18—25 верасня больш за 100 шахматыстаў з сямі краін свету паўдзельнічалі ў першым чэмпіянаце свету сярод школьнікаў, які праходзіў у Цахкадзоры, Арменія. Арганізатарамі выступілі Міжнародная федэрацыя школьнага спорту, Міністэрства адукацыі, навукі, культуры і спорту Арменіі, Шахматная федэрацыя Арменіі і Спартыўная школьная федэрацыя Арменіі.
У Цахкадзоры сабраліся дзяўчаты і хлопцы 15—18 гадоў з Арменіі, Балгарыі, Беларусі, Грузіі, Індыі, Расіі і Украіны. Спаборніцтвы праходзілі ў чатырох катэгорыях: дзявочая і хлапечая каманды з адной школы і дзявочая і хлапечая каманды з розных устаноў адукацыі. Беларусь на чэмпіянаце прадстаўлялі дзве зборныя. У першую ўвайшлі Арына Кузіч і Вольга Каласоўская, а ў другую — Іван Рунец і Арсеній Котаў. Дзяўчаты занялі 6-е месца, а хлопцы — 5-е.
“Вучні змагаліся да апошняга, каманды былі даволі моцныя, — дзеліцца ўражаннямі ад паездкі супрацоўніца Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Таццяна Антановіч. — Арменія выставіла вельмі моцных шахматыстаў, яны былі міжнароднымі гросмайстрамі. Украіна сабрала добрую каманду, там дзеці ўдзельнічалі ў чэмпіянатах Еўропы і кубках свету. Каб зразумець розніцу — у нас былі толькі кандыдаты ў майстры спорту. Нашым дзецям крыху не пашчасціла ў апошнім туры, маглі трапіць у тройку, але ўсе ішлі вельмі шчыльна, таму атрымалася як атрымалася”.
Аднак нашы спартсмены без узнагарод не вярнуліся: беларуская дэлегацыя атрымала прыз “Сумленныя гульцы”.
“У шахматах ёсць такое паняцце, як “чытарства” (ад англ. cheat — “махляваць”. — Заўв.аўт.). Зараз існуе шмат камп’ютарных праграм, дзе пралічваюцца ўсе хады чалавека. Гэта больш хутка і дакладна. Ёсць розныя тэхналогіі, аж да таго, што ўстаўляецца навушнік у вуха і чалавеку дыктуюць, як трэба хадзіць”, — расказвае Таццяна Антановіч.
Дэбют беларусаў, мабыць, і не быў вельмі яскравым, але дзякуючы ўдзелу ў чэмпіянаце яны зразумелі, над якімі момантамі яшчэ варта працаваць, на каго можна раўняцца і як сябе паводзіць на наступных спаборніцтвах.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.