Прыгажосць для вачэй і сэрца

Паняцце прыгажосці даволі суб’ектыўнае. Але ўсе сыходзяцца ў адным: тое, міма чаго нельга прайсці, не ахнуўшы і не загледзеўшыся, можна смела аднесці да прыгажосці. Адзін з такіх неверагодна прыгожых аазісаў — сядзіба сям’і Наталлі Мікалаеўны і Сяргея Сцяпанавіча Качанка з Ляхаўцаў Маларыцкага раёна. Усё тут зроблена з густам і ў меру. Набыўшы ўчастак 20 гадоў назад, сям’я з энтузіязмам будавалася і афармляла 25 сотак на свой густ.

— Яшчэ не быў узведзены дом, а мы ўжо сад закладвалі, — расказвае Наталля Мікалаеўна. — Даглядаю яго сама: падразаю галіны, выдаляю дэфекты кары, падкормліваю дрэвы, змагаюся са шкоднікамі, прышчэпліваю новыя гатункі… Гэта маё хобі. 

Сёння ў садзе больш за 50 дрэў і кустоў. Тут растуць яблыні, слівы, грушы, абрыкосы, вішні, персікі, вінаград, парэчкі, маліна, агрэст… Для саду і прысядзібнай тэрыторыі настаўніца геаграфіі і абслуговай працы Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы заўсёды знаходзіць час. Больш за ўсё вольнага часу ў яе летам. Без моцных мужчынскіх рук, вядома, не абыходзіцца, таму муж з задавальненнем дапамагае жонцы ў добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі.

— На прысядзібным участку хочацца не толькі вырошчваць садавіну і агародніну, але і атрымліваць асалоду ад яркіх кветак і іх водару, — заўважае Наталля Мікалаеўна.

Бацькам ахвотна дапамагаюць дзеці. А іх у вялікай і дружнай сям’і ажно пяцёра.

— Прыгажосць патрабуе стараннай штодзённай працы з ранняй вясны да позняй восені, — гаворыць жанчына. – На прысядзібнай тэрыторыі радуюць вока хосты, 25 гатункаў руж, шматлікія туі, аднагадовыя і лекавыя расліны. Асабліва люблю ружы.

Штогод на ўчастку сям’і Качанка з’яўляюцца новыя “жыхары”, якія ўдала дапаўняюць і без таго вялікую і арыгінальную калекцыю кветак.

Наталля Мікалаеўна і Сяргей Сцяпанавіч прызнаюцца, што прысядзібная тэрыторыя — гэта адначасова і хобі, і прыемная праца, і адпачынак, і месца для ўвасаблення творчых ідэй.

— Тут мы праводзім шмат часу ўсёй сям’ёй, — гаворыць Сяргей Сцяпанавіч. — Імкнёмся зрабіць свет вакол сябе прыгажэй­шым.

Прысядзібны ўчастак сям’і Качанка прызнаны адным з самых прыгожых у аграгарадку. Ён стаў адным з лепшых у Макранскім сельсавеце па выніках агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў за 2018 год.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.