Харчаванне дзяцей у зімовы перыяд

З пачаткам халоднага сезона бацькі сутыкаюцца з праблемай — дзіця дрэнна сябе адчувае, часцей хварэе, а часам на першы погляд лёгкая прастуда ўскладняецца гаймарытам, бранхітам ці пнеўманіяй. Зімой умовы надвор’я зменлівыя, маразы рэзка змяняюцца адлігамі, светлавы дзень кароткі, мала сонечных прамянёў — усё гэта з’яўляецца пэўным стрэсам для арганізма. А калі яшчэ і адзявацца не па надвор’і ці, зніжаючы рухальную актыўнасць, не выходзіць на вуліцу і дзень за днём сядзець ля камп’ютара, няправільна харчавацца — усё гэта робіць наш арганізм уразлівым. Імунітэт слабее і… любая інфекцыя можа стаць прычынай хваробы. Як захаваць здароўе зімой, пазбегнуць рэспіраторных захворванняў? Паспрабуем весці здаровы лад жыцця і ў першую чаргу будзем правільна харчавацца.

Харчаванне павінна быць паўнавартасным, збалансаваным і разнастайным у любую пару года, а зімой ежа павінна быць яшчэ і каларыйнай, бо арганізм бярэ энергію з пажыўных рэчываў, з таго, што мы з’елі. А энергіі ў халодную пару года нам трэба больш і арганізм сам прымушае нас ужываць больш каларыйную ежу. Акрамя гэтага, важна, каб ежа мела ў дастатковай колькасці бялкі, тлушчы, вугляводы, клятчатку, вітаміны і мінералы. Так, вугляводы, якія змяшчаюцца ў злаках, бабовых, хлебе, да­зваляюць зарадзіць нас энергіяй надоўга. У харчаванні дзяцей трэба аддаваць перавагу крупам з суцэльнага зерня (аўсяным, пшанічным, ячным, грэцкім) і жытняму хлебу. Каша — гэта выдатнае снеданне, якое можна чаргаваць, аўсяная каша, потым рысавая, грэцкая, манная і г.д. Простыя вугляводы — гэта рафінаваны цукар, глюкоза, фруктоза з салодкай садавіны. Яны хутка ўсмоктваюцца ў кроў. У адрозненне ад складаных вугляводаў, энергія, якая атрымліваецца пры іх ужыванні, у дзіцячым арганізме не назапашваецца, а хутка расходуецца. Улічваючы тое, што дзеці вельмі рухавыя, патрэба ў лёгкадаступнай энергіі ў іх вялікая і ў дзіцячым харчаванні цукры павінны складаць не менш за 20% ад агульнай колькасці вугляводаў. Аднак з ласункаў лепш даваць не цукеркі, якія складаюцца з узмацняльнікаў смаку, хімічных дабавак і маюць шмат цукру, а салодкія сухафрукты (разынкі, фінікі і інш.), мёд, халву, зефір, мармелад.

Бялок неабходны для пабудовы клетак, а мы ведаем, што дзеці хутка растуць, таму і ежа, у якой многа бялку, так ім неабходна. Уключайце ў рацыён дзіцяці мяса, чаргуючы з рыбай. Ялавічына, курыца, індычка, нятлустая свініна ці цяляціна падыходзяць дзецям для штодзённага харчавання. У рыбе змяшчаюцца лёгказасваяльныя бялкі, фосфар і амінакіслоты, ужывайце нятлустыя гатункі рыбы — хек, судак, марскі акунь, траску. Вельмі карысныя для дзіцяці яйкі, адзін жаўток змяшчае цэлы комплекс вітамінаў, не гаворачы ўжо пра бялок. Тым не менш не варта ўключаць яйкі ў рацыён штодзень, паколькі яны могуць выклікаць алергію. Малочныя прадукты, тварог, сыр, ёгурт, з’яўляюцца крыніцай бялку і кальцыю, удзельнічаюць у пабудове касцявой тканкі і незаменныя для дзіцячага арганізма.

