Калі вы хочаце ўпрыгожыць свой участак раслінамі, якія будуць рана цвісці, — пасадзіце крокусы. Крокусы лічацца аднымі з найбольш распаўсюджаных раслін, якія выкарыстоўваюцца ў ландшафтным дызайне. Іх вырошчваюць для ўпрыгожвання клумб, рабатак і бардзюраў. Крокусы можна сумяшчаць з іншымі кветкамі: нарцысамі, гіяцынтамі і цюльпанамі, каб стварыць прыгожыя кампазіцыі.
Cа старажытных часоў гэтыя кветкі вырошчвалі ў Асірыі, Індыі і Егіпце. Старажытныя грэкі лічылі крокус сімвалам шчасця, кветкай багіні світанку Аўроры. У Расію крокусы ўвозілі з Іспаніі, Індыі, Францыі. Цяпер іх культывуюць як дэкаратыўную, фарбавальную, лекавую расліну. Найбольш шырокае ўжыванне мае крокус пасяўны — з-за каштоўнага прадукту (рыльцы), які выкарыстоўваюць у кулінарыі ў якасці заправы да страў. Рыльцы ўтрымліваюць патрэбныя рэчывы кракін і шафранін, а таксама эфірнае масла з прыемнымі пахам і смакам.
Крокусы з’яўляюцца нізкарослымі раслінамі, вышыня якіх не перавышае 10—15 сантыметраў. Цыбулінкі ў папярочніку — 30—40 мм, форма іх круглявая. Паверхня цыбулін пакрыта лускавінкамі. Часцей сустракаюцца адзінкавыя кветкі бакалападобнай формы. Колер кветак можа быць самым розным: ліловым, жоўтым, белым, блакітным, пурпурным, аранжавым. Лісце калякветніка бэзава-ружовае, але можа мець і белую аблямоўку па краі. Раскрытыя кветкі маюць зорчатую форму і часцей бываюць белай афарбоўкі, такі ж колер у трубкі. Цвіценне назіраецца ў красавіку на працягу 20 дзён.
Існуе вялікая колькасць розных гатункаў крокусаў, яны падзелены на 15 груп. У склад першай групы ўвайшлі тыя гатункі, якія цвітуць восенню, астатнія 14 груп складаюцца толькі з гатункаў і відаў, якія цвітуць вясной.
У сярэдніх шыротах вопытнымі садаводамі рэкамендаваны наступныя гатункі крокусаў:
1. Альбіён. Кветкі бакалападобнай формы, маюць белую афарбоўку, дыяметр каля 30 мм. Пялёсткі круглявыя, ліловай афарбоўкі.
2. Вангарт. Раскрытыя чашападобныя кветкі бэзава-блакітнага колеру, у папярочніку дасягаюць 40 мм. Пялёсткі авальныя і выцягнутыя, з дробнымі плямкамі больш цёмнай афарбоўкі.
3. Джуба. Блакітныя кветкі бакалападобнай формы, маюць ледзь прыкметнае фіялетава-пурпурнае адценне. На пялёстках ёсць добра прыкметная бледна-ліловая афарбоўка. Даўжыня трубкі ў кветкі — каля 55 мм.
4. Снайпер Банэр. Кветкі бакалападобнай формы, у дыяметры дасягаюць 40 мм. Афарбоўка авальных долей пялёсткаў бледная бэзава-шэрая, а ўнутраная мае цёмна-бэзавую сетку. Даўжыня цёмна-бэзавай трубкі кветкі — каля 40 мм.
5. Кэтлін Парлоў. Белыя чашападобныя кветкі ў папярочніку дасягаюць 50 мм. На паверхні пялёсткаў ёсць бэзавыя кароценькія рыскі. Даўжыня трубкі белага колеру кветкі — каля 50 мм.
Размнажэнне і пасадка
Вырошчваць крокусы нескладана. Участак для пасадкі трэба выбраць добра асветлены. Прыгатаваны для крокусаў грунт павінен быць сухім, лёгкім, насычаным пажыўнымі рэчывамі. У грунт загадзя дадаюць арганічныя ўгнаенні, кампост, змяшаны з пяском і драўняным попелам.
Крокусы размнажаюцца двума спосабамі: насеннем і цыбулінамі. Збіраць насенне трэба са здаровых дарослых раслін. Высаджванне праводзіцца ў канцы лета або ў першай палове верасня. Перад пасадкай пасяўны матэрыял апрацоўваюць марганцавым растворам.
