Мы вырошчваем некалькі гатункаў ранняй і позняй маліны, і ўсе яны багата пладаносяць кожны год. Восеньская позняя маліна будзе радаваць сваім ураджаем практычна да лістапада, галоўнае, каб не прыйшлі начныя замаразкі.
Маліна любіць асаблівы догляд — гэта і своечасовая абрэзка, і падвязка пладаносных галінак, і, вядома ж, добрая падкормка на працягу ўсяго сезона. Пасадку і размнажэнне новых гатункаў маліны выконваем так: выкопваем кусцік маліны і перасаджваем яго са сваім камяком зямлі на новае месца, якое мяняем кожныя 5 гадоў. Маліна любіць і мае патрэбу ў добрай падкормцы гноем. Гэта трэба рабіць адразу пасля яе пасадкі або перасадкі на новае месца. Гэтая расліна даволі адчувальная да перасадкі і сілу сваю на новым месцы набірае не адразу. Ашчадная перасадка дае маліне магчымасць ужо на другі год радаваць нас сваім ураджаем.
Летнюю маліну абразаем адразу пасля заканчэння яе плоданашэння. Падкормку ўносім у баразёнкі ўздоўж лініі пасадкі, каб аднавіць яе сілы, якія пайшлі на ўтварэнне пладоў. Як і колькі закладзеш угнаення пад маліну, такі ўраджай і збярэш у наступным годзе. На зіму ў баразёнкі пад кустамі маліны раскладваем каравяк, што дазваляе забяспечыць добрую падкормку, а таксама ўцяпліць на зіму каранёвую сістэму.
Раннія гатункі маліны вырошчваюць многія, а вось пазнейшыя ведаюць і культывуюць у сябе толькі асобныя дачнікі і агароднікі. Да позніх восеньскіх гатункаў мы адносім “Абрыкосавы”, “Залатую восень”, “Рашбушбэры”. Гэтая маліна духмяная, сакавітая, смачная і вельмі карысная. Яна па праве лічыцца каралевай любога ягадніка і радуе нас буйнымі і духмянымі ягадамі аж да лістапада. Да таго ж даглядаць восеньскую маліну значна прасцей, чым летнюю. Яшчэ адным плюсам такой маліны з’яўляецца тое, што яе кусты могуць расці без шпалеры, ды і догляд патрэбен ёй мінімальны.
Саджаць восеньскую маліну лепш на ўчастку, добра абароненым ад ветру, які хутка праграваецца і на якім узімку назапашвацца шмат снегу. Яшчэ для восеньскай маліны важна, каб было добрае асвятленне на працягу ўсяго дня, дастаткова вільгаці і харчавання ў глебе. Яна аддае перавагу лёгкім і сярэднім суглінкам, супяскам, багатым на перагной.
Вядомая многім рэмантантная маліна дае ўраджай двойчы за сезон, але другі восеньскі ўраджай у яе невялікі. Іншая справа — маліна “Залатая восень”, у якой восенню на маладых парастках утвараюцца ягады не толькі на верхавіне, але і на палове сцябла. Гэтую маліну позняй восенню, дзесьці ў лістападзе, мы абразаем практычна пад корань, і на наступны год маладыя парасткі даюць багаты ўраджай. Акрамя таго, пасля восеньскай позняй абрэзкі вясной гэтай маліне не страшныя многія хваробы і шкоднікі. Ягады такога позняга гатунку адрозніваюцца ўстойлівасцю да гнілі, а значыць, няма неабходнасці выкарыстоўваць хімічныя прэпараты для абароны расліны.
Практыкуйце адначасовае вырошчванне на сваім участку маліны летніх і восеньскіх гатункаў і кожны сезон атрымлівайце асалоду ад гэтай смачнай і карыснай ягады.
Яўген САЛАНОВІЧ.