Што такое фелцінг? Многім людзям гэтае іншамоўнае слова ні пра што не гаворыць. Толькі спецыялісты скажуць, што за ім хаваецца тэхніка, з дапамогай якой з шэрсці атрымліваецца шчыльны лямец. Іншымі словамі фелцінг — гэта валенне з шэрсці.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі Данута Ткачук сур’ёзна займаецца фелцінгам. З нядаўняга часу яна нават зарэгістравана рамеснікам.
— Фелцінг — займальны, цікавы і захапляльны творчы працэс, — гаворыць Данута Яраславаўна. — Для асваення гэтага віду рукадзелля не патрабуецца ніякая спецыяльная падрыхтоўка. Неабходны толькі шэрсць, некалькі інструментаў, уседлівасць і крыху цярпення!
Д.Я.Ткачук пачала займацца фелцінгам дзякуючы выпадку. На курсах павышэння кваліфікацыі ў АПА яна жыла ў адным пакоі з настаўніцай з Паставаў. Звярнула ўвагу на яе незвычайныя тапкі. Пацікавілася, дзе іх можна набыць. Усміхнуўшыся, жанчына адказала, што ў яе. Аказалася, гэта тапкі ручной работы, зваляныя з шэрсці.
— У той вечар доўга распытвала ў калегі, як, што і ў якой паслядоўнасці неабходна рабіць, каб атрымаліся такія тапкі, — расказвае Данута Яраславаўна. — Пакрокава засвоіла тэхналогію вырабу, якая аказалася нескладанай. Прыехаўшы дадому, вырашыла адразу замацаваць атрыманыя веды на практыцы. Набыла праз інтэрнэт-магазін шэрсць. Неабходнае абсталяванне зрабіў муж. І ў адзін з вечароў узялася за новую справу. Першы раз, калі валяла, хвалявалася, бо за працэсам назіралі муж і дзеці, якія ўсяляк падтрымлівалі мяне. За 3 вечары завяршыла работу. Паказала дзецям тапкі з набіўным дэкорам. Ад убачанага яны ахнулі. Цяжка было паверыць, што такую прыгажосць можна зрабіць сваімі рукамі дома.
У той вечар Д.Я.Ткачук атрымала і першы заказ — ад дачкі. Неўзабаве ўсе сямейнікі ўжо былі са сваімі валенымі тапкамі. Гэта лепшы абутак для дома. Ён не толькі эксклюзіўны, але і мяккі, цёплы, яркі, камфортны.
— Каб атрымаліся якасныя і трывалыя тапкі, трэба выкарыстоўваць больш грубую шэр сць, — дзеліцца сакрэтамі Данута Яраславаўна. — Таўшчыня тапак залежыць найперш ад колькасці шэрсці. Для іх звычайна рэкамендуецца 6—8 слаёў. Для работы ў “мокрай” тэхніцы спатрэбяцца шэрсць, мыльны раствор, маскітная сетка, нажніцы, шаблон, плёнка, абутковыя калодкі патрэбнага памеру. На плёнку неабходна пакласці пучкі шэрсці паралельна адно аднаму. У другім слоі іх трэба размясціць перпендыкулярна першаму. Паўтарыць гэта яшчэ раз. У выніку павінна атрымацца як мінімум 4—5 слаёў, парамі, перпендыкулярных адно аднаму. Далей неабходна прыгатаваць мыльны раствор. Загатоўку шэрсці накрываем маскітнай сеткай, змочваем паверхню цёплым растворам мыла. Затым лёгкімі кругавымі рухамі разгладжваем выраб. Пасля таго як адзін бок зваляецца, неабходна перавярнуць загатоўку і паўтарыць тое ж самае з другога… На выраб адной пары тапак затрачваецца каля 180—220 шэрсці і некалькі вольных вечароў.
Сёння Д.Я.Ткачук валяе тапкі ў форме балетак і праходзіць інтэрнэт-навучанне для павышэння майстэрства. У планах — асвоіць валенне тапак з высокім запятачнікам (з арміраванай пяткай і наском). Падчас летняга адпачынку плануе заняцца вырабам шлёпанцаў з праразным каляровым дэкорам і вулічнага абутку.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.