Тлушчы — найбольш каларыйная частка рацыёну, яны з’яўляюцца крыніцай энергіі. У рацыён дзяцей неабходна ўключаць тлушчы жывёльнага і расліннага паходжання. З жывёльных тлушчаў для дзяцей лепш ужываць сметанковае масла і смятану. Яны маюць вітамін А, такі неабходны для скуры, валасоў, вачэй. Тугаплаўкія тлушчы: здор, лой, барановы — не рэкамендуюцца для дзіцячага харчавання. У рацыён дзяцей лепш уключаць марскую рыбу, арэхі, семачкі, нерафінаваныя алеі без цеплавой апрацоўкі — сланечнікавы, аліўкавы, кукурузны. А як жа халестэрын? Халестэрын неабходны для сінтэзу палавых гармонаў, таму ў падлеткавым узросце ўжыванне жывёльных тлушчаў асабліва важна. Але трэба памятаць, што пры нізкай фізічнай нагрузцы перавышэнне долі тлушчу ў рацыёне можа прывесці да павелічэння масы цела, атлусцення.

У халодную пару года з-за нізкай тэмпературы на вуліцы ежа павінна быць сытнай, пажадана кожны дзень уключаць у меню першыя стравы. Супы на аснове булёну з птушкі, рыбы, мяса (якія гатуюць на другім булёне), з агародніны, малочныя, супы з бабовых — выдатна са­граваюць. Супы лёгка засвойваюцца, хутка ператраўляюцца, паляпшаюць абмен рэчываў і даюць неабходную арганізму цеплавую энергію. Для павелічэння каларыйнасці рацыёну можна дабавіць у меню дзіцяці закускі, стравы з соусам, кампоты з сухафруктаў, какаву з малаком.

Вітаміны і мі­краэлементы не з’яўляюцца крыніцай энергіі, але яны забяспечваюць фізічную і разумовую працаздольнасць дзяцей, умацоўваюць імунітэт. І не дарма наш арганізм зімой патрабуе агародніны і садавіны! Уключайце ў рацыён дзіцяці сезонную агародніну (капусту, моркву, цыбулю, часнок, буракі, гарбузы і інш.), садавіну і ягады, свежую зеляніну, замарожаныя ягады і агародніну. Не забывайце, што арэхі, сметанковае масла, рыба, жаўток яйка, печань, рыбін тлушч — гэта натуральныя крыніцы карысных рэчываў, якія павялічваюць ахоўныя сілы арганізма. Сухафрукты і шыпшыну можна выкарыстоўваць пры гатаванні кампотаў, кісялёў, дэсертаў. А ці трэба піць ваду зімой? Патрэба ў вадзе ў дзяцей вышэйшая, чым у дарослых, і складае 50 мл на 1 кг масы цела. Карысна піць негазіраваную мінеральную ваду, чаі, адвары з траў і сухафруктаў, сокі з агародніны і садавіны. Вядома пра са­гравальныя ўласцівасці вострых прыпраў — імбіру, карыцы, гваздзікі. І, калі ўзнікае жаданне сагрэцца, можна заварыць імбірны чай з мятай і лімонам ці карыцай.

У дзяцей абменныя працэсы ідуць хутчэй, чым у дарослых, ежа хутка ператраўляецца,  энергія хутчэй расходуецца. Таму зімой колькасць прыёмаў ежы можна павялічыць. Чым меншае дзіця, тым часцей яно павінна прымаць ежу. Для дашкольнікаў гэта не менш за 5 разоў на дзень (кожныя 3—4 гадзіны), а школьнікам рэкамендуецца чатырохразовае харчаванне. Варта нагадаць бацькам і пра шкодныя для дзяцей прадукты, якімі не варта захапляцца ў любую пару года. Гэта газіраваныя напіткі, цукеркі (шакаладныя батончыкі, жавальныя цукеркі, чупа-чупсы), фастфуд, чыпсы, тлустыя гатункі мяса, соусы прамысловай вытворчасці (маянэз, кетчуп, аджыка і інш.), прадукты ў вакуумнай упакоўцы, прадукты з перапрацаванага мяса (каўбаса, вяндліна, сасіскі, вэн­джаніна, смажаныя стравы), сухія (сублімаваныя, хуткага гатавання) стравы; прадукты, якія змяшчаюць харчовыя дабаўкі (араматызатары, фарбавальнікі штучнага паходжання), грыбы, кансервы.

Правільнае харчаванне зімой — гэта аснова здароўя нашых дзяцей. Таму так важна, каб ежа была карыснай, а стравы выглядалі прыгожа, выклікаючы ў дзіцяці апетыт. А калі дзеці не галодныя, яны не мерзнуць і не стамляюцца, а вясёлыя і здаровыя.

Надзея НЕСЦЕРАВА,
фельчар-валеолаг 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі.