Ліятрыс, або Палаючая зорка

Ліятрыс родам з Паўночнай Амерыкі і належыць да сямейства складанакветных. Гэтая садовая шматгадовая расліна з прыгожымі кветкамі налічвае каля сарака відаў. Садоўнікі называюць яго “палаючая зорка”.

Ліятрыс адрозніваецца ад падобных раслін тым, што кветкі на яго стрэлападобных кветканосах распускаюцца зверху ўніз і цвіценне працягваецца з ліпеня па жнівень. Яго лісце сабрана ў разетку, з якой выходзяць цвёрдыя парасткі з суквеццямі, што вырастаюць да 0,6—1 м у даўжыню. Лісце ў культуры з цёмна-зялёнай афарбоўкай густое. Асобныя лісткі вузкія. Кветкі сабраны ў каласкі даўжынёй ад 15 да 30 см. Акрамя пышнасці цвіцення, ліятрыс зачароўвае салодкім пахам ванілі з ноткамі толькі што скошанай травы. Гэты водар — вынік выдзялення з лісця натуральнага рэчыва кумарын, якое выкарыстоўваецца для гатавання эфірных алеяў.

Яшчэ адной добрай якасцю кветкі можна назваць тое, што яна адганяе моль. Палажыце адну галінку свежай ці сухой расліны ў шафу з адзеннем, і вы забудзеце пра шкоднікаў на паўгода.

Пасадка

Месца для высадкі ліятрыса павінна быць добра асветленае. Прамых сонечных пром­няў ён не баіцца. Расліна добра развіваецца ў нейтральнай, сыпкай, багатай на пажыўныя рэчывы і добра дрэніраванай глебе. У сырой і цяжкай глебе карэнішча кветкі будзе гніць. На пясчаным і сухім грунце, у паўцені, ліятрыс цвіце слабей. Калі яго саджаць на пясчаніку, то рост запавольваецца, а суквецці становяцца карацейшымі. Варта ўлічваць, што расліна можа вымакнуць падчас раставання снягоў, калі надарыцца снежная зіма. Каб пазбегнуць падобных наступстваў, культуру садзяць на ўзвышшы.

Паліў

Ліятрыс лічыцца вільгацелюбівай культурай, аднак можа перажыць і невялікую засуху. А вось пераўвільгатняць градкі нельга: лішак вады справакуе гніенне карэнішча.

Колькасць неабходнай вады залежыць ад ступені разрастання куста. Яе рэкамендуецца ліць, пакуль зямля паглынае вільгаць. Спецыялісты раяць паліваць часцей, але невялікімі порцыямі. Гэта дапаможа пазбегнуць траўміравання расліны.

Падкормка

Падчас інтэнсіўнага росту і цвіцення расліну трэба рэгулярна падкормліваць мінеральнымі ўгнаеннямі: вясной — азотнымі, а летам — фосфарна-калійнымі. Каб кветка добра перанесла зіму, трэба ўнесці азотныя ўгнаенні ў канцы лета. Для больш яркага і багатага цвіцення глебу вакол кустоў, якія цвітуць, трэба засыпаць пластом кампосту таўшчынёй 5 см, а калі ярка-зялёнае лісце пачынае святлець, патрабуецца ўнесці азотныя ўгнаенні (20 г на 1 кв.м.).

Падкормліваць культуру варта ў вячэрні час сутак або пасля дажджу. Важна сачыць, каб угнаенне не трапляла на ўсе часткі расліны. На розных этапах жыцця культуры патрэба ў мікраэлементах адрозніваецца. Таму ўгнаенні ўносяць пасля ўкаранення і ў момант пачатку росту.

Догляд

Увесь догляд кветкі заключаецца ў праполцы і абрэзцы засохлых суквеццяў. Рыхліць глебу нельга, таму што каранёвая сістэма ліятрыса размешчана блізка да паверхні глебы. Лепш правесці мульчыраванне. Глеба пад кустамі вымываецца, што прыводзіць да агалення карэння, таму патрабуецца штогадовае акучванне кустоў або падсыпанне пад іх дадатковай зямлі. У розных відаў ліятрыса вышыня кветканосаў розная (ад 45 см да 2 м), таму па неабходнасці варта яго падвязваць да апоры.

