Надыходзіць час традыцыйных дум пра шчасце! Нездарма словы навагодняга віншавання менавіта такія: “З НОВЫМ ГОДАМ, З НОВЫМ ШЧАСЦЕМ!” І ўсё ж можна падумаць, што нагоды для шчасця ў нас заўсёды адны і тыя ж: здароўе і каханне ў сям’і, добрае сяброўства, праўдзівае партнёрства, дасягненне мэт, асабістае развіццё, толькі неабходна час ад часу асвяжаць эмоцыі, якія дазваляюць адчуваць шчасце, натхняць, дазваляць сабе жыць імі. Магчыма, у гэтым навізна навагодняга шчасця? Без сумнення, цяпер самы час адчуваць яго або рыхтаваць сябе да такога самаадчування. Мы не можам прымусіць іншых быць шчаслівымі, і ніхто іншы не можа прымусіць адчуваць шчасце за нас. Разам будзем ствараць умовы для ўзнікнення гэтага цудоўнага і жаданага пачуцця. Будзем карыстацца тым, што ёсць навокал, усім, што дорыць нам прырода, зносіны, уласная актыўнасць, фантазія. Выпаў снег, устанавіўся лёгкі мароз — чаму б не паспрабаваць ляпіць і будаваць са снегу?!
Лепім і будуем са снегу. Мноства зімовых забаў звязана менавіта з магчымасцю адчуць сябе будаўніком, скульптарам, мастаком або трапным стралком. Лепім і ўпрыгожваем снежныя скульптуры. Катаем снежныя камякі і лепім розныя фігуры — ад класічнага снегавіка да Дзеда Мароза са Снягуркай або розных звяркоў. Мяккі падатлівы снег дапамагае нам увасобіць свае творчыя ідэі, развіваць уяўленне, а галоўнае — адчуць радасць ад зносін з дзецьмі, сябрамі, роднымі, ад свежага паветра, творчасці. Вылепленыя фігуры можна расфарбаваць гуашшу, адчуўшы натхненне.
Захопіць усіх без выключэння гульня “Шукаем скарб”. Гуляць добра на пляцоўцы, па краях якой ёсць гурбы. Збіраюцца 2 каманды, патрэбны 2 вядучыя. Гульцоў просяць адвярнуцца, а вядучыя назіраюць за тым, як хто-небудзь з дзяцей або дарослых, якія не ўдзельнічаюць у гульні, хавае ў дзвюх гурбах скарб. Пасля таго як прадметы, якія абазначаюць скарб, надзейна закапаны ў снег, даецца каманда прыступіць да пошуку. Вядучыя каманд могуць даваць гульцам падказку, толькі ўказваючы напрамак пошуку — лявей, правей або вышэй. Перамагае каманда, якая першая адшукала скарб.
Адно з галоўных задавальненняў, якія забяспечваюць шчасце святочных дзён, — гэта паходы ў госці і прыняцце гасцей у сябе дома. Іх мы частуем і забаўляем, фантазіруючы з задавальненнем. Прыміце падказкі пра тое, як захапіць гасцей у навагоднія святы. Навагоднія гульні і конкурсы, пабудаваныя на мадэлі “пытанне—адказ”, нязменна прыносяць задавальненне, бо пасмяяцца любяць усе.
Навагоднія конкурсы — цудоўная магчымасць павесяліцца. Конкурс “Намалюем Дзядулю Мароза”. У шчыльным аркушы кардону зрабіце адтуліны для рук. Гульцам выдайце пэндзлікі. Яны павінны прасунуць рукі ў адтуліны і намаляваць Дзеда Мароза. Яны ў гэты момант не бачаць, што малююць, таму вынік можа аказацца вясёлым сюрпрызам. Гасцей радуе назіранне самога працэсу малявання. Пераможцам лічыцца той мастак, у якога вынік больш за ўсё падобны на казачнага персанажа. Не забывайце суправаджаць конкурсы жыццярадаснай музыкай.
Якое свята без песень?! Спевы таксама можна ператварыць у вясёлую гульню “Песенька без капелюша”. У капялюш накідайце запісачак са словамі з зімовых і навагодніх песень. Госць, не гледзячы, дастае запісачку з капелюша і спявае песеньку, у якой сустракаецца слова, якое ён выцягнуў. Гэтая гульня падыходзіць для невялікай кампаніі любога ўзросту. Узроставыя групы змогуць зблізіцца ў працэсе гульні, таму што навагоднія гульні і конкурсы аб’ядноўваюць!
Частаванне можа стаць і забавай. Зляпіце для гасцей “Магічныя варэнікі”. Вам неабходна пакласці ў кожны з іх рознае начынне. Начынне можа быць самым розным і нават не абавязкова ядомым. Нашы продкі дадавалі ў варэнікі манеты (медная манета абяцала шчасце, а з іншага металу — сямейныя канфлікты). Калі вы зрабілі неядомае начынне, то папярэдзьце пра гэта гасцей, каб былі асцярожнымі пры дэгустацыі магічных варэнікаў. Такім чынам, што абяцае тое або іншае начынне ў варэніках?
Мяса — дабрабыт і дастатак.
Рыс — поспех у працы.
Проса — клопаты прынясуць поспех.
Фасоля — папаўненне ў сям’і.
Тварог — новыя сябры.
Сыр — выйгрыш і перамога.
Грыбы — доўгае і шчаслівае жыццё.
Бульба — павышэнне па службе.
Журавіны — сюрпрызы і перамены.
Разынкі — сяброўства з суседзямі.
Курага — радасць.
Вішня — удача.
Яблык — заслужаная ўзнагарода.
Арахіс — любоўныя прыгоды.
Фундук — удалыя пакупкі.
Грэчка — добрыя навіны, атрыманне буйной сумы грошай.
Спадзяёмся, што нашы госці, як і мы самі, правядзём навагоднія святы цікава, весела, радасна і захоплена; што не толькі працэс святкавання, але і падрыхтоўка да яго прынясе задавальненне, дасць магчымасць адчуць захапленне ад чакання радасці і шчасця. Калі мы шчаслівыя, то заўсёды добрыя. Шчаслівыя людзі робяць шчаслівымі іншых. Лепшы спосаб зрабіць шчаслівымі іншых — быць шчаслівым самому! Давайце ўдзельнічаць у гэтым кругазвароце шчасця!
Святлана РАДЗЬКОВА.