць па дыпломе зусім не адпавядае яго прызванню. А вось цяперашняя дзейнасць — гэта метавіта тое, што трэба.

Таму аўтар гэтых радкоў раіць усім давяраць толькі ўласнаму вопыту.

Мікалай ШЫКАНАЎ,
кіраўнік лабараторыі прафарыентацыі ў ІП.