Ліятрыс выдатна перазімуе, калі замульчыраваць кусты пластом перапрэлага кампосту вышынёй 10—15 см. Забаронена ўжываць у якасці мульчы салому. У гэтым матэрыяле заводзяцца грызуны, якія ўзімку пашкоджваюць карэнне расліны. Пры адсутнасці моцных замаразкаў ліятрыс цалкам можа перажыць зіму без укрыцця.

Размнажэнне

Расліну можна размножваць насеннем і дзяленнем клубняў.

Пасеў і вырошчванне з насення. Можна размножваць ліятрыс з насення, якое расліна багата завязвае. Перад пасевам насенне можна падвергнуць уздзеянню нізкіх тэмператур (так званай стратыфікацыі), каб яно прарастала. Аднак гэта не­абавязковая мера. Стратыфікацыя больш патрэбна насенню, сабранаму летам і пасеянаму вясной. Калі ліятрыс сам рассейвае насенне, яно зімуе ў глебе і добра прарастае вясной. Вясной (у сакавіку — красавіку) насенне высейваюць неглыбока прама ў зямлю. Сеянцы падымаюцца вельмі прыгожа, раўнамерна, не патрабуючы ўкрыцця. Парасткі растуць павольна, цвіценне пачнецца толькі праз 3—4 гады. Таксама расліны можна папярэдне саджаць у гаршкі. Час пасеву — студзень — сакавік. Насенне лепш змяшчаць у шмат’ярусныя паддоны, пакрываючы тонкім слоем вермікуліту (для прарастання), які забяспечвае дастатковую вільготнасць. Тэмпература субстрату ў перыяд прарастання павінна быць 18—21 °С.

Усходы з’явяцца праз 2—3 тыдні. Пасля гэтага перыяду тэмпературу трэба паступова зніжаць да 16—18°С. Яшчэ праз 4 тыдні рассаду пікіруюць у паддоны большага памеру, яшчэ праз 6—8 тыдняў іх можна высадж­ваць у гаршкі.

Дзяленне куста. Пасля трох гадоў ліятрыс пачынае цвісці горш, і ў такім выпадку добра падзяліць куст і перасадзіць. Расліны хутка растуць, ствараючы прыгожыя кусцікі. Калі стаіць мэта культываваць гатункі ліятрыса, трэба падзяліць клубневыя карані. Гэта гарантуе, што новыя саджанцы атрымаюць аналагічныя дэкаратыўныя ўласцівасці, што і матчына расліна, і будуць цвісці нашмат хутчэй, чым саджанцы, якія размножваюцца з насення. Клубні дзеляц­ь вясной — з сакавіка па май. У кожнага са­джанца павінен быць клубень з некалькімі здаровымі пупышкамі. Першапачаткова расліну можна вырошчваць у гаршках, а ў адкрыты грунт перасаджвац­ь ужо ў красавіку. З восені добра відаць выпуклыя чырвоныя вочкі, таму лёгка вызначыць, што аддзяляць. Можна падзяліць ліятрыс 2 спосабамі: аддзяліць асобныя цыбуліны — так атрымаецца больш новых раслін, якія праслужаць даўжэй без па­дзелу, але пройдзе час, перш чым вырасце прыстойны куст; падзяліць усё карэнішча лапатай — на падзеленым кавалку застанецца некалькі цыбулін, таму патрэбны эфект будзе атрыманы хутчэй. Да таго ж, вялікае карэнішча здольна лепш супрацьстаяць нападам палёвак.