Спачатку расліна зацвітае, а затым у яе адрастае лістота, у гэты ж час назіраецца фарміраванне цыбулін. Існуюць восеньскія і вясновыя тэрміны пасадкі цыбулін. Таму, перад тым як пасадзіць іх, трэба вырашыць, калі лепш гэта зрабіць. Віды крокусаў, якія цвітуць вясной, варта садзіць у адкрытую глебу ўвосень. Тыя віды, што цвітуць увосень, садзяць летам. Калі пасадка робіцца ў цяжкі грунт, то заглыбіць цыбулінкі трэба будзе ўсяго на адну яе велічыню. Паміж цыбулінкамі вытрымліваюць дыстанцыю 7—10 сантыметраў. Празмерна блізка высаджваць крокусы не варта, бо на адным і тым жа месцы іх рэкамендуецца вырошчваць 3—5 гадоў. За гэты час з’яўляецца шмат новых цыбулін, а сам участак становіцца суцэльным дываном з кветак.
Паліў, падкормка і рыхление глебы
Расліну трэба правільна паліваць і падкормліваць. Калі ўчастак з высаджанымі раслінамі быў пакрыты шчыльным пластом снегу, займацца палівам неабавязкова. Вялікая колькасць вільгаці негатыўна ўплывае на рост крокусаў. А вось калі снегу не было, прыйдзецца ўвільгатняць глебу раз у 2—3 месяцы.
Падкормка ўносіцца тры разы на год. Першы раз кветкі падкормліваюць вясной, выкарыстоўваючы для гэтага комплекснае мінеральнае ўгнаенне. У перыяд інтэнсіўнага росту крокусы неабходна добра падкормліваць азотнымі ўгнаеннямі.
На падкормку мінеральнымі ўгнаеннямі такія расліны рэагуюць станоўча. Летам крокусы асабліва маюць патрэбу ў каліі і фосфары.
Каб кветкі добра раслі і цвілі, трэба рэгулярна займацца рыхленнем грунту. Гэта спрыяе паступленню кіслароду і вільгаці ў верхні пласт глебы. Рыхленнем рэкамендуецца займацца пасля кожнага паліву і зацяжных дажджоў.
Шкоднікі і хваробы
Часта пашкоджваюць крокусы тля, даўганосікі, златкі. Каб на кветках не было шкоднікаў, расліны можна садзіць ранняй вясной, каб яны пачалі цвісці да таго, як з’явяцца такая небяспека. Для прафілактыкі і лячэння прымяняецца хімічны спосаб барацьбы з насякомымі-шкоднікамі — апрацоўка раслін ядахімікатамі.
Часта высаджаныя крокусы пакутуюць ад грыбковых захворванняў, з-за якіх з’яўляюцца пашкоджанні пялёсткаў і цыбулін. Наяўнасць хваробы прыводзіць да спынення росту кветак і цыбулін. У якасці лячэння крокусы апрацоўваюць фунгіцыднымі растворамі.
Таксама крокусы пакутуюць ад грызуноў, якія сілкуюцца спелымі цыбулінамі. Каб абараніць саджанцы, прыйдзецца высаджваць іх у пластыкавую тару.
Перасадка, захоўванне на зіму
Рассаджванне цыбулін крокусаў праводзяць 1 раз у 3—5 гадоў. Справа ў тым, што за гэты час адбываецца значнае павелічэнне ў памерах мацярынскай цыбуліны, з цягам часу яна дае вялікую колькасць новых цыбулінак. У залежнасці ад гатунку кожны год можа ўтварацца 1—10 цыбулін. На адным месцы ім становіцца вельмі цесна, што праяўляецца ў памяншэнні іх памеру.
У залежнасці ад гатунку і выгляду расліны выкопванне крокусаў, якія цвітуць вясной, праводзіцца ў перыяд з ліпеня па верасень, а восеньскіх — з чэрвеня па жнівень. Для падрыхтоўкі пасадачнага матэрыялу ўсе цыбулінкі выкопваюць, перабіраюць, ачышчаюць ад загнілых альбо сухіх лускавінак. Захоўваюць у сухім, цёмным памяшканні да моманту пасадкі ў адкрыты грунт.
Крокусы — адны з самых першых кветак, якія радуюць сваім непаўторным цвіценнем. Вялікі нямецкі філосаф, паэт і натураліст Гётэ назваў крокусы вясновымі кветкамі радасці. Няхай жа пяшчотныя веснавыя крокусы парадуюць вас сваёй вытанчанай прыгажосцю і эфектным спалучэннем з іншымі раслінамі.
Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту.