Адносіны прыгожай паловы чалавецтва да вяснушак, як мілай прыметы вясны, самыя розныя — ад захаплення да роспачы. На самай справе вяснушкі — нармальная рэакцыя самаабароны скуры ад уздзеяння ўльтрафіялетавых прамянёў.
З медыцынскага пункту гледжання, вяснушкі, ці эфеліды — асаблівага віду пігментныя плямы памерам 1—3 мм светла-карычневага колеру, якія ўзнікаюць часцей за ўсё на твары, шыі, грудзях, спіне, руках і нагах. Яны не ўзвышаюцца над узроўнем скуры і не лушчацца. Залацістыя крапінкі з’яўляюцца вялікай колькасцю цёмнага фарбавальнага пігменту — меланіну, які пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў утвараецца з амінакіслаты тыразіну. Вяснушкі — далёкія сваякі загару, але пры загары тыразін размяркоўваецца раўнамерна па целе, а вяснушкі — гэта астраўкі тыразіну, які ператварыўся ў меланін.
Найбольшая інтэнсіўнасць афарбоўкі вяснушак сустракаецца ў чалавека ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў, потым іх колькасць можа нават нарастаць, але з узростам яны бляднеюць. Інтэнсіўнасць пігментацыі вяснушак павялічваецца вясной, зімой яны бляднеюць і знікаюць. Часцей вяснушкі высыпаюць у рыжа- і светлавалосых.
Каб пазбегнуць высыпання вяснушак і пігментных плям, рэгулярна раніцай і вечарам працірайце твар кубікам лёду з настоем пятрушкі. Для гэтага 1 пучок зеляніны заліваецца 250 г кіпеню, настойваецца, працэджваецца і разліваецца ў формачкі. Можна проста праціраць твар скрыльком лімона. Перад выхадам на вуліцу ў вясенне-летні перыяд неабходна намазваць пад макіяж сонцаахоўны крэм, які змяшчае SPF-фактар, ці цынкавую мазь (толькі вельмі тонкім слоем).
Да абсалютна бясшкодных адбельвальных масак адносяцца сокі грэйпфрута, морквы, свежага агурка і кіслай капусты. Для выдалення невялікай колькасці слаба афарбаваных вяснушак цалкам дастаткова раніцай і вечарам праціраць твар сокам рэпчатай цыбулі.
Для пазбаўлення аб вялікай колькасці вяснушак існуюць крэмы і мазі, якія ўтрымліваюць ртуць. Але прэпараты, якія змяшчаюць ртуць, не трэба выкарыстоўваць больш за 6—7 дзён, яны супрацьпаказаны пацыентам, якія маюць захворванні нырак, дзяснаў, цяжарным і кормячым маці. Прычым лячэнне імі дае толькі часовы эфект, таму лепш выкарыстоўваць раслінныя сродкі.
Дарэчы, вяснушкі на носе, шчоках, руках і іншых адкрытых частках цела з’яўляюцца ўпершыню яшчэ ў дзіцячым узросце. Калі вяснушкі нечакана ўзніклі ўжо ў сталым узросце, трэба звярнуцца да ўрача дэрматолага, бо пігментныя плямы на скуры могуць аказацца зусім не бяскрыўднымі вяснушкамі, а сігналамі арганізма аб наяўнасці сур’ёзнага захворвання печані і жоўцевыводзячых шляхоў, гарманальным дысбалансе.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
урач-гігіеніст санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.
Фота з адкрытых крыніц.Фота аўтара.