Ліятрысы, пасаджаныя невялікімі, аднароднымі групамі, глядзяцца эфектна. Выбіраючы спосаб дзялення, варта ведаць: пры дзяленні злучаных клубняў на часткі, абавязкова адпадаюць асобныя цыбуліны, і іх таксама можна высаджваць. Клубні садзяць на глыбіню 10—12 см з інтэрвалам каля 20 см. Увесну можна купіць асобныя клубні ў садовых магазінах, супермаркетах. Яны не надта схільныя да высыхання, таму абавязкова ўзыдуць і, хутчэй за ўсё, зацвітуць у бягучым годзе, але пры ўмове, што яны не леташнія.

Важна! Да пасадкі прыдатныя толькі клубні бягучага года. Пры пасадцы ў гаршкі іх памер выбіраюць наступным чынам: па адным — у гаршкі дыяметрам 12—15 см; па 2—3 клубні — у гаршкі аб’ёмам 3—5 літраў.

Прымяненне ў ландшафтным дызайне

Ліятрыс добра глядзіцца на рабатках, у натуралістычных і экзатычных пасадках (з-за іх цікавай формы). Нізкія гатункі можна вырошчваць у кантэйнерах, альпінарыях. Гэта выдатная кветка для пасадкі побач з цаглянымі сценамі. Кветкі выдатна гля­дзяцца ў букетах і вазах (не вянуць 2 тыдні), выкарыстоўваюцца ў фларыстыцы для сухіх букетаў. На шматгадовых клумбах ліятрыс складзе выразны вертыкальны акцэнт. Ён не займае шмат месца, што робіць яго прыдатным для невялікіх садоў. У кампазіцыі прыгожа глядзіцца ў кампаніі з шыпшынай, лавандай, ружамі, званочкамі, патагонскай вербенай, травамі. Выдатна глядзіцца ў непасрэднай блізкасці да цвітучых мнагалетніх і раслін з дэкаратыўным лісцем — палыном, лілейнікамі, флёксамі.

Акрамя бясспрэчных дэкаратыўных якасцей, ліятрыс з’яўляецца меданоснай раслінай. Пчолы, чмялі і матылі наведваюць яго вельмі ахвотна. Калі мы хочам мець сад, напоўнены гулкім жыццём, трэба саджаць меданосныя расліны.

Шкоднікі і хваробы

Ліятрыс адрозніваецца ўстойлівасцю да хвароб. Да небяспечных насякомых, якія могуць пашкодзіць культуру, належаць мядз­ведкі і слімакі. Каб справіцца з імі, раяць прымяняць народны спосаб.

Для гэтага рэкамендуецца ўзяць бутэльку і напоўніць яе 100 мл піва. Затым укапаць яе ў зямлю пад вуглом у 45 градусаў. У выніку рыльца павінна апынуцца на некалькі сантыметраў ніжэй за грунт — у невялікім паглыбленні.

Водар піва прыцягне шкоднікаў, і яны трапяць у пастку. Адзіная цяжкасць гэтага метаду заключаецца ў неабходнасці пастаяннай замены піва ў прынадзе.

Пераўвільгатненне глебы прыводзіць да гніення культуры. У такім выпадку ўсе гнілыя ўчасткі варта зразаць, пасля чаго апрацоўваць культуру фунгіцыдам. Пры блізкім заляганні грунтавых вод або неадпаведным складзе глебы варта змяніць участак для расліны.

Ліятрыс трэба абараняць ад грызуноў, якія ядуць яго клубневыя карані, таму варта саджаць расліны ў спецыяльныя кошыкі. Самы вялікі вораг расліны — мышы-палёўкі. Часам ліятрысы заражаюцца грыбковымі захворваннямі. Калі гэтыя асобныя расліны раскіданы па садзе, хваробы здараюцца не часта. Старыя кусты занадта шчыльныя — яны больш успрымальныя да грыбкоў. Таму варта дзяліць ліятрыс кожныя некалькі гадоў. Тым больш што ў старых кустах суквецці не стаяць ідэальна вертыкальна, а выгінаюцца.

Падрыхтавала Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.