Расадныя клопаты

Залог добрай расады — гэта добры грунт. Глеба ці грунт — гэта галоўная крыніца хімічных элементаў, якія расліна спажывае падчас актыўнага росту.

Зямля для расады павінна, акрамя арганічных рэчываў, утрымліваць яшчэ макра- і мікраэлементы. Каб забяспечыць свабодны доступ кіслароду да каранёў расліны, варта ўзяць лёгкі і даволі рыхлы грунт. Раўнамерную вільготнасць у пасадачнай ёмістасці дапамагае стварыць вермікуліт (яго часта дадаюць у грунт). Падыдзе таксама добра высушаная і здробненая яечная шкарлупіна. Для перцу, таматаў, баклажанаў і капусты аптымальным з’яўляецца наступны склад зямлі: дзярновая (ці ліставая) глеба, а яшчэ торф (перагной) і пясок (перліт, вермікуліт) у суадносінах 1:1:1.

Маладой расадзе больш, чым дарослай расліне, патрабуецца добрае харчаванне і прыдатныя для развіцця ўмовы. У натуральнай глебе, якую можна набраць на сваім агародзе, не заўсёды змяшчаецца патрэбная коль­касць неабходных расадзе элементаў, а яе структура можа быць занадта грубай для юнай расліны. Таму грунт лепш падрыхтаваць альбо купіць добры і пажыўны, а таксама забяспечыць для расады своечасовы паліў і добрае асвятленне.

Пясчаная глеба ў чыстым выглядзе менш за ўсё падыходзіць для вырошчвання расады, яе трэба змяшаць з іншымі кампанентамі грунту. Для вырошчвання расады ніколі не выкарыстоўваецца аднакампанентны субстрат, бо ён не зможа задаволіць усіх патрэб маладых раслін. Якасны расадны грунт павінен адпавядаць наступным параметрам:

  • мець збалансаваны склад пажыўных рэчываў, падабраны пад тую ці іншую культуру;
  • быць у меру вільготным. Трэба забяспечыць узровень вільготнасці грунту 70—80%. Пры гэтым глеба павінна рассыпацца ў руках, а не збірацца ў буйныя камякі. У адваротным выпадку да каранёў не будзе паступаць кісларод;
  • мець аптымальную кіслотнасць (узровень pH павінен вагацца ў межах 6—7 адзінак).

Насенне перцаў і баклажанаў на расаду ў 2019 годзе трэба высейваць у другой ці трэцяй дэкадзе лютага, ды яшчэ і ў сакавіку будзе не позна. Гэта ўсё па месяцавым календары.

Важна падрыхтаваць насенне да пасеву. Для гэтага неабходна адабраць самае буйнае і паўнаважкае, а потым заліць іх для абеззаражання растворам марганцоўкі і патры­маць там 20—30 хвілін. Потым прамыць насенне ў праточнай халоднай вадзе і замачыць у мяшэчках з тканіны ў пажыўным растворы. Для гэтага бяром і дадаём на 1 літр вады 1 чайную лыжку драўнянага попелу або любога комплекснага ўгнаення. Усё замочваем пры тэмпературы +25—+ 28° С на працягу сутак. Такая апрацоўка дапамагае насенню хутчэй прарасці. Таксама перад пасевам трэба ў вільготнай марлі прарасціць і насенне баклажанаў, тады ўсходы з’явяцца недзе на 5—6 дзень. У першыя 5—7 дзён пасля ўзыходу расады дзённую тэмпературу паветра трэба панізіць да +15—+ 17°С, а ўначы і зусім да + 12°С. А вось пры з’яўленні першых лісточкаў сеянцы трэба бу­дзе пікіраваць, а за 2—3 гадзіны перад перасадкай (пікіраваннем) паліць. З сухой глебы расліны даставаць нельга, бо глеба можа абсыпацца з карэньчыкаў, што можа прывесці да хваробы.

Асноўны догляд расады заключаецца ў рэгулярным паліве, а таксама ў падкормцы і захаванні тэмпературнага рэжыму.

А яшчэ ў лютым асабліва важна праводзіць на агаро­дзе работы па затрыманні снегу, што дапаможа абараніць карані раслін ад рэзкіх перападаў дзённай і начной тэмпературы. Таксама варта праверыць свае плантацыі суніц. Калі раптам з’явіліся праталіны, то расліны трэба пры­крыць лёгкім яловым або іглічным лапнікам.

